Усе дарогі вядуць у дзяцінства

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Сярод славутых імёнаў Шклоўшчыны — народны артыст Беларусі, кампазітар Васіль РАІНЧЫК. Сёння ён вядомы ўжо не толькі сваімі песнямі, але і шырокамаштабнай арганізацыйнай і прадзюсерскай дзейнасцю: узначальвае Маладзёжны тэатр эстрады, займаецца падрыхтоўкай прадстаўнікоў Беларусі да “Еўрабачання” — дарослага і дзіцячага, уваходзіць у безліч журы і разнастайных камісій. А яшчэ — не стамляецца аднаўляць ансамблі “Верасы” і “Верасяты”. Паказальна, што самы першы публічны канцэрт адноўленых сёлета “Верасоў” адбыўся менавіта ў Шклове. З гэтым горадам у Васіля Пятровіча ўвогуле звязана шмат прыемных, незабыўных успамінаў.

 /i/content/pi/cult/127/579/Rainchik.jpg
— Васіль Пятровіч, да нядаўняга часу я была цалкам упэўнена, што вы родам са Шклова.
І толькі зусім нядаўна высветліла, што на самой справе вы нарадзіліся ў вёсцы.
— Так, у вёсцы Чарапы Шклоўскага раёна. А ў самім Шклове жыў з пяці да чатырнаццаці гадоў. Таму можна без усялякага перабольшвання сказаць, што менавіта ў гэтым горадзе пачалося маё свядомае жыццё, там я сфарміраваўся як чалавек і як будучы творца, там узніклі мае першыя свядомыя музычныя ўражанні (падкрэслю, свядомыя, бо народныя песні былі побач, ахіналі мяне з самага нараджэння). Нарэшце, у Шклове я атрымаў першапачатковую музычную адукацыю — скончыў дзіцячую музычную школу. Між іншым, па класе баяна, і любоў да гэтага інструмента захавалася ў мяне да цяперашняга часу.
— Успамінамі пра школу падзеліцеся?
— А як жа! Тым больш, што мяне туды браць спачатку не хацелі.
— ?!
— Тады ў Шклове якраз школу музычную адкрылі, і ўсе кінуліся туды паступаць. Гэта ж было так прэстыжна! Павялі і мяне туды: маўляў, чым наш сын горшы за іншых? Але ў школу мяне… не ўзялі. “У сувязі з абсалютнай адсутнасцю слыху і музычных даных”: маўляў, толькі рытм добры, а ўсяго астатняга наўпрост няма. Я гэта перажываў куды менш за бацьку, бо ён ужо і баян мне прыдбаў. А як у школу мяне не ўзялі, дык ён пайшоў туды ды кажа: “Забірайце тады баян, ён нам не патрэбны”. Яму гавораць: “Давайце мы яшчэ раз паглядзім вашае дзіця”. На тым і дамовіліся. І высветлілася, што ў мяне — выключны слых! Памятаю, потым настаўнікі, ведаючы мае здольнасці, вадзілі мяне па класах і грукалі па батарэях.
— Звычайна суседзі па батарэях грукаюць, каб музыканты цішэй ігралі. Ці гэта ў вас так сантэхніку правяралі?
— Ды не, дзеля жарту: яны грукалі, а я адгадваў, якая гэта нота.
— Фенаменальна!
— Цікавы выпадак быў таксама, калі першыя музычныя дыктанты мы пачалі пісаць. Адзін раз той дыктант сыгралі — я адразу і запісаў усё нотамі. Мне нават не паверылі, пытаюцца: “Ты ведаў гэтую музыку раней?” —”Не”. Проста я заўсёды ўсё чую — кожную ноту ў любым спалучэнні, у любым аркестравым гучанні. Таму звычайна не езджу, як іншыя, пад музыку на машыне. Для мяне гэта вельмі складана: калі гучыць музыка, я бачу, быццам на экране, усе ноты, і гэта адцягвае ўвагу ад дарогі.
