На Салігоршчыне відавочна расце нейкае асаблівае жыта, бо работы, а больш дакладна — сапраўдныя мастацкія творы тутэйшых майстроў кідаюцца ў вочы здалёк. Яны проста свецяцца і адрозніваюцца ад іншых не толькі светла-залацістай, амаль белай саломкай, але і вытанчанай тэхнікай выканання.
На вялікіх кірмашах, міжнародных фестывалях і святах рэспубліканскага маштабу заўжды вылучаецца салігорская школа саломкапляцення, у якой выразна бачыцца свой почырк, адметнасць. А побач з майстрамі — заўсёды вучні, што яшчэ раз сведчыць пра тую ж школу, пра пераемнасць традыцый і майстэрства.
У Салігорскім цэнтры дзіцячай творчасці 11 гадоў таму была створана студыя “Чароўная саломка”, якая сёння мае ганаровае найменне “ўзорнай”. Удзельнікі студыі і іх настаўніца Людміла Царыкевіч здабылі за гэты час шмат узнагарод Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” і шматлікіх іншых рэспубліканскіх і абласных фестываляў.
Л.Царыкевіч працуе ў “Чароўнай саломцы” з часу стварэння студыі, саломкай жа ўвогуле займаецца больш за 20 гадоў. Як і пераважную большасць майстроў саломкапляцення, Людмілу Аляксандраўну гэтае мастацтва захапіла пасля знаёмства з кнігай Вольгі Лабачэўскай і Ніны Кузняцовай “Возьми простую соломку”. Першыя практычныя ўрокі аплікацыі саломкай Л.Царыкевіч атрымала ад калег, найперш ад самабытнай салігорскай майстрыхі Раісы Раманені.
Па адукацыі Л.Царыкевіч — бухгалтар-эканаміст. У час працы па гэтай спецыяльнасці ў Цэнтры дзіцячай творчасці ёй давялося аднойчы падмяніць кіраўніка гуртка саломкапляцення. Падмена тая задоўжылася на многія гады.
Пытаюся ў Людмілы Аляксандраўны:
— Якая саломка найбольш прыдатная для пляцення: тая, што расце на лецішчы, ці на матуліных сотках, ці на калгасным полі?
— Лепшая — не “перакормленая” хімічнымі ўгнаеннямі, — адказвае майстрыха. — Самая ж лепшая — тая, што расце на сонечным грудочку.
Мы дамаўляемся з калгасным кіраўніцтвам, і я выбіраю асобныя лапінкі на жытнім полі. Едзем уздоўж поля, я выходжу з машыны і мацаю: не, не пойдзе. А праз паўкіламетра — мая саломка! Іншы раз і вярсту пройдзеш, пакуль натрапіш на патрэбнае табе поле з тонкім, доўгім жытам. Але такога высокага тонкага жыта, як вось тут, вышэй галавы, — працягнула яна мне фотаздымак, — я больш нідзе не бачыла.
— Колькі ж снапоў трэба нажаць, каб забяспечыць навучальны працэс і свае патрэбы?
— Прыкладна 30-40 снапоў дастаткова, каб не шкадаваць дзецям, якія выпрошваюць саломку, нясуць яе дадому, ды і пасля заняткаў застаюцца, каб зрабіць сувеніры-падарункі сваім матулям ці сябрам.
— Саламяныя вырабы беларускіх майстроў — гэта наша белае золата. Гэта ручная праца з выкарыстаннем натуральнага матэрыялу, але, на жаль, нашы вырабы абясцэненыя, вельмі танныя.
— Так, яны зусім мала каштуюць. Увогуле ж саломкапляценне — нялёгкая праца, якая вымагае шмат фізічных высілкаў. А ў кожны твор душа майстра ўкладзена, кожны майстар свой вобраз шукае. Вось, напрыклад, калі пляцеш-ствараеш птушку, дык хочацца і палёт яе перадаць, і нешта фантастычнае ў той вобраз укласці, адначасова захаваўшы беларускі каларыт.
— Каго вы лічыце найбольш цікавым майстрам саломкапляцення, у каго б хацелася павучыцца? Зрэшты, не ўсе сёння дзеляцца сваімі сакрэтамі. Хоць мне, шчыра кажучы, падаецца нерэальным паўтарыць, скапіраваць кагосьці ў саломцы: не такі гэта просты матэрыял.
— На маю думку, у саломцы немагчымы плагіят, бо іншы раз сам свой твор не можаш дакладна паўтарыць, скапіраваць. Нельга адабраць у сапраўднага майстра ідэю, бо ў кожнага — свае рукі і вочы, сваё бачанне.
А што да самага высокага ўзроўню, дык эталон такога мастацтва для мяне — творы народнага майстра Беларусі Лідзіі Галавацкай. Я лічыла яе недасяжнай, непрыступнай, што ні кажы, сама каралева Велікабрытаніі ў захапленні напісала водгук пра яе саламяную жар-птушку. Але калі мы пазнаёміліся, дык я была ўражана шчырасцю і дабрынёй гэтай жанчыны. Лідзія Рыгораўна, нічога не хаваючы, дзялілася вопытам са мной і маімі вучнямі.
— Ці знайшлі вы, Людміла Аляксандраўна, сваю птушку шчасця, сваю папараць-кветку ў творчасці і ў жыцці?
— Знайшла! Папараць-кветку я з саломкі спляла. У мяне шмат вобразаў саламяных птушак, якіх я раздаю на шчасце ўсім добрым людзям.
— А што гэта вось за незвычайная, адметная і непаўторная птушка, падобнаяна веер? Як вы яе назвалі і як яна нарадзілася?
— Гэта мая птушка-пава. Адкуль ідэя? У вёсцы Крывічы на Салігоршчыне, адкуль я родам, у бацькоўскай хаце пад дахам заўжды ўлетку гняздзяцца ластаўкі. Вы б бачылі, як яны аберагаюць свой дом, сваіх дзяцей, як хвалююцца, калі хто нават ідзе непадалёку!
Я сыходзіла з ганка, ішла да калодзежа. Ластаўка імкліва ляцела да гняздзечка і раптам рэзка збочыла на выступ зруба. Не даляцеўшы да гнязда, яна так распласталася, раскрылілася на сцяне, проста прыляпілася, крылцы веерам раскрыўшы, ахоўваючы сваіх птушанят, што я застыла на месцы. Вось так і з’явілася ідэя — зрабіць насценную птушку. Свой кабінет мы з дзецьмі ўпрыгожылі птушкамі: тут і зорныя, і сонечныя, і птушкі шчасця.
Галіна ЛАНД,
член Беларускага саюза майстроў народнай
творчасці, старшы навуковы супрацоўнік БелДІПК
Фота аўтара