Дарагія суайчыннікі!

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Сардэчна віншую вас са святам - Днём Перамогі. Гэтая дата навечна ўпісана ў гісторыю нашай краіны. У гераічным летапісе Беларусі не было бітвы больш жорсткай, чым Вялікая Айчынная вайна. Не было подзвігу больш значнага, чым подзвіг савецкага салдата, які абараніў Радзіму ад ворага, выратаваў свет ад нацызму. Беларускі народ, як ніхто іншы, ведае цану міру і найвышэй за ўсё ставіць гонар і свабоду сваёй Айчыны. Мы захоўваем у сэрцах не толькі мужнасць, гераізм, адвагу воінаў і працаўнікоў тылу, але і горыч страт ваеннага ліхалецця. Мільёны беларусаў назаўжды засталіся на палях найжорсткіх бітваў, набліжаючы шчаслівы дзень усенароднага святкавання і славы - дзень Вялікай Перамогі. Дарагія ветэраны! Мы ў неаплатным даўгу перад вамі. Нізкі паклон і ўдзячнасць усім, хто выпакутаваў і заслужыў Перамогу. Разграміўшы фашызм, вы далі нам магчымасць самім выбіраць свой шлях развіцця і будаваць дастойнае будучае Беларусі. Сёння нашчадкі пакалення пераможцаў узялі на сябе адказнасць за дабрабыт і бяспеку краіны. Мы захаваем з'яднанасць і сілу духу, каб і далей сумесна ўмацоўваць наш агульны дом. Шчыра жадаю міру, дабра і шчасця вам, паважаныя суайчыннікі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА 9 мая 2011 года