— Наколькі я зразумела, для вас усе дарогі вядуць у Шклоў. Дарэчы, якім ён запомніўся вам у гады вашага дзяцінства?
— Зараз Шклоў шмат у чым стаў сімвалам малых гарадоў Беларусі, нават у нечым модным. А раней, здаралася, няёмка было прызнавацца, што ты са Шклова. Я добра памятаю, як прыехаў у Магілёў, паступіў у музычнае вучылішча, і як аднакурснікі мяне дражнілі: а-а-а, шкловец. Бо Шклоў тады лічыўся глухой правінцыяй.
— Можа, у ім сапраўды на тыя часы нічога не было?
— Ну, чаму так адразу ўжо і “нічога”? Быў Дом культуры, была дзіцячая музычная школа. А якія там былі выкладчыкі! У гэтым, мабыць, і ёсць таямніца навучання. Калі ты паважаеш выкладчыка, калі ты яго любіш, дык без аніякіх спецыяльных педагагічных прыёмаў пераймаеш яго светапогляд. Па-другое, пачынаеш сам прыкладаць шмат намаганняў, каб засвоіць усё, чым валодае твой настаўнік. І гэта самае галоўнае, бо калі ты не хочаш вучыцца, дык і не возьмеш тыя веды і навыкі, што табе прапануюць. Асабліва ў музыцы, дзе без асабістай працы ніколі нічога не дасягнеш. Таму і запомніўся мне Шклоў найперш апантанымі людзьмі, улюбёнымі ў сваю прафесію. Той жа Міхаіл Рыўкін вёў у нас народны аркестр. І як вёў! Здараецца, музыканты не вельмі любяць аркестравае музіцыраванне, хтосьці бачыць сябе выключна салістам, ігру ж у аркестры лічыць адно марнаваннем часу. А для ўсіх нас гэта быў адзін з самых цікавых заняткаў!Што ж да баяна, які тады быў маёй спецыяльнасцю, дык яго выкладаў Віталь Бабчанка — выдатны віртуоз, улюбёны ў свой інструмент настолькі, што гэта не магло не перадавацца яго вучням. Уяўляеце? Я і дагэтуль баян не закінуў — калі трэба, магу ў рукі ўзяць і “ўзгадаць маладосць”. І гэта пры тым, што пазней, у Магілёўскім музычным, я зацікавіўся джазам, пачаў джаз на фартэпіяна іграць, а пасля трэцяга курса і ўвогуле перавёўся з баяна на фартэпіяна. Баяністы мне гэтага не даравалі, я ў музычным вучылішчы так і не давучыўся. І ўжо потым у Мінску, у спецыялізаванай музычнай школе пры кансерваторыі, трапіў у клас да знакамітай Ірыны Цвятаевай, што і вызначыла канчаткова маю будучыню.
— Дык ігрой на фартэпіяна вы зацікавіліся толькі ў вучылішчы?
— Не, зноў-такі— у Шклове. У дзіцячай музычнай школе фартэпіяна ў мяне выкладала Ірына Жураўская. І хаця гэта быў усяго толькі дадатковы інструмент, на якім я вучыўся, яна змагла прывіць да яго такую любоў, што з цягам часу ён стаў для мяне асноўным. Я і кансерваторыю спачатку заканчваў як піяніст, а ўжо потым як кампазітар. Іграў у фартэпіянным дуэце з Ігарам Паліводам, дый у “Верасах” быў заўсёды на клавішных. А пачалося ўсё, падкрэслю, са Шклова.Дарэчы, там я ўпершыню пазнаёміўся і з кнігай вядомага майстра, прафесара Маскоўскай кансерваторыі Генрыха Нейгауза “Пра мастацтва фартэпіяннай ігры”. Сёння гэтую працу ўсе добра ведаюць, а тады яна толькі-толькі выйшла з друку, лічылася амаль рарытэтам — і, калі ласка, была абсалютна даступнай у Шклоўскай раённай бібліятэцы. Дык дзе ж, прабачце, правінцыя?Яшчэ, лічу, вельмі важна, што менавіта там, у Шклове, я атрымаў першыя ўрокі гістарычнага мыслення і патрыятызму.
