“Не плачце, дзяўчаткі…”

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Валянціна ЧУДАЕВА, прататып гераіні фільма “А досвіткі тут ціхія…”, былая зенітчыца, у 17 гадоў, распавядае пра вайну і не толькі

 
— Ноччу так балела, што забылася, дзе я. Зноў на фронце?.. Быццам кіпнем, Вольга, ногі абліла… Да слёз! Але праз дні два пайшла, як звычайна, у гандлёвы тэхнікум — расказваць пра вайну. Сяк-так абула туфлі на абцасіках, з цяжкасцю ступаю… Вечар быў прысвечаны памяці Сашы Лягчылава, былога дырэктара тэхнікума. Я 15 гадоў запар выступала перад навучэнкамі, распавядала пра тое, што дзяўчаткі вайны не плачуць…
 /i/content/pi/cult/126/574/Pamyac1.jpg
 Валянціна Паўлаўна Чудаева.
Сустрэлі мяне, абнялі, кажуць: “Ты чаго кульгаеш? Нельга, каб Чудаева кульгала і плакала…”. Падышлі Ядзя Паплаўская і Саша Ціхановіч, таксама паспачувалі… Я тут і разраўлася!

— Мы знаёмы шмат гадоў, але ніколі не бачыла вашых слёз, Валянціна Паўлаўна. Хіба што, калі глядзелі фільм “А досвіткі тут ціхія…”. І то слёзы тыя былі не пра сябе?

— Усю ноч не спала. А раніцай стаю, як дурненькая, у туфліках, як на мыліцах, ну, думаю, зараз павалюся… А побач — незвычайнай прыгажосці палкоўнік! Бывае ж такое? Я самлела… Малады, прыгожы, усміхаецца і кажа: “Трэба яе адрамантаваць! Ды не тут жа… Давайце да мяне ў шпіталь”.

— У франтавы?

— Што ты! У Галоўны ваенны клінічны цэнтр Узброеных Сіл рэспублікі. Я там да гэтага года ніколі не была. Палкоўнік, аказваецца, Святаслаў Фёдаравіч Савіцкі, начальнік шпіталя… “Не была ні разу?” — “Значыць, у франтавы!..”
Мне ўсё роўна: хоць на плашч-палатцы, на снезе, але вяртацца да жыцця. Хоць бы і так. Міністэрства ж абароны — сіла! Якія там слёзы? І я, як былы камандзір гарматы, прамой наводкай — да яго… А Святаслаў Фёдаравіч руку падаў, памог падняцца па лесвіцы, памог паліто павесіць на вешалку. І я спавядалася перад ім, як перад радзімай. Кажа: “Мне гэта за гонар, што ў нас у шпіталі Чудаева лечыцца…”.

— Франтавікоў па-сапраўднаму ўспомнілі толькі дзякуючы пісьменніку Сяргею Сяргеевічу Смірнову і ягонаму “прарыву”, росшукам абаронцаў Брэсцкай крэпасці… Тут падзелу няма — генерал, сяржант, салдат… Усім усё аднолькавае…

— Харчаванне, лячэнне, усё лепшае… Праз некалькі тыдняў туфелькі на абцасіку чакаюць і без болю… Дома села за стол — у шпілечках, а праз пяць хвілін хітранька іх зняла і абула валёначкі… Яны ў мяне пад сталом заўсёды стаяць…
Госці сыходзілі — зноў абула шпілечкі… А як жа? Без слёз…
Трэба патрываць! Разумееш, Волечка, не плач…
Боль — гэта шчасце. Гэта спачуванне. Пахварэеш — будзеш здаровая. Начальнік кардыялагічнага аддзялення Георгій Васільевіч Водчыц — увесь увага. Старшы ардынатар Андрэй Сямёнавіч Руды заўсёды побач… Сястрычкі Галя Кажэўнікава, Наташа Ганчарык, Батаева, Марозава, як там, на перадавой калісьці...

— Ведаю, Валянціна Паўлаўна, што вам толькі што падарылі чатыры фільмы, дзе вы — галоўная гераіня. “А досвіткі тут ціхія…” таксама ёсць?

— Так, падарылі відэаапаратуру, чатыры дакументальныя стужкі — хоць штодзень глядзі, што зразумелі пра цябе кінадакументалісты… “А досвіткі тут ціхія…”, дзякаваць Богу, часта па тэлевізары паказваюць, і я не магу прапусціць.
Цяпер ужо мала хто памятае, што пасля дакументальных фільмаў былі спектаклі… Таганка, Анатолій Эфрос, Парыж… Спектакль пра нас, пра дзяўчатак вайны! Мы з маім мужам Колем сядзелі ў першым радзе. Што там было! Велізарная сцэна, на ёй — вокны, у якія ўстаўлены нашы партрэты, а мой сярод іх першы. Цудоўныя акцёры ігралі нашы жыцці і лёсы… Вось маму маю забіваюць… Вось іду я на фронт у 17 гадоў да зенітак сваіх. Вось паранена сяброўка… Зала апладзіравала стоячы, як быццам проста адсюль дзяўчаткі выпраўляліся на фронт… Парыж быў у захапленні ад нас, мы аб’ехалі са спектаклем і краіну…

— А шпіталь, Валянціна Паўлаўна? Што было там?..

