“А вы эстэт, Андрэй!”

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Магічная фрагментарнасць пяшчоты

/i/content/pi/cult/321/5736/pic_13.jpgУ Светлагорскай карціннай галерэі "Традыцыя" імя Германа Пранішнікава адкрылася выстаўка работ гомельскага мастака Андрэя Крылова. Назва яе можа падацца крыху прэтэнцыёзнай: "Мае ночы святлейшыя за вашы дні...". Але ў ёй ёсць нешта характэрнае для гэтага жывапісца... 

Неяк давялося пачуць уражанне Гаўрылы Вашчанкі аб выстаўцы Андрэя Крылова ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. З сяброўскай усмешкай слынны майстар зазначыў: "А вы эстэт, Андрэй!" Так, Крылоў - сапраўды прыхільнік выкшталцонай прыгажосці. Ды ўсё ж не той, якая дзеля формы ахвяруе і зместам, і мэтай твора. Яго міражы рэальнасці неяк самі сабой робяцца рэальнасцямі міражоў. М

ногія з іх узнікаюць як нешта прывіднае, казачнае, патаемнае. І, у той жа час, нагадваюць такую пачуццёвую рэальнасць, якая больш канкрэтная за зрокавую. Менавіта такое адчуванне зыходзіць ад "Поўневай санаты". Хвалістая, мяккая, кранутая лёгкай заінеласцю блакітнасць, жывое дыханне святла поўні... Нейкае каляровае, сапраўды санатнае гучанне, у якім захаваны і прачулыя паўторы, і тая ж інтэнсіўнасць развіцця, і абвостранасць фарбавых кантрастаў, што збліжаюцца ў адзінстве карціннай прасторы.

Складанасцю каларыту вызначаецца яго "Поле". Жывым мігценнем паветра набліжаецца да нас сціплы, але прасторава-вольны букет кветак... У многіх творах Крылова мяжа паміж рэальнасцю і міражом - хісткая, неакрэсленая. Мастак нібыта шукае сярод гледачоў сваіх сааўтараў, дазваляючы ім самім уяўна дапісаць або нават перайначыць яго задуму. Гэта датычыцца і работ "Дарога ў неба", "Цішыня", "Стары і мора", і той карціны, якая дала назву выстаўцы. Іншым разам Андрэй Крылоў быццам спрачаецца з самім сабой: то пакідае палатно нібыта наўмысна недапісаным, выяўляючы толькі яго галоўную сутнасць, то, наадварот, мазок ягоны раптам набывае колеравую аб'ёмнасць (так і хочацца сказаць: прадметнасць), як, да прыкладу, у "Палявых кветках" або ў "Бэзавым дні".

Кожная з карцін Крылова - са сваёй філасофіяй,/i/content/pi/cult/321/5736/pic_14.jpgз уласным, непаўторным, абліччам. Сама роспач выяўляе сябе "Нацюрмортам у жоўтым", пяшчотная цеплыня святла зыходзіць з " Руж", паэтычную метафарычнасць увасабляе "Сакавік", а "Ваколіца" - кранальны напамін аб мясцінах дзяцінства... Ёсць у ягоных творах і тая магічная фрагментарнасць, якая неяк сама па сабе набывае падсвядомую цэласнасць. А яшчэ ён жанрава піша жаночыя партрэты. Піша, але не выпісвае. З уласцівай яму фарбавай пяшчотнасцю вызначае нешта магічнагалоўнае не толькі ў абліччы, але і ў самой сутнасці тых, каго ўвасабляе.

Лёгка заўважыць, што Андрэй Крылоў шмат эксперыментуе. І з новымі фарбамі- таксама. Можна, здаецца, заблытацца ў асцярожных, далікатных пералівах адценняў яго карцін. Але гэта толькі тады, калі глядзець паспешлівым позіркам, які не здольны далучыцца да пяшчоты фарбавых адчуванняў.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск