Серэнада для Арменіі

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Заўтра завершацца Дні культуры Беларусі ў Арменіі.

 

З якімі пачуццямі будуць вяртацца нашы майстры мастацтваў? Бо наша краіна прадстаўляе там і кінастужкі розных жанраў, і выстаўку карцін ды ювелірных упрыгожанняў з эмалі, і выстаўку-кірмаш народных рамёстваў. Але самую гучную рэакцыю заўсёды выклікаюць канцэртныя выступленні.

- Нашы артысты, - расказала памочнік кіраўніка Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Сняжана Цімчык, якая ўдзельнічала ў складанні праграмы, - даюць там тры гала-канцэрты. 20 мая - урачыстае адкрыццё ў Нацыянальным тэатры оперы і балета Арменіі. 21-га - у горадзе Гюмры, а 22-га- у Армавіры. Рыхтуючыся да паездкі, дбалі пра тое, каб не толькі як мага больш прадстаўніча і разнастайна прэзентаваць нашу нацыянальную культуру, але і выказаць пашану да багатых армянскіх традыцый ды творчых дасягненняў. Вакальны гурт "Чысты голас" і акардэаніст Ігар Квашэвіч уключылі ў свой рэпертуар творы Арно Бабаджаняна: песню "Ерэван" і яго інструментальны "Накцюрн".

Але, вядома, большасць нумароў прысвечаны нашай нацыянальнай музычна-харэаграфічнай адметнасці. Мяркуйце самі: у праграме Ансамбля танца - "Карагод", "Віленская полька", лірычныя "Арэлі", завадныя "Вясковыя гульні", "Церніца", "Лянок", папраўдзе брэндавая "Лявоніха", пастаўленая наноў. З дзвюма песнямі выступае салістка ансамбля Валянціна Альшанская. Гурт "Чысты голас", акрамя ўсяго, спявае хіт Ігара Лучанка "Мой родны кут" паводле Якуба Коласа. А лаўрэат безлічы міжнародных конкурсаў Ігар Квашэвіч надзвычай віртуозна сплятае беларускія мелодыі ў вянок папуры. Так што ўражанняў у армянскіх гледачоў і слухачоў будзе багата!