— Разумееш, Волечка, той шпіталь і зараз ёсць. Я здранцвела, як убачыла па тэлевізары днямі… Старая школа!.. Яраслаўль… Яго збераглі ў памяць аб вайне — там яшчэ жывуць тыя, каго абсеклі ў сорак трэцім…
Мяне прывезлі з Калінінскага фронту з медсанбата ў Яраслаўль зімой. І калі б шапка-вушанка на мне была завязана, мы б ніколі з табой не сустрэліся…
 /i/content/pi/cult/126/574/Pamyac2.jpg

 Такой была В.Чудаева ў гады вайны.


Яраслаўль… Школа… Шпіталь… Мне тады было ўжо амаль дзевятнаццаць…
Трымалі абарону, прыкрывалі плячо Масквы. Кавалак неба трымалі… Калі патрапяць у склад — усё… Тут арт-склад… Ляцяць нямецкія самалёты. І нашы васьмідзесяціпяткі… Адбіваемся!
Я перад боем зайшла ў зямлянку — Саша, сяброўка, строчыць ліст... Сказала — дахаты, але ж я ведала, пісала хлопцу, які ад яе потым і адмовіўся, і маці адмовілася… О, калі б Саша не схапіла запальнічку і не запалала… Таксама не пабачыліся б з табой…
Пайшлі “фокеры”… Закідалі “запальнічкамі”… Сашка схапіла адну, выратавала ўсіх, а сама… уся абгарэла… прыціснулася да запальнічкі кажухом і гарэла… гарэлі яе павекі, прыгожы твар…
І я таксама нічога не памятаю, чаго гэта я ў шпіталі, на плашч-палатцы? Акопы, зеніткі… Мокры кажушок ад крыві… Майму зараджаючаму адарвала галаву, і ён без галавы ідзе да мяне…
Ляжу сярод салдат, кожны дзень — ампутацыі. Усе маладыя! Хірургі па 24 гадзіны рэжуць Русь… Адно на адным ляжым у той школе… Аказваецца, мяне знайшоў санітарны сабака… у сумяі. Прынёс да сваіх шапку… Тады паслалі санітараў па следзе…
Адкінула мяне выбухам. Што там — я ж важыла 41 кілаграм! Гадзін восем праляжала ў снежнай гурбе, абмарозіла ногі, валёнкі саромелася ў зямлянцы прасушыць, трэба пасля ўсіх дзяўчатак, і ў медсанбаце на абмаражэнне ног ніхто ўвагі не звярнуў… Глядзелі на раны, на кроў… Пачалася ў мяне гангрэна…

— Але ж вы ў туфельках ходзіце! Раскажыце, што здарылася?

— Гэта цяпер у туфельках, а тады ў яраслаўскай школе-шпіталі пабачыў мяне прафесар, генерал, пажылы хірург, пытаецца: “Што гэта за бабулька? Дома ёсць хто?”. Адказваю, што мне хутка дзевятнаццаць, што дома мачыха… “Будзем ампутаваць абедзве нагі, трымайся”. Сказаў і — пайшоў…

— “Чудо” дапамагло Чудаевай?

— Больш чым цуд! Я тады Чудаевай яшчэ не была. Коля быў маім палкавым камандзірам. Васільева я, сірата… Бацька загінуў пад Масквой…
У шпіталі паўгода нямытая ляжала і не крыўдавала — кучы рук і ног гэткіх жа, як і я… Чэрві завяліся. Але я зразумела, што яны мяне і выратавалі — яны гной з’ядалі…
А тут мяне памылі, апрацавалі, далі новыя пялёнкі. Усё, думаю, жыць не стану!.. Каму я патрэбна без ног?.. Папрашу цётку Машу, няньку, ручнік даўжэйшы даць, каб… А яна мяне адразу “прачытала”. У цёткі Машы тры дзяўчынкі… Я што не з’ем — ім…
Уратаваліся… “Ты што задумала?” Яна не адыходзілася ад мяне ўсю ноч…
А раніцай малады хірург, які павінен быў ногі мае ампутаваць, раптам кажа: давайце не будзем гэту дзяўчынку рэзаць, пашкадуем яе. Я вычытаў, як лечаць гангрэну новым спосабам — увядзём падскурна кісларод…
І кансіліум пагадзіўся: спрабуй! Можа, яшчэ каго выратуеш?..
Раўла, але цярпела, па жывому, але ногі засталіся. Усё перажыла! Навучылася хадзіць у Чарнышэўскіх казармах… І зноў на фронт. З кійком — на Карэльскі фронт! От дзе было шчасце: магу далей ісці.

