Пра гэта паведаміў карэспандэнту "К" прарэктар па інавацыйнай дзейнасці і мастацкай творчасці БДУКіМ, старшыня мастацкага савета фэсту Канстанцін Рэмішэўскі.
- Кожны год савет ацэньвае канцэрты калектываў і выканаўцаў розных кафедр БДУКіМ,- дадае ён. - А гала-канцэрт гэтым разам аб'яднае лепшых творцаў адной тэмай, звязанай з нашай старадаўняй культурай і нацыянальнай спадчынай, якая гучыць як "Беларусь - краіна замкаў". Галоўны ж сэнс фестывалю ў тым, каб студэнты прайшлі на сцэне прафесійную школу...
Паводле папярэдняй праграмы, у свяце прымуць удзел лаўрэаты міжнародных конкурсаў і фестываляў: Беларускі народны аркестр "Светач", Маладзёжны эстрадна-сімфанічны аркестр, Капэла беларускіх духавых інструментаў імя У.Грома "Гуды", вакальна-харэаграфічны ансамбль імя У.Грома "Гуды", Ансамбль кафедры харэаграфіі, Ганна Благава, Інга Кісялёва ды іншыя артысты і калектывы.
Заключны канцэрт адбудзецца ў Белдзяржфілармоніі, і гледачы адчуюць атмасферу свята яшчэ ў фае. Тут будуць знаходзіцца артысты ў стылізаваных касцюмах, у якіх кожны ахвотны зможа купіць спецыяльную манету - "добры грош". Сродкі ад продажу такіх "грошаў" пойдуць на рэканструкцыю галоўнай вежы Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля. А гледачы канцэрта набудуць пры дапамозе манеты керамічныя вырабы з выявамі гістарычных асоб XVI - XVIII стагоддзяў. Выстаўка-продаж гэтых вырабаў адбудзецца тут жа. Таксама будзе магчымасць зрабіць імгненнае фота з "гістарычнымі персанажамі", якіх прадставяць студэнты.
Рэдакцыя газеты "Культура" выказвае ўдзячнасць за дапамогу ў арганізацыі фотаздымак Нясвіжскага замка намесніку старшыні Нясвіжскага райвыканкама Міхаілу Афанасіку, дырэктару "Нясвіжскага зеленбуда" Юрыю Козічу. Здымкі адбываліся з аўтавышак ЗІЛ-ПАРТ-28 і ЗІЛ-ВС-22, якімі кіравалі машыністы Віталь Рымашэўскі і Дзяніс Драбязка.