“Версіі” сваёй мадэлі

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Маляваць тое, што ў цябе на душы…

/i/content/pi/cult/321/5735/pic_12.jpgАляксандр Салаўёў. Вядомы мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. У 17-гадовым узросце з сястрой Антанінай пайшоў у партызаны. З 1944-га - у войсках дзеючай Чырвонай Арміі. Ваяваў на Карэльскім перашыйку, удзельнічаў у ваенных дзеяннях па вызваленні Прыбалтыкі. Пасля дэмабілізацыі ў 1949 г. з'язджае ў латвійскую Мадону, дзе жыла маці...

Там заканчвае школу, і ў 1955-м паступае ў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.Мухінай на аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. Пасля яго заканчэння вяртаецца ў Мадону і працуе ў сярэдняй школе настаўнікам малявання і чарчэння. У 1959 годзе паступае ў БДТМІ. З гэтага часу мастак звязвае жыццё з Беларуссю. З асаблівай цеплынёй ён узгадвае сваіх настаўнікаў П.Крохалева і А.Марыкса. Пасля вучобы А.Салаўёў быў накіраваны на працу мастаком-пастаноўшчыкам у Віцебскі дзяржаўны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Быў галоўным мастаком тэатра. За 30 гадоў працы аформіў звыш 150 спектакляў беларускай і сусветнай класікі.

У 1970 - 80-я гады ўсе пастаноўкі праходзілі з аншлагам. Тэатр для А.Салаўёва рабіўся сэнсам жыцця: "Ён ратаваў мяне ад паўсядзённасці... П'есы і спектаклі былі розныя, але да іх можна было прыдумаць свае "версіі". Галоўнае - у мяне была магчымасць для самаадукацыі, магчымасць быць у курсе сусветнай культуры". Уся творчая дзейнасць мастака - пошук уласнай мадэлі выказвання свайго пачуцця, як у сцэнаграфіі, так і ў жывапісе і ў графіцы.

Для фарміравання выразнасці вобраза новага часу, ён адным з першых усвядоміў неабходнасць злучэння рэалістычнага і абстрактнага ў адзіную новую форму. Злучаючы два напрамкі ў адным творы, мастак дасягае глыбіні зместу, закранаючы глабальныя праблемы чалавецтва ў цэлым ("ХХ стагоддзе - рэквіем", "Памяць", "Глабалізацыя", "Прарокі", "Хай будзе святло", "Гэта я, Госпадзі", "Галгофа", "Фрэска").

Асаблівае месца ў творчасці Салаўёва займае вобраз жанчыны. Жанчына - як увасабленне жыцця і прыгажосці свету. Мастака не пакідае пачуццё першароднасці чалавека і яго прызначэння на Зямлі. У карціне "Мацярынства" вобраз жанчыны-маці ўзнікае як бы з глыбіні стагоддзяў. Жанчына - прамаці чалавецтва. Яна - жаночы пачатак, яна - багіня, якая сышла з Нябёсаў...

Калі назіраеш за работай Салаўёва, здаецца, што мастак стварае твор лёгка, быццам бы гуляючы. І хоць тэмп працы - вельмі хуткі, сам працэс патрабуе вялізнага напружання волі, падпарадкаванай ведам, вопыту, інтуіцыі. Назіранне за работай творцы прыносіць такую ж асалоду, як і ігра таленавітага артыста. Лініі, штрыхі, плямы з'яўляюцца то ў адным, то ў іншым месцы палатна, а то і зусім знікаюць, і на іх месцах узнікаюць новыя. Здавалася б, ужо ўсё зроблена, карціна - скончана, але прыйшоўшы праз тыдзень у майстэрню, вы яе не пазнаеце, бо яна ўжо "перарадзілася" і стала зусім іншай...

Акрамя жывапісу і сцэнаграфіі, А.Салаўёў дасканала валодае малюнкам, які часам насычаны колерам настолькі актыўна, што пры гэтым сціраецца грань паміж графікай і жывапісам ("Крык", "Казка-пачвара", "Танец"). Мастак, выбудоўваючы шэраг графічных вобразаў, стварае свой касмічны свет. У серыі "Памяці загінулых" Салаўёў экспрэсіўна малюе кожную фігуру і стварае яе магутнае энергетычнае поле. Выкарыстоўваючы лінію і штрых, ён ператварае малюнак у сімвал-знак: "Смутак", "Супраціўленне", "Прага жыцця", "Падзенне", "Катарсіс", "Перамога", "Успамін", "Рэквіем", "Да сонца". Энергічныя рухі лініі і штрыха напаўняюць рвботы незвычайным уздзеяннем, багатым сэнсавым і філасофскім зместам, лёгка абмалёўваюць фігуру.

 Салаўёў ніколі не быў скаваны вузкімі рамкамі часу. Для кожнага твора ён знаходзіў свой выяўленчы лад: каб пазнаць сябе, неабходна парушыць існуючыя ісціны і адкрыць новыя. Вось што ён кажа: "Гэта магчыма, калі ты інтуітыўна робіш тое, што ў цябе на душы. Калі логіка пераважае над табой, ніякага мастацтва не атрымаецца. Калі малюеш, адчуваеш, які патрэбен штрых, які мазок ці колер плямы. Часам адну пляму перапісваеш 10 - 15 разоў, так што тут ніякая логіка не дапамагае. Падсвядома разумееш, што яшчэ не дасягнуў мэты. Гэта як стрэл. Я ў малюнак нічога "лагічнага" не ўбудоўваю. Ужо потым, калі работа зроблена, знаходзіцца ёй тлумачэнне. Малюнкі ўзнікаюць адвольна... Чаму ствараю тую або іншую серыю малюнкаў ці карцін, я ўвогуле не магу растлумачыць. Часам гэта проста гульня з лініяй і штрыхом. Так сама адбываецца і з карцінамі..."

Сёлета Аляксандру Салаўёву споўніцца 85 гадоў. Ён поўны надзей і з аптымізмам рыхтуе сваю юбілейную выстаўку. І кожны дзень, як і раней, ідзе ў майстэрню, каб адкрываць новы, толькі яму вядомы, свет колеру і лініі - свет дабра і прыгажосці.

Леанід АНЦІМОНАЎ, дацэнт, член Беларускага саюза мастакоў Віцебск