“Зверыць гадзіннікі” паводле музеяў

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Сёлета Дзень музеяў і Ноч музеяў мелі ў Беларусі як ніколі шырокі размах. Мерапрыемствы адбываліся цягам усяго тыдня — ад суботы да суботы. Сёння ж марафон завяршае Гродзеншчына. Акурат у Міжнародны дзень музеяў — 18 мая — імпрэзу ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.

/i/content/pi/cult/323/5793/3-5.jpg

 Уласна да Дня музеяў прымеркавалі свае праграмы Музей гісторыі горада Мінска (выстаўкі "Мастакі Сярэбранага стагоддзя", "Горад і людзі", "Японскі фарфор XVII - пачатку XX стст.", "Вітрына гарадскога жыцця", а таксама байк-шоу), Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (адкрыццё экспазіцый карыкатуры, жывапісу і фота), Музей Уладзіміра Мулявіна (імпрэза, прысвечаная праграме ансамбля "Песняры" паводле вершаў Уладзіміра Маякоўскага "На ўвесь голас!"). Здзіўлялі сваіх наведвальнікаў і раённыя ўстановы па ўсёй рэспубліцы.

А своеасаблівы "клічнік" сёлетняга прафесійнага свята музейшчыкаў паставіла Міжнародная канферэнцыя "Культурная спадчына і інфармацыйныя тэхналогіі АДІТ-15", у якой прынялі ўдзел спецыялісты амаль са 100 музеяў - каля 250 чалавек з дзевяці краін./i/content/pi/cult/323/5793/3-4.jpg

На закрыцці канферэнцыі выступіў міністр культуры Беларусі Павел Латушка, які адзначыў важнасць гэтага аўтарытэтнага форуму для нашай краіны: "Нашы спецыялісты сёння мелі магчымасць устанавіць кантакты з калегамі з іншых краін, пазнаёміцца з еўрапейскімі праектамі, мультымедыйнымі экспазіцыямі і мультымедыя ў выстаўках, падзяліцца вопытам выкарыстання аўтаматызаваных сістэм у развіцці музеяў. Вельмі важна, што адбыліся практычныя заняткі, майстар-класы, конкурсная праграма і Музейны камп'ютарны фестываль. Упэўнены, наша супрацоўніцтва стане асновай прынцыпова новых адкрыццяў і сумесных праектаў у прафесійнай сферы...".

 Пра тое, што форум, які адбыўся ў Мінску, адкрывае шырокія магчымасці для павышэння прафесійнага ўзроўню ў галіне музейнай справы і інавацыйных тэхналогій, казалі і шматлікія прадстаўнікі айчынных устаноў.

 - Вельмі добра, што мы, прадстаўнікі рэгіянальных музеяў, змаглі паўдзельнічаць у гэтай канферэнцыі, паслухаць і ўбачыць на свае вочы, у якім кірунку развіваецца музейная справа ў іншых краінах, - заўважыла ў гутарцы з карэспандэнтам "К" дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава Алена Бабенка. - Бо гэта сапраўдная магчымасць "зверыць гадзіннікі", убачыць увасабленне найноўшых інфармацыйных тэхналогій у музейных установах і тую "планку", вышыню, да якой трэба імкнуцца ў сваім развіцці.

/i/content/pi/cult/323/5793/3-3.jpg- Шмат вынесла для сябе пасля гэтай канферэнцыі, - адзначыла таксама і галоўны захавальнік фондаў Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава Аксана Крупенка. - Гэта датычыцца і падыходаў да стварэння прэзентацый, сайтаў, і ўкаранення мультымедыйных тэхналогій у музейнай дзейнасці... Цяпер, натуральна, будзем выкарыстоўваць усе атрыманыя веды ў сваёй рабоце. Тым больш, на ўкараненне новых інфармацыйных тэхналогій у музеях скіравана і Дзяржпраграма "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады.

- Мы выступілі з прэзентацыяй свайго музея, паказалі свае напрацоўкі, а яшчэ дамовіліся аб сумесных праектах і ўжо напрыканцы бягучага года павязём сваю выстаўку ў Маскву, - распавяла "К" дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь Зінаіда Кучар. - Таму падобныя канферэнцыі для нас вельмі важныя. А асабліва прыемна было даведацца, што беларускія музеі знаходзяцца не на апошнім месцы па развіцці і ўкараненні інфармацыйных тэхналогій, па ўзроўні распрацаванасці заканадаўчай і нарматыўнай базы, хаця, зразумела, нам трэба яшчэ шмат працаваць у азначаных кірунках.

Фота Юрыя ІВАНОВА