Сыр-бор і крыху “белых нітак”

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Пятровіч і “Дрэнныя хлопцы”

/i/content/pi/cult/321/5738/8-2.jpgНа мінулым тыдні Магілёўскі абласны драматычны тэатр прадставіў сваім прыхільнікам прэм'ерны спектакль - фарс "Дрэнныя хлопцы" па п'есе Рэя і Майкла Куні ў рэжысуры Уладзіміра Пятровіча. Чым яшчэ раз пацвердзіў: тэатральная "кунізацыя" хоць і страціла апошнім часам сваю інтэнсіўнасць, аднак зусім не страціла актуальнасці.

Зрэшты, аб гэтым сведчыць і той факт, што на сённяшнім этапе вытворчасць новых п'ес драматурга набыла рысы "сямейнага падраду": аўтарам "Дрэнных хлопцаў" Рэй Куні выступіў у супрацоўніцтве са сваім сынам Майклам. Натуральна, мы не маглі не пацікавіцца ў рэжысёра спектакля Уладзіміра ПЯТРОВІЧА тымі матывамі, якія рухалі творчы выбар менавіта ў кірунку дадзенага драматургічнага матэрыялу.

- Адкажу пытаннем на пытанне: а чаму, калі Куні такі "дрэнны" і "страшны", аднымі з першых на постсавецкай прасторы да яго п'ес звярнуліся МХАТ і "Сатирикон"? Чаму Канстанцін Райкін палічыў магчымым паставіць яго? І ў выніку- не прагадаў: глядач валам валіў на спектакль! Адказ - відавочны: таму што п'есы Куні - узор якасна зробленай драматургіі, разлічанай, у першую чаргу, на гледача. І менавіта таму мы палічылі, што добры вясёлы спектакль з мноствам камічных сітуацый не толькі не зашкодзіць у рэпертуарнай афішы, але і прыцягне да нашага тэатра дадатковы глядацкі інтарэс. Пагадзіцеся, любы тэатр павінен дбаць не толькі пра ўласнае творчае самавыяўленне, але і пра патрэбы ды інтарэсы гледачоў- тых гараджан, для якіх мы, уласна кажучы, і працуем. І потым, мы ў тэатры паставілі зусім новы, пакуль яшчэ не вядомы шырока, твор: "Дрэнныя хлопцы" на рускай мове да гэтага ставіліся толькі ў новасібірскім "Чырвоным факеле". Мы- другія, хто звярнуўся да гэтай п'есы.

- Як вядома, фарс - адзін з улюбёных сцэнічных жанраў акцёраў, аднак, у той жа час, ён вельмі часта "правакуе" іх на тое, каб ад душы "адарвацца" на сцэне і, што называецца, зайграцца. Як вы дамаўляліся з акцёрамі пад час рэпетыцый для таго, каб гэткая сітуацыя не напаткала "Дрэнных хлопцаў"?

- Сапраўды, верагоднасць падобнага павароту існуе заўсёды. Аднак, па-першае, мы з самага пачатку дамовіліся з акцёрамі аб тым, што не будзем "заігрывацца". І, падругое, я знаходжуся ў выйгрышным становішчы, у тым сэнсе, што магу і буду сачыць за спектаклем цягам усяго яго існавання, у адрозненне ад запрошаных рэжысёраў, якія выпускаюцца, а потым з'язджаюць, пакідаючы пастаноўку. Больш за ўсё я не люблю ў тэатры пошласці і сумнасці, а яшчэ - таго, што называецца "гульнёй у камедыю". І таму буду максімальна аберагаць сваю пастаноўку ад гэтага./i/content/pi/cult/321/5738/8-1.jpg

- Як успрынялі акцёры драматургічны матэрыял? Адразу ўключыліся ў працу, альбо былі пэўныя сумневы і недавер да п'есы?

 - Акцёры паставіліся да работы з задавальненнем: добры матэрыял яшчэ ніколі не выклікаў прафесійнага "супраціўлення". Іншая справа - калі мы заглыбіліся ў саму п'есу і пачалі разбіраць яе, што называецца, па логіцы і псіхалогіі, выявілася велізарная колькасць нестыковак і "белых нітак". І тады мы зразумелі: неабходна не правяраць усё логікай, а проста - прыняць умовы гульні. І як толькі акцёры гэта адчулі, усё стала на свае месцы і "зайграла".

- "Мінімум псіхалагічных хадоў і максімум камічных непаразуменняў" - такія каментарыі пра спектакль мне даводзілася сустракаць на інтэрнэт-форумах. А яшчэ - здзіўленне ад таго, што Уладзімір Пятровіч, які заўсёды быў прыхільнікам "разумнага", інтэлектуальнага тэатра, пакліканага заглыбляцца ў людскую псіхалогію і разбірацца ў ёй, "раптам" звярнуўся да такога "лёгкага" жанру...

- Што да "нечаканасці" майго выбару, скажу так: мне цікава развівацца як рэжысёру, і менавіта таму я звяртаюся да падобнага матэрыялу, які будзе вымагаць ад мяне пэўнага інтэлектуальнага і творчага падыходу. І калі як акцёр я з падобным матэрыялам сустракаўся, то з рэжысёрскага пункта гледжання для мяне было шмат няпростых творчых задач. Што да "сур'ёзнай" тэмы, дык яна ёсць у "Дрэнных хлопцах": для мяне гэта - тэма сям'і. Усе перыпетыі і камічна-фарсавыя сітуацыі з-за чаго ўзнікаюць? Ды з-за таго, што галоўны герой Том у выкананні Руслана Кушнера разам са сваёй жонкай Лінлай, якую іграе Алена Крыванос, жадаюць усынавіць дзіця, і менавіта для таго, каб іх планы здзейсніліся, загараецца ўвесь "сырбор" і адна сітуацыя накладваецца на іншую. Так што ў выніку для мяне, і, спадзяюся, для гледача - таксама, становіцца відавочна: сям'я - тое, дзеля чаго можна пайсці на ўсё!

На здымках: сцэны са спектакля.

Фота Пятра ЛЕВАНОВІЧА