Рарытэт для купалаўскага дома

№ 21 (992) 21.05.2011 - 27.05.2011 г

Як паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні знаходзіўся ў рабочай паездцы па Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях Беларусі.

/i/content/pi/cult/323/5784/2-2.jpgУ цэнтры ўвагі былі пытанні эканомікі. Прэзідэнт завяршыў работу ў рэгіёнах наведваннем аб'ектаў сацыяльна-культурнай сферы на сваёй малой радзіме на мяжы Віцебшчыны і Магілёўшчыны.

Аляксандр Лукашэнка пабываў у Копыскай участковай бальніцы, дзе сустрэўся з персаналам і хворымі, агледзеў абсталяванне ўрачэбных кабінетаў.

Потым Кіраўнік дзяржавы наведаў Мемарыяльны запаведнік Янкі Купалы ў вёсцы Ляўкі. Тут, у маляўнічых мясцінах на беразе Дняпра, знаходзіцца Музей Песняра. Агледзеўшы экспазіцыю, Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей, усклаў кветкі да помніка класіку беларускай літаратуры і падарыў музею ўнікальнае выданне - экзэмпляр драмы Янкі Купалы "Раскiданае гняздо", надрукаваны ў Вільні ў 1919 годзе.

 ■ ■ ■

 Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Мацевасян паведаміла "К", што Кіраўнік дзяржавы з выключнай цікаўнасцю агледзеў і літаратурнадакументальную, і мемарыяльную частку запаведніка ў Ляўках. У яго складзе - не толькі лецішча Песняра, але і былая кантора лясніцтва, домік шафёра, гаспадарчыя пабудовы, гараж, дзе і па сёння захоўваецца "шэўрале" народнага паэта. Ёсць тут і гасцініца, узведзеная ў 1980-х. Сёлета мяркуецца распачаць яе рамонт. Летась у Мінску з дапамогай спонсараў адрэстаўравалі і закансервавалі "шэўрале". У планах - паставіць машыну "на ход".

 Алена Мацевасян запрасіла Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на святкаванні 130-годдзя Янкі Купалы, што адбудуцца налета. Юбілейныя ўрачыстасці пройдуць ва ўсіх чатырох філіялах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: у Вязынцы, Яхімоўшчыне, Акопах і Ляўках.