“Пачатковец” з... вопытам

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Пра тое, чаго ж чакаць тэатралам ад адзінаццатых па ліку “Славянскіх тэатральных сустрэч” у Гомелі, мы гутарым з дырэктарам — мастацкім кіраўніком Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Віктарам ЧЭПЕЛЕВЫМ:

/i/content/pi/cult/321/5732/pic_9.jpg- Віктар Іосіфавіч, як удзельнік і канкурсант форуму "Славянскія тэатральныя сустрэчы" вы прайшлі з ім ад самага пачатку, але ў якасці дырэктара фестывалю выступаеце ўпершыню...

- Гэта сапраўды надзвычай трапятлівае адчуванне. І калі казаць пра тых людзей, што стаялі ля вытокаў форуму і стварылі той магутны творчы і арганізацыйны "задзел", які мы маем на сённяшні дзень, то для мяне па-ранейшаму застаюцца важнымі іх слова, падказка, досвед, якія я стараюся пераймаць.

- І што вы пераймаеце найперш?

- Разуменне, як неабходна ствараць і фарміраваць фестываль не толькі з пункта гледжання яго арганізацыйнага і тэхнічнага забеспячэння, але і на творчым узроўні. Той каштоўны досвед кантактаў з тэатрамі, якім дзеліцца са мной Валянціна Георгіеўна Рагоўская, калі мы абмяркоўваем з ёй будучыя конкурсныя спектаклі і фарміруем фестывальную афішу, паверце, дарагога варты. Зрэшты, як "пачатковец" у ролі фестывальнага дырэктара я шмат чаму вучуся ў сваіх калег. Прыкладам, у вельмі паважанага мной Андрэя Новікава на магілёўскім "М.@rt.кантакце" я "падгледзеў" цудоўную ідэю з выданнем газеты форуму. І вось мы ў сябе таксама сфарміравалі невялічкую ініцыятыўную групу маладых філолагаў, якія будуць глядзець конкурсныя спектаклі і потым пісаць пра іх.

- Сталы ўзрост і папулярнасць "Славянскіх тэатральных сустрэч" сфарміравалі і сваё кола прыхільнікаў. Які ён, ваш сённяшні фестывальны глядач?

- Наўрад ці варта спрабаваць намаляваць нейкі абагулены вобраз нашага гледача - ён, шчыра кажучы, розны. Але адно магу зазначыць напэўна: сёння глядзельная зала значна амаладзілася - прыкладна працэнтаў семдзесят у ёй складаюць юнакі і дзяўчаты, той глядач, які сёння шукае сябе ў жыцці, а ў хуткім часе пачне будаваць сваё і наша будучае.

 - Крытыкі не папракаюць вас у тым, што такому гледачу неабходны яркія, дынамічныя пастаноўкі, насычаныя экшнам, а зусім не класіка?

- Тым, каму цікавыя падобныя спектаклі, раю скіравацца ў Магілёў, дзе і праводзіцца менавіта такі - яркі, эксперыментальны - маладзёжны форум. Наш жа фестываль традыцыйна мае крыху іншы фармат. Галоўным вектарам рэпертуарнай палітыкі "Славянскіх тэатральных сустрэч" была і застаецца прыхільнасць да класікі, да традыцыйнага рэпертуарнага тэатра - усяго таго, на чым трымаецца традыцыя славянскага тэатральнага мастацтва. Нездарма сёлета дэвіз нашага форуму- "За духоўнасць і маральнасць". А класіка тым і цудоўная, што ўзнімае пытанні ды праблемы, якія не страчваюць сваёй актуальнасці і ў наш час.

- Такім чынам, што ў конкурснай афішы прадстаўляе Гомельскі абласны драматычны тэатр?

- Нашу нядаўнюю прэм'еру- "Даходнае месца" Мікалая Астроўскага ў пастаноўцы Рыгора Гольдмана. Ну скажыце мне, што п'есы Астроўскага, і "Даходнае месца" - у прыватнасці, не актуальныя для нашага дня!? Ужо па тых прэм'ерных паказах, пасля якіх менавіта маладыя гледачы падыходзілі да нас і шчыра казалі: "Вялікі дзякуй!", магу меркаваць, што мы "патрапілі" ў залу.

- У год, калі Гомель абвешчаны Культурнай сталіцай Беларусі і СНД, як пачувае сябе тэатр у горадзе?

- Так, сёлета мы не на словах адчуваем больш пільную ўвагу да нас з боку аблвыканкама і гарвыканкама, якія вельмі дапамагаюць. Хаця, безумоўна, "Славянскія тэатральныя сустрэчы" - усяго толькі адна з таго мноства імпрэз, якія праводзяцца ў горадзе, і нам не хацелася б застацца незаўважанымі. Таму, са свайго боку, тэатр таксама імкнецца прытрымлівацца высокага творчага ўзроўню, паказаць усё, што ў нас ёсць найлепшага.

- Пэўна, адным з паказчыкаў гэтага ўзроўню можна лічыць і тое, што ваш тэатр са спектаклем "Хросная маці" Максіма Горкага ў рэжысуры Валерыя Раеўскага стаў адзіным неакадэмічным абласным тэатрам, які сёлета выйшаў у фінал Нацыянальнай тэатральнай прэміі?

- Мы, безумоўна, ганарымся гэтым фактам. Але ж мары нашы сягаюць далей: лічу, што тэатр ужо "вырас" да таго, каб атрымаць статус акадэмічнага. У свой час мы сталі першымі сярод абласных тэатраў, хто атрымаў статус заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь. І сёння без залішняй сціпласці скажу: для рускамоўнага тэатра, якім мы з'яўляемся, мала хто яшчэ можа пахваліцца тым, што ў рэпертуарнай афішы пачэснае месца займаюць ажно дзевяць пастановак паводле беларускай класікі! Перакананы: захаванне і прадаўжэнне традыцый - вось той шлях, які выведзе нас да абранай мэты!

На здымку: раней Віктар Чэпелеў удзельнічаў у "...Сустрэчах" як акцёр.