Забавы, дзівацтвы і…

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы вясна падарыла гледачам ажно два прэм’ерныя спектаклі: “Слуга двух гаспадароў” Карла Гальдоні ды “Панскія дзівацтвы” Мікалая Някрасава. І ўжо сёння можна сказаць, што кожны з іх знайшоў сваю адметную глядацкую нішу.

/i/content/pi/cult/321/5740/8-4.jpg"Слугу двух гаспадароў" паставіў рэжысёр Цімафей Ільеўскі, вядомы брэсцкай публіцы як прыхільнік працы з класічнай драматургіяй: Гальдоні ў яго паслужным спісе паўстаў пасля Шэкспіра, Дастаеўскага, Чэхава... Яркі, дынамічны спектакль, насычаны танцавальнымі нумарамі і жывымі акцёрскімі спевамі, рэжысёр будуе, зыходзячы з ідэі: галоўным рухавіком не толькі ў гэтай камедыі становішчаў, але і ва ўсім нашым жыцці з'яўляецца Каханне. І з гэткім магутным сцвярджальным "пасылам" у глядзельную залу сваю бліскучую гісторыю разыгрываюць маладыя акцёры тэатра: Таццяна Строк, Аксана Лойдава, Аляксей Шчарбакоў, Ірына Пашэчка, Віктар Піскун, Віталь Варанковіч, Вольга Жук, Багдан Хомік, Генадзь Чурыкаў, Алег Кіргінцаў і іншыя.

А вось "Панскія дзівацтвы", пастаўленыя на Малой сцэне тэатра Аляксандрам Козакам паводле "Восеньскага суму" Мікалая Някрасава, адрасаваны больш сталаму гледачу, які цэніць у спектаклях разважлівасць, глыбокую псіхалагічную прапрацоўку і, безумоўна, майстэрскую падачу аўтарскага тэксту. Гісторыя немаладога памешчыка, які пакутуе ў сваім маёнтку ад манатоннага лайдацтва і з гэтай прычыны кідаецца ў іншыя крайнасці - знясільваючыя (зразумела ж, не яго - навакольных!) забавы і дзівацтвы.

 Перад намі - бліскучы акцёрскі майстар-клас прафесіяналізму і ўмення трымаць гледача ў пастаянным напружанні. Яно і не дзіва: у галоўных ролях у спектаклі заняты зоркі брэсцкага тэатра Канстанцін Перапяліца, Тамара Ляўчук, Сяргей Пяткевіч ды іншыя.

 На здымку: сцэна са спектакля "Панскія дзівацтвы".

Фота Сяргея УКСУСАВА