Энцыклапедыя энцыклапедыі розніца

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Кнігі, якія выходзяць у выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя”, гэта, натуральна, энцыклапедыі. Але, як можна ўпэўніцца, энцыклапедыя энцыклапедыі — розніца: і па змесце, і па форме. Таму жыхарам, і гасцям Шклова ў Дзень беларускага пісьменства мае сэнс пацікавіцца апошнімі навінкамі выдавецтва, якое ведае, як падаць грунтоўныя веды інтрыгуюча і арыгінальна.

— Свае кнігі мы будзем прадстаўляць гледачу і чытачу не толькі на стэндах выстаўкі, — кажа адказны сакратар выдавецтва Людміла КАЛЕНДА,— але і на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы. Менавіта там мы прэзентуем нашы трэці (дыпламант Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі— 2007”) і чацвёрты тамы шасцітомнай універсальнай энцыклапедыі “Рэспубліка Беларусь”, якую мы яшчэ называем “пашпартам” Беларусі. Па сутнасці, на сёння гэта найновы настольны даведнік па ўсіх галінах гісторыі і сучаснасці краіны: у ім мы пастараемся сабраць як мага больш інфармацыі пра нашу рэспубліку. Першы том, які, дарэчы, важыць 4 кг, — гэта тэматычныя нарысы; у наступных — артыкулы-тэрміны, размешчаныя па алфавіце, якія ахопліваюць усе сферы жыцця Беларусі. Тут і персаналіі, і помнікі архітэктуры, і друк, і падзеі, і ўстановы... Прэзентацыя, спадзяёмся, будзе не банальнай. На галоўнай сцэне яе адкрыюць нашы два супрацоўнікі… з песнямі і музыкай: яны даўно ўжо спяваюць у народным хоры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Для аматараў фальклору будзе цікавая яшчэ адна энцыклапедыя — двухтомнік “Беларускі фальклор”, першае навукова-даведачнае выданне пра духоўную культуру беларусаў. У дзвюх кнігах сабраны артыкулы пра беларускі фальклор: жанры, фальклорныя персанажы, абрады, звычаі, вераванні, калектывы, народныя танцы, даследчыкі. Тамы забяспечаны і максімальнай колькасцю фотаздымкаў. Гэтую энцыклапедыю можна адразу ж пазнаць па арыгінальным афармленні, якога яшчэ не было ў кнігах падобнага тыпу. Маю на ўвазе вялікія і маленькія малюнкі да артыкулаў, якія зрабіў спецыяльна для энцыклапедыі мастак У.Славук.
Цікавую думку — паказаць выявы міфалагічных герояў і атрыбутыку побыту беларусаў праз аўтарскія малюнкі — мастак рэалізаваў бліскуча. Дарэчы, гэты двухтомнік таксама дыпламаваны — на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі— 2007” і на 4-ым Міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі” дзяржаў-удзельніц СНД.Звесткі аб прыродзе, турызме на Беларусі мы сабралі ў дзве таксама выдатныя энцыклапедыі — “Блакітны скарб Беларусі” і “Турысцкая энцыклапедыя Беларусі”. Першая будзе прэзентавана на галоўнай сцэне. Між іншым, яна таксама дыпламант “Мастацтва кнігі — 2007”. Гэта новая энцыклапедыя пра гідралагічныя аб’екты Беларусі — вадасховішчы, азёры, рэчкі, сажалкі, каналы, ручаі. У кнізе змяшчаюцца фрагменты тапаграфічных карт і карт глыбінь, што адрознівае гэтае выданне ад папярэдніх такой жа тэматыкі. Тут жа цікаўныя знойдуць звесткі і пра зоны турадпачынку на водных аб’ектах. Адразу зазначу, што падобнай кнігі, дзе была б змешчана такая інфармацыя, дагэтуль яшчэ не было.
На адной з дзвюх тэматычных пляцовак, якая называецца “Мая родная краіна”, будзе прэзентавацца другая кніга — “Турысцкая энцыклапедыя Беларусі”. Яна расказвае пра санаторыі, турбазы, турыстычныя аб’екты, помнікі архітэктуры, тэатры, музеі і ўсёўсё, што можа зацікавіць чалавека пры выбары маршруту адпачынку. Кніга разлічана не толькі на мясцовых жыхароў, але і на замежных гасцей. Для турыста-навічка гэта будзе таксама патрэбны даведнік, які патлумачыць яму ўсё, з чым ён можа сутыкнуцца падчас сваіх вандровак... І, скажу вам, гэтыя энцыклапедыі ўжо карыстаюцца вялікім попытам.

Святлана ЖУРАЎСКАЯ