“Апостал” ад спонсара

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Асобнік кнігі “Апостал”, выдадзенай у знакамітай друкарні братоў Мамонічаў у Вільні, днямі быў прадстаўлены шырокай грамадскасці ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/323/5785/2-1.jpgДакладная дата выхаду ў свет асобніка кнігі "Апостал", які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі, на сённяшні дзень невядомая. Даследчыкамі ўстаноўлена, што выданне было ажыццёўлена пасля 1595 года.

Як адзначыў на прэзентацыі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, сёння вельмі важна, што каштоўнасці, якія належаць нашай культуры, вяртаюцца ў Беларусь. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе захаванню памяці пра гістарычныя карані.

Да таго ж, на думку міністра, рэстаўрацыя прадстаўленага сёння ў музеі выдання - добры ўзор супрацоўніцтва ўстановы і аднаго з прыватных банкаў, які мае з'яўляцца добрым прыкладам для іншых камерцыйных структур. Тым больш, як падкрэсліў Павел Латушка, змены ў нашай заканадаўчай базе, што адбываюцца ў апошні час, будуць спрыяць таму, каб бізнесмены, буйныя прадпрыемствы пералічвалі сродкі на пэўныя культурныя праекты.

Трэба адзначыць, што набыты музеем у 2001 годзе асобнік "Апостала" знаходзіўся ў вельмі дрэнным стане: у тым ліку, быў пашкоджаны пераплёт, а некаторыя старонкі кнігі забруджаны і нават парваны. Для якаснага "рамонту" старадаўняй кнігі, па словах рэстаўратара Нацыянальнага гістарычнага музея Андрэя Крапіўкі, спатрэбілася новая тэхніка і сучасныя матэрыялы.

У той жа час, як зазначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Сяргей Вечар, у трэцім пускавым комплексе новага будынка ўстановы будуць размешчаны рэстаўрацыйныя майстэрні. А літаральна праз месяц у музеі будзе прадстаўлены яшчэ адзін экспанат, адрэстаўраваны дзякуючы супрацоўніцтву з прыватнай кампаніяй.