Спрадвеку стаяў на Дняпры...

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

“Белвідэацэнтр” таксама падрыхтаваў свой падарунак да сёлетняга Дня пісьменства — новы відэафільм “Шклоў. Пагаворым па душах”. І мы проста не маглі абмінуць гэты факт і не пагаварыць “па душах” пра сам горад, пра фільм і пра ўражанні ад працы над ім з аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам фільма Аляксандрам АНІСІМАВЫМ.

/i/content/pi/cult/127/576/Anisimau.jpg 
 Аляксандр Анісімаў з сынам Цімафеем.

— Аляксандр, як і калі ўзнікла ідэя стварэння фільма пра Шклоў?
— Фільм гэты мы здымалі ў серыі “Малыя гарады Беларусі”. Ідэя не толькі гэтага фільма, але і ўсёй серыі — аб’ехаць рэгіёны, пабываць у невялікіх гарадах-мястэчках і расказаць, як жывуць там гэтак званыя простыя людзі.
— І якое ўражанне зрабілі на вас простыя людзі Шклоўшчыны, іх жыццё?
— Мне спадабалася, што пасля “Дажынак — 2000”, якія праходзілі ў Шклове, горад насамрэч стаў выглядаць добра — па-сучаснаму. Прайшло ўжо сем гадоў, а знешні выгляд яго мяняецца толькі ў лепшы бок.Наш першы прыезд у Шклоў прыйшоўся на самы пачатак вясны — толькі-толькі сышоў снег. А на вуліцах мы бачылі ўжо падрыхтаваныя кветнікі, гатовыя “прыняць” веснавыя кветкі. І прыемна, што ўсё гэта было зроблена не па дырэктыве, а таму, што людзі любяць свой горад і шчыра жадаюць, каб ён быў прыгожы, прывабны, утульны і для сваіх жыхароў, і для гасцей.
— Раскажыце колькі слоў пра фільм, яго канцэпцыю.
— Мы паспрабавалі з’яднаць у фільме гістарычную інфармацыю пра Шклоў і яго сучаснае аблічча, зрабіць своеасаблівы “збег часу”. З аператарам Міхаілам Бродскім здымалі горад у розныя поры года: вясной, летам, восенню. Таму што, як я казаў ужо, хацелі паказаць сапраўднае, штодзённае жыццё, а не паказны святочны флёр.
— Паводле вашых назіранняў, Шклоўшчына — гэта, так бы мовіць, асобная краіна са сваімі адметнасцямі ці, мажліва, рэгіён, што адлюстроўвае тыповыя і самыя паказальныя бакі беларускай глыбінкі?
— Мяркуйце самі. Рэгіён гэты мае багатую і слаўную гісторыю. Шклоў спрадвеку стаяў на Дняпры, на знакамітым шляху “з варагаў у грэкі”, і ў свой час быў 7-ым па велічыні горадам на тэрыторыі, якую сёння займае сучасная Беларусь. Тут заўсёды жылі побач людзі самых розных нацыянальнасцей і веравызнанняў, і ніколі між імі не ўзнікала аніякіх міжнацыянальных ці міжканфесійных спрэчак.
— Адкуль вы, як аўтар сцэнарыя фільма, чэрпалі інфармацыю, у прыватнасці, гістарычную, пра Шклоў?
— Я перагарнуў мноства крыніц — балазе, нашы навукоўцы шмат напісалі пра гісторыю гэтых земляў. Шмат што пачэрпнуў з кніжак, навуковых артыкулаў. Да таго ж, мне дапамагалі не толькі сталічныя навукоўцы, а і мясцовыя энтузіясты, улюбёныя ў свой край. А вось падчас мантажу мне было няпроста: фармат фільма не змог бы ўмясціць усю тую інфармацыю, якую мы “накапалі” і адзнялі, — мы мусілі пакінуць толькі самае галоўнае, тое, без чаго, так бы мовіць, партрэт Шклова немагчымы.І яшчэ, натуральна, мы не маглі ў рамках фільма не завітаць у Александрыю — на радзіму нашага Прэзідэнта. Я думаю, што гледачам будзе цікава пабачыць на ўласныя вочы тую вёску, дзе нарадзіўся Аляксандр Рыгоравіч, школу, у якую ён хадзіў, пазнаёміцца з фотаздымкамі тых часоў. Упэўніцца, што ён прайшоў такі ж самы шлях да сталення, як і кожны беларус, і ведае жыццё звыклага беларуса не на словах і не па падручніках.
— А што з цікавага засталося “па-за кадрам”?
— Да прыкладу, гісторыя знакамітага савецкага кінаакцёра Пятра Алейнікава, які нарадзіўся недалёка ад Шклова, у вёсцы Крывель. Ён быў унікальнай асобай і да гэтага часу застаецца ў памяці прыхільнікаў савецкага кіно. Думаецца, ён варты таго, каб пра яго быў зняты асобны фільм. Дарэчы, не так даўно Віталій Вульф па расійскім тэлебачанні прысвяціў яму сваю перадачу “Сярэбраны шар”. Але ж там аніякім чынам не прагучала, што Алейнікаў — беларус...
— Так, край — гэта людзі. І тыя, хто застаецца ў памяці пакаленняў, і тыя, хто жывуць побач з намі, “тут і зараз”.
— Я вельмі задаволены кантактамі са шклоўцамі. За той час, пакуль мы з нашай здымачнай групай працавалі на Шклоўшчыне, мы тут сталі сваімі. Нам дапамагалі і ў аддзеле культуры, які ўзначальвае Галіна Валозіна, і прадстаўнікі мясцовага выканкама, ды і на ўсіх аб’ектах, куды мы прыязджалі са здымачнай тэхнікай, нас сустракалі цёпла, гасцінна, шчыра.І цёплая інтанацыя, якой прасякнута наша стужка, не проста “святочная інтанацыя”. Я, у прыватнасці, насамрэч у захапленні ад таго, як шмат робіцца на Шклоўшчыне для людзей — звычайных працаўнікоў. Я пабачыў і тыя аграгарадкі, у якія “чарга стаіць” з маладых спецыялістаў,— так там усё прадумана для таго, каб чалавек і працаваў годна, і адпачываў адпаведным чынам. А тое свята агурка, на якое ўдалося патрапіць нашай здымачнай групе, — гэта ж было цэлае масавае дзейства! Людзі адчуваюць смак годнага жыцця, стараюцца захаваць, зберагчы яго вакол сябе і сваіх бліжніх. І мы паспрабавалі гэта “схапіць” і адлюстраваць у нашым фільме “Шклоў. Пагаворым па душах”.
 

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА