Народная асвета” — для тых, хто вучыць і вучыцца

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Профіль дзейнасці выдавецтва “Народная асвета” — вучэбныя выданні для агульнаадукацыйных і спецыяльных школ, што з’яўляецца традыцыяй з часу яго заснавання — 1951 года. Штогод на айчынны рынак з яе рэдакцыі выходзіць каля 200 найменняў нацыянальных падручнікаў, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, даведачнай, навукова-папулярнай, мастацкай літаратуры на беларускай, рускай, польскай мовах.

 /i/content/pi/cult/127/578/Narodnaja asveta.jpg
Пяць гадоў таму выдавецтва наладзіла выпуск дапаможнікаў для невідушчых дзяцей па ўсіх прадметах, а таксама кніжную серыю
“Школьная бібліятэка” шрыфтам Брайля. Таксама ўпершыню ў рэспубліцы выдавецтва пачало выпускаць гэтую літаратуру з рэльефнымі малюнкамі на полістыроле. Сёлета на нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” выданне “Народнай асветы” атрымала ўзнагароду як лепшы падручнік. Ім стала “Геаграфія Беларусі” для 10 класа, да якой тыражом 5,3 тыс. экзэмпляраў выдавецтва на ўласныя сродкі выпусціла кампакт-дыскі, якія ўкладаюцца ў кнігі, з дадатковым матэрыялам. Акрамя таго, 7 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў адзначаны дыпломамі конкурсу ІІ і ІІІ ступеняў.
— Натуральна, нашае выдавецтва займаецца не толькі падручнікамі, — кажа Ларыса МІНЬКО, дырэктар “Народнай асветы”. — Напрыклад, для малодшых школьнікаў мы падрыхтавалі навукова-папулярную кнігу аўтараў Г.Трафімавай і С.Трафімава “Бярозавы алфавіт” з серыі “Аповесці Дзеда Прыродаведа”. Прэзентацыя гэтага выдання — пілотнага выпуска серыі — адбудзецца на Дні беларускага пісьменства ў Шклове. Па традыцыі, мы пакажам на свяце ўсе новыя кнігі, якія выпусцілі сёлета, — гэта добрыя паўтары сотні найменняў. У прэзентацыях навінак будуць задзейнічаны мясцовыя школьнікі, што для нас ужо стала традыцыяй. Акрамя гэтага, як заўсёды, пройдуць віктарыны па прадметах, падрыхтаваныя нашымі рэдактарамі і аўтарамі падручнікаў, конкурсы, розыгрышы. Удзельнікаў мерапрыемстваў чакаюць прызы — ручкі, блакноты, кепкі з лагатыпам выдавецтва.

Святлана ЖУРАЎСКАЯ
Фота аўтара