— Ну, патрыятызм усім яшчэ з дзяцінства прывіваюць, дый гісторыю ў кожнай школе выкладаюць.
— Тут крыху іншае. Я добра памятаю, што яшчэ ў тыя часы, калі многія старонкі беларускай даўніны замоўчваліся, калі не было прынята шырока гаварыць пра прыватнаўласніцкія тэатры на Беларусі ў ХVІІІ стагоддзі, мы, шклоўцы, пра ўсё гэта добра ведалі. Так, будынак тагачаснага опернага тэатра не захаваўся, ад былой велічы маёнткаў Сямёна Зорыча не засталося і следу, але кожнае шклоўскае дзіця ведала, што жыве на зямлі знаных продкаў — тых таленавітых прыгонных артыстаў, што тут працавалі. Мы адчувалі сябе пераемнікамі ўсіх тых, хто жыў тут да нас, і гэта было вельмі важна для выхавання. Таму, мабыць, і сёння я не забываю завітваць у гэты папраўдзе родны для мяне горад. І новы склад ансамбля “Верасы” павёз з першым канцэртам менавіта туды.
Васіль Пятровіч перасаджваецца да камп’ютэра і пачынае “гартаць” здымкі,
 /i/content/pi/cult/127/579/Rainchik2.jpg
зробленыя ля Мірскага замка падчас здымак праекта АНТ, потым — у Шклове і літаральна праз некалькі дзён на “Славянскім базары ў Віцебску” — такім быў першы гастрольны маршрут адноўленага ансамбля з праграмай “Залатыя песні “Верасоў”.
— Мабыць, да новага складу яшчэ не ўсе прызвычаіліся?
— Новае пакаленне першы склад і не памятае, а ў савецкія гады, не хлушу, такую славу мелі хіба касманаўты.У “Верасах” усё трымалася на шматгуччы і такце — такце як у музычным, так і ў агульначалавечым сэнсе. Таму ўсе артысты, хто прайшоў праз “Верасы”, узгадваюць тыя гады з радасцю і непрыхаваным гонарам. І кожны лічыць, што менавіта ў тым складзе, у якім ён працаваў, і былі адзіна сапраўдныя “Верасы”. Ці ж гэта не паказчык? Новыя “Верасы” ўжо таксама палюбіліся публіцы. Шклоў быў для іх лакмусавай паперкай: праявіцца ці не?
— Таму і сфатаграфавалі вы іх на фоне Шклоўскай папяровай фабрыкі?
— Славутае прадпрыемства! Тут яно добра відаць. А жартуеце дарма. Бо месца гэтае таксама шмат чым гістарычнае. Калі я ў школе вучыўся, у нас была туды экскурсія, і першае, чым я быў уражаны, — гэта вялізным чанам, дзе варылася папера. А на тым месцы, дзе стаяць “Верасы”, я, можна сказаць, правёў сваё дзяцінства. Фабрыка была пабудавана на беразе Дняпра: на адным баку — вытворчыя памяшканні, а на другім (тут гэткая высокая стромая гара — яе чамусьці называюць Лысай) мы купаліся, рыбачылі. Зараз гэтыя мясціны добраўпарадкаваны, “акультураны” — прыгажосць, дый толькі! Праводзяцца там канцэрты, сустрэчы з выпускнікамі. Вось і новыя “Верасы” акурат тут выступалі. А колькі ўвогуле ў Шклове такіх прыгожых мясцін!Кожная — са сваёй гісторыяй. І не толькі ў Шклове. Бо кожны горад, мястэчка ці вёска Беларусі могуць і павінны ганарыцца сваім мінулым і цяперашнім — а гэта значыць, тымі людзьмі, якія і склалі іх славутую гісторыю.

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