У рэчышчы гэтых прац вылучаецца другі том фундаментальнага выдання "Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі", прысвечаны эпохам Протарэнесанса і Адраджэння, які нядаўна пабачыў свет у выдавецтве "Беларуская навука". Кніга прадоўжыла серыю работ, прысвечаных станаўленню і развіццю філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі. Яе змест прысвечаны працэсам развіцця самасвядомасці нашага народа цягам толькі аднаго стагоддзя - з сярэдзіны XV да сярэдзіны XVI-га. Але менавіта ў гэты перыяд Вялікае Княства Літоўскае стала агульнапрызнанай еўрапейскай дзяржавай, у культуры якой увасобіліся разнастайныя асаблівасці духоўнага жыцця кантынента. Як адзначае адзін з аўтараў выдання, кандыдат філасофскіх навук Валерый Евароўскі, тагачаснае інтэлектуальнае развіццё Усходняй Еўропы аказала значны ўплыў на далейшы лёс усіх нацый рэгіёна.
Асаблівая ўвага айчынных даследчыкаў у кнізе надаецца дэталёвай характарыстыцы такіх культурных і інтэлектуальных плыняў, як гуманізм, антрапацэнтрызм, а таксама змене ўяўленняў пра прастору і час, складанню новых этычных і эстэтычных сістэм.
Да таго ж, сярод пытанняў, асветленых у выданні, адлюстравана звычаёвая сістэма тагачаснага грамадства, духоўныя перадумовы беларускага Адраджэння. Асобны раздзел кнігі прысвечаны гуманістычнай парадыгме творчасці Францыска Скарыны.