Ёсць білеты на “Славянскі базар...”!

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

На юбілейным, XX Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, 10 ліпеня адбудзецца Дзень моладзі. Як паведамілі ў Цэнтры культуры “Віцебск”, цяпер рыхтуецца яго праграма.

 

А гэтымі днямі жыхары краіны актыўна набываюць білеты на канцэрты фэсту. Упершыню яны атрымалі магчымасць забраніраваць іх у Сеціве, і, па словах касіраў Канцэртнай залы "Віцебск", публіка ахвотна карыстаецца магчымасцю: "Людзі вельмі задаволены такім зручным спосабам продажу".

 Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца білеты на канцэрт урачыстага адкрыцця фестывалю, што адбудзецца 8 ліпеня. За лепшыя месцы ў віцебскім Амфітэатры гледачы аддаюць 400 - 450 тысяч рублёў, самыя ж танныя абыходзяцца ў 160 тысяч. Таксама публіка жадае трапіць на сольныя канцэрты вядомых артыстаў, такіх, як Валерый Меладзэ, Алена Ваенга ды іншых...

 Акрамя інтэрнэт-рэсурсу, які прапануе зручны варыянт пакупкі і дастаўкі білетаў не толькі для віцябчан, але і для іншагародняй публікі, у горадзе працуюць пяць кас. Каб трапіць на цікавыя канцэрты, варта паспяшацца!