Энергія лірыка

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Ураджэнец Вялікага Падлесся, што на Ляхавіччыне, Мікалай Таранда ў 1970 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута, дзе навучаўся ў Фелікса Гумена і Івана Сталярова. Пасля заканчэння вучобы Мікалай Іванавіч пасяліўся ў Оршы...


Сваё майстэрства Мікалай Таранда рэалізоўваў у шматлікіх творчых паездках па Беларусі, Расіі і Прыбалтыцы, у Доме творчасці "Сенеж" Мастацкага фонду СССР, у штодзённай працы ў сваёй майстэрні ў Оршы - Барані. Колькі соцень пейзажаў, нацюрмортаў, малюнкаў і эстампаў створана за чатыры дзесяцігоддзі творчасці, мабыць, аўтар і сам не ведае. Але амаль усе яны прысвечаны роднай прыродзе і наогул усёй той прыгажосці і паэзіі жыцця, што бачыць мастак усюды, куды б ні закінуў лёс.

Ягоны жывапіс - насычаны і свежы, як мядовая раса, энергічны і тэмпераментны. Некаторыя яго пейзажы, асабліва апошнія, дасягаюць "карціннай" сілы, іншыя - глядзяцца як добра скампанаваныя эцюды, напісаныя непасрэдна з натуры. Але ў асноўным лад твораў прадвызначаны характарам вобразнага строю: форма, каларыт, фактура ўзнікаюць у энергічным руху пэндзля з боку ў бок палатна - так нараджаецца зразумелая сістэма плоскасцей-прастораў, якія то перасякаюцца, то перацякаюць адна ў адну, то разрываюцца, так, што ў прасветах адкрываюцца невядомыя маўклівыя далячыні... Усё гэта складае духоўную прастору мастацтва Таранды - то акварэльна-празрыстага, то дэкаратыўна-абагульненага, то строга натурна-рэалістычнага, дзе ўвасабляюцца ягоныя думкі, пачуцці, сардэчныя радасць і боль, а часам - вострая настальгія па дзяцінстве і юнацтве... Вось што калісьці казаў сам мастак: "Усё, што атачала мяне тады, здавалася напоўненым сэнсам, гармоніяй і прыгажосцю. Вельмі хацелася зразумець гэтую прыгажосць, гэтыя нябёсы, зямлю, прыроду і перадаць пачуцці, якія перапаўнялі мяне, іншым людзям. Жаданне быць мастаком прыйшло менавіта ў дзяцінстве, калі стаў рысаваць раней, чым чытаць і пісаць..."

Мікалай Таранда, можа, адзін з найбольш паэтычных на Віцебшчыне лірыкаў - менавіта ў гэтай галіне пейзажнага жывапісу, таму што яго лепшыя работы напоўнены пранізлівай музыкай, цёплым, усхваляваным святлом, добрым настроем, жыццялюбствам. Аб гэтым сведчыць і яго персанальная выстаўка "Мой родны кут", якая 29 красавіка адкрылася ў Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В.А. Грамыкі. Прысвечана гэтая мажорна-святочная экспазіцыя менавіта 40-годдзю творчай дзейнасці мастака. Арганізатары выстаўкі - установа культуры "Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны" і Беларускі саюз мастакоў.


Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"