— Дзяўчаткі на вайне! Як толькі іх ні называлі… Валянціна Паўлаўна, вы ж маглі ў тыл паехаць…

— Што ты, Воля?! У дзевятнаццаць гадоў не думаюць пра інваліднасць. Вайна ўсім гора. А мне гэтак пашчасціла: ногі цэлыя! Проста ляцела на фронт. І трэба ж: прыязджаю ў часць — стаіць Чудаеў, кампалка, мой будучы муж, а ў мяне шынель з чужога пляча і кіёк у руках... Лёс, Воля…
“У нас тут што, сабес?” — гаворыць мне Коля. А я яму: “Кіёк мой часовы!”. Ён і не паглядзеў: “Пераапрануць! У лазню!..”. Дзяўчаткам нават і абмундзіраванне не адразу знаходзілася на фронце. Адкуль? Толькі пад канец вайны сталі выдаваць па памеры, навучыліся шыць спадніцы і гімнасцёркі… Памятаю, начысціш паходны кацялок — вось і люстэрка!.. Рада была, што трапіла ў сваю часць. Сашку, сяброўку, сустрэла! Божа, не пазнала яе… Уся — суцэльны апёк… Выжыла, вярнулася на фронт… А калі паехала дахаты, маці яе таксама не пазнала: “Не, гэта не мая дачка, маю забілі!..”.
Не, не забілі… І салдатам усе і ўсё даравалі, якія нас крыўдзілі. На фронце ж, Волечка, і каханне было! Бывае, зацяжарыць дзяўчына — кампалка яе ў тыл адпраўляе па-добраму… Ніхто не сварыўся… А мне пашанцавала — я Колю Чудаева сустрэла… Нецалаванай пайшла на фронт, і ён мяне не крануў… Што ў 19-гадовай дзяўчыны на розуме? Зашыла коскі ў кішэнях шыняля… Плакала: мой талісман.
Згублю коскі — згублю сябе... Дзеўчынёха на вайне — як дзіця…
Што я ўмела пры мачысе? А нічога. Чудаеў, калі пасля вайны ажаніліся, вучыў усяму: як цыраваць, як гатаваць, як прымаць гасцей. Ён быў мне і мамай, і татам, і аднапалчанінам, і мужам… Чалавекам быў! Трафеяў не браў сабе з фронту. Ганьба… Наташку, нашу дачку, загортвалі ў карту свету!.. Ад вайны толькі стары гадзіннік застаўся — ён у мяне і зараз ёсць.
Лёс, напэўна: спыніўся гэты гадзіннік у момант смерці Колі…

— Неверагодна, Валянціна Паўлаўна! Але ж Карэльскі фронт — гэта месца падзей фільма “А досвіткі тут ціхія…”. І Мікалай Чудаеў, ваш будучы муж, загадваў паліць лазню для дзяўчат, якія адправіліся на рызыкоўнае заданне… Вы зналі іх, чакалі іх…

— Хто мог думаць пра смерць? Вядома ж, чакалі… Заданне звышсакрэтнае. Фашысты хацелі ўзарваць дамбы, затапіць Ленінград… Дзяўчаткі пайшлі і не вярнуліся. Ленінград галадаў, але жыў. Вярнуўся старшына (у фільме — Васькоў) з Беламорканала… адзін, счарнелы… Дарэчы, беларус, родам з-пад Віцебска. Памятаеш, адна з дзяўчатак, Наташа Ложачкіна, сына яшчэ яна нарадзіла, там загінула, дык старшына забраў яе хлопчыка і выгадаваў яго…
Памятаеш, ёсць у фільме жанчына, якая нас усіх карміла, — старшына ажаніўся з ёю... На месцы гібелі дзяўчатак помнік з белага мармуру. Так і здымаўся фільм, толькі дзяўчатак ігралі артысткі, як і мяне калісьці на сцэне ў Парыжы…

— Ці праўда, што гэтую гісторыю раскапаў усё той жа Сяргей Сяргеевіч Смірноў?

— Ён сустракаўся са мной. А сюжэт аддаў Барысу Васільеву, распавёўшы, што, маўляў, звярні ўвагу — там твая аднафаміліца, Васільева, з цікавым лёсам…
Ведаеш, цяпер кітайцы вырашылі зняць новую версію фільма “А досвіткі тут ціхія…”. 17 серый! Ім памагае Екацерынбургская кінастудыя.
… Я яшчэ на шпільках у Пекін злётаю!

Вольга ЯГОРАВА,
наш кар.