Нашу дэлегацыю ўзначальвае дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алег Сільвановіч. Павільён прадставіць паліграфічную прадукцыю да апошніх айчынных стужак, каталогі фільмапрадукцыі краіны за апошнія два гады, а таксама карціны і трэйлеры да іх, якія стануць трансліраваць на асобным экране. Удзел у яго працы возьмуць прадстаўнікі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і Пасольства Беларусі ў Францыі.
Рэалізацыя гэтага прэстыжнага для нашай краіны праекта, як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры краіны, будзе спрыяць стварэнню ўмоў для адаптацыі нацыянальнага кінематографа ў міжнародныя рынкавыя механізмы, пашырэнню супрацоўніцтва беларускіх кінематаграфістаў з еўрапейскімі кінапрадзюсарамі, наладжванню кантактаў у галіне кінематаграфіі з мэтай рэалізацыі сумесных кінапраектаў.
Міністэрствам праводзіцца работа, накіраваная на ўнясенне змен у заканадаўчыя акты Беларусі, якія рэгулююць прынцыпы кіравання айчыннай кінасферай і дзяржаўнае фінансаванне падтрымкі нацыянальнага кінематографа, стварэння сістэмы рынкавых механізмаў развіцця кінематографа і прадзюсіравання вытворчасці кіно ў Беларусі. А ўдзел прадстаўнікоў Беларусі ў дадзеным мерапрыемстве дазволіць пераняць і ўлічыць вопыт іншых краін у падыходах да рэформы кінасферы Беларусі.
Гэтымі ж днямі ў мінскім кінатэатры "Перамога" пры падтрымцы Пасольства Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь праходзіць першая частка рэтраспектывы стужак Алена Рэнэ. У яе ўвойдуць кароткаметражныя карціны майстра, а таксама поўнаметражныя "Летась у Марыенбадзе", "Мюрыель, або Час вяртання", "Хірасіма, любоў мая".
На здымку: Палац фестываляў і кангрэсаў на набярэжнай Круазэт, паблізу ад якога і размесціцца беларускі павільён.