Дынаміка графікі

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

У мастацкай галерэі “З’ява” Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева днямі завяршылася выстаўка сучаснай айчыннай графікі. Пятнаццаць знакамітых мастакоўграфікаў прадставілі каля сарака твораў, выкананых у розных тэхніках: афорт, літаграфія, акварэль…

/i/content/pi/cult/322/5763/7-3.jpgБарысаў упершыню прымаў такую прадстаўнічую экспазіцыю сучаснага графічнага мастацтва. Так, побач з творамі знаных майстроў станковай графікі барысаўчане пазнаёміліся з творчасцю таленавітай моладзі, якая адметна заяўляе аб сабе ў мастацкім асяроддзі.

Сучасная графічная школа цягам ужо некалькіх дзесяцігоддзяў займае вядучыя пазіцыі ў беларускім мастацтве ўвогуле. А некаторыя аўтары падаюць прыклад еўрапейскага ўзроўню гэтага віду мастацтва. Адметнасцю экспазіцыі з'явілася адсутнасць строгага фармату і свабода ў выбары тэматычнага матэрыялу і абраных тэхнік.

Творы П.Татарнікава, А.Зінкевіча, У.Даўгялы, Ю.Алісевіча, І.Гардзіёнка адлюстроўваюць сцвярджэнне нацыянальных каштоўнасцей і выбітнае стаўленне да нашай спадчыны ў сучасным беларускім мастацтве. Накірунак творчай думкі Л.Алімава, Ю.Якавенкі, В.Славука, глыбіня іх светаўспрымання, адметны мастацкі густ вядуць гледача да свядомага асэнсавання мастацкай прасторы.

Няспынны пошук мастацкай формы адлюстравання асабістага сусвету робіць мастакоў Ю.Хілько і А.Савіча філосафамі./i/content/pi/cult/322/5763/7-4.jpg

Манументальныя па форме і пачуццёвыя па змесце літаграфіі А.Шапо вабяць сваёй загадкавай таямнічасцю. Яскравым і дэкаратыўным, арыгінальным паводле мастацкай задумы з'яўляецца калаж Д.Скварцова.

Далікатна ў адносна "мужчынскай" плыні мастацтва на гэтай імпрэзе прадстаўлены разнастайныя - дынамічныя, сімвалічныя, сканцэнтраваныя, але безумоўна гарманічныя - графічныя аркушы мастачак Т.Сіплевіч, К.Харанека, Т.Шэлест, Л.Пастушэнка.

"Мастак-ілюстратар" - "кніга" - "бібліятэка" - "графіка" - "чытач-глядач"... На выстаўцы гэтыя словы сталі ў ланцужку да спазнання мастацкай з'явы.

Таццяна КІРЫЛАВА, мастацтвазнаўца Мастацкай галерэі "З'ява" Барысаўскай цэнтральнай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева