Навуковая канцэпцыя экспазіцыі ДЗЯРЖАЎНАГА ЛІТАРАТУРНАГА МУЗЕЯ ЯНКІ КУПАЛЫ

№ 19 (990) 07.05.2011 - 13.05.2011 г

Музей выносіць на абмеркаванне

 

 (Заканчэнне. Пачатак у №№ 15 - 16, 18.)

V раздзел. Ушанаванне памяці Янкі Купалы. Янка Купала - наш сучаснік (1942 - 2010 гг.)

Мяркуецца стварыць "Музей у музеі", прысвечаны У.Ф. Луцэвіч - жонцы Янкі Купалы, заснавальніку і першаму дырэктару музея, Асобе ў беларускай культуры. Тут упершыню плануецца паказаць гісторыю сям'і Станкевічаў - родных Уладзіславы Францаўны, яе знаёмства з паэтам, вянчанне ў Маскве, работу У.Луцэвіч на ніве асветы і выхавання.

 Пажадана адлюстраваць гісторыю стварэння музея ў дакументах і экспанатах (часткова - у мультымедыя-паказе) і ажыццявіць рэканструкцыю інтэр'ера кабінета першага дырэктара музея У.Луцэвіч, што раней не праходзіла ў стацыянарнай экспазіцыі ўстановы.

Стан і развіццё купалазнаўства ў ХХ - ХХІ стст., у тым ліку ў замежжы. Рэтраспекцыя айчынных і замежных выданняў твораў паэта (1945- 2012 гг.).

Сучаснае жыццё твораў Янкі Купалы ў культуры і мастацтве: музычная і мастацкая Купаліяна. Ушанаванне памяці паэта: святы паэзіі, выстаўкі, экспазіцыі, мерапрыемствы, музейныя прэзентацыі і іншае (у мультымедыйным паказе).

Раздзел складаецца з чатырох тэм. Першыя дзве прысвечаны гісторыі музея і яго стваральніцы, жонцы Купалы У.Ф. Луцэвіч. Далейшыя тэмы распавядаюць пра ўшанаванне памяці Янкі Купалы, выданні яго твораў у другой палове ХХ ст. і першым дзесяцігоддзі ХХІ ст., філасофскаму асэнсаванню ягонай творчасці праз літаратуразнаўчыя даследаванні, тэматыку канферэнцый - Купалаўскіх чытанняў, адлюстраванне вобраза паэта і яго твораў у выяўленчым і музычным мастацтве.

Гісторыя стварэння аднаго з найстарэйшых літаратурных музеяў рэспублікі- Музея Янкі Купалы - гісторыя нацыянальнай музейнай справы ў складаны час, пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Збор матэрыялаў, склад фондаў, стварэнне першых экспазіцый - своеасаблівая ілюстрацыя працы музея і- перш за ўсё - яе кіраўніка У.Луцэвіч у кантэксце пэўнага часу. Больш шырока ў экспазіцыю музея будзе ўведзены раздзел "Стан і развіццё купалазнаўства ў ХХ і ХХІ стст.".

Жыццё і творчасць Янкі Купалы ўзбагаціла ўсе жанры беларускай літаратуры, многія галіны грамадскіх навук, асабліва- літаратуразнаўства, мовазнаўства, філасофію, эстэтыку. Здабыткі купалазнаўства- ад першай рэцэнзіі У.Самойлы на зборнік Янкі Купалы "Жалейка" (1908 г.) да Поўнага збору твораў народнага Песняра ў 9 тамах, 10 кнігах (1995- 2003 гг.) і каталога "Рукапісная спадчына Янкі Купалы" ў 2-х тамах (2009 - 2010 гг.), зборнік дакументаў "Купала і Колас, вы нас гадавалі. Кніга першая. 1909 - 1939" (2010 г.).

Важнае значэнне для развіцця купалазнаўства маюць Міжнародныя купалаўскія чытанні, якія праводзіць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы сумесна з Міжнародным фондам Янкі Купалы. Матэрыялы па дадзенай тэме могуць быць выкарыстаны як у самой экспазіцыі, так і праз мультымедыйны паказ. Асобнай старонкай раздзела ў экспазіцыі музея будзе пададзена рэтраспекцыя выданняў твораў Янкі Купалы на беларускай і замежных мовах. Будуць дэманстравацца розныя выданні вершаў, паэм, драматычных і публіцыстычных твораў, юбілейныя, памятныя, сувенірныя выданні ў афармленні беларускіх мастакоў, якія можна падзяліць на два комплексы: пасмяротныя выданні твораў Янкі Купалы, у тым ліку калекцыя мініяцюрных выданняў; кнігі з творамі Янкі Купалы, выпушчаныя ў ХХ - ХХІ стст., перш за ўсё - рарытэтныя.

Творчасць Янкі Купалы лучыць усе краіны і кантыненты. Асабліва ягонае імя шануецца ва ўсіх славянскіх краінах. Больш за ўсё перакладаўся Янка Купала на рускую, украінскую мовы. У фондах музея маецца значная колькасць яго твораў у перакладзе на гэтыя мовы, у тым ліку і прыжыццёвыя выданні з аўтографамі. Асобныя зборнікі яго паэзіі былі выдадзены на балгарскай, сербскай, славенскай і іншых паўднёваславянскіх мовах. Творы Янкі Купалы перакладаліся, выходзілі асобнымі зборнікамі, уключаліся ў анталогіі беларускай паэзіі ў Польшчы, Францыі, Англіі. Зборнік "Жалейка" і паэма "Бандароўна" перакладзены на кітайскую мову. Дзевяць вершаў Янкі Купалы перакладзены на мову хіндзі. Кнігі вершаў і паэм, выбранныя творы перакладзены на італьянскую, іспанскую, латышскую, літоўскую, эстонскую, армянскую, таджыкскую, казахскую, грузінскую, малдаўскую, татарскую і іншыя мовы. На многіх выданях на замежных мовах маюцца аўтографы перакладчыкаў і выдаўцоў.

Прапануецца паказ матэрыялаў у мультымедыйным варыянце і ў экспазіцыйным абсталяванні (накшталт кніжнай шафы).

Новая экспазіцыя музея ўпершыню прапаноўвае разгляд тэмы "Развіццё купалазнаўства ў замежжы, у тым ліку і сярод беларускай эміграцыі". Матэрыялы па дадзенай тэме (друкаваныя выданні- кнігі, часопісы, газеты, навуковыя распрацоўкі, асобныя манаграфіі, успаміны) могуць быць выкарыстаны як у самой экспазіцыі, так і праз мультымедыя-прэзентацыі.

Упершыню ў экспазіцыі музея будуць экспанавацца рукапісы твораў Янкі Купалы, перададзеныя ў музей з Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) і Беларускай бібліятэкі і музея імя Ф.Скарыны (Лондан).

"Мастацкая Купаліяна" - налічвае больш за 1000 адзінак асноўнага фонду, якія складаюць панараму нацыянальнага мастацтва розных пакаленняў і розных накірункаў. Работы вядомых беларускіх мастакоў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва набліжаюць да нас асобу паэта, адлюстроўваюць сюжэты яго твораў, знаёмяць з іх героямі. Дамінантай тэмы будуць прыжыццёвыя партрэты Янкі Купалы. Цікавымі для наведвальнікаў заўсёды з'яўляюцца калекцыі "Фалерыстыка" і "Нумізматыка", якія налічваюць звыш 250 адзінак. Матэрыялы па гэтай тэме размесцяцца ў экспазіцыі, а таксама будуць прэзентавацца ў мультымедыйным паказе.

"Музычная Купаліяна". Творчасць Янкі Купалы пастаянна прыцягвае ўвагу кампазітараў, музыкантаў, выканаўцаў, якія інтэрпрэтуюць творы Песняра ў розных музычных формах і жанрах. На словы паэта напісана больш за 200 музычных твораў, сярод якіх - песні, рамансы, кантаты, араторыі, сімфоніі і інш.

Будуць выкарыстаны ноты, тэксты, партытуры, зборнікі музычных твораў, кампактдыскі, грампласцінкі, аудыяі відэакасеты, афішы, праграмы, эскізы сцэнічных касцюмаў ансамбля "Песняры", шматлікія фотаздымкі і інш. Адным з цікавых экспантаў стане прыз (горны крышталь) спеваку Віктару Вуячычу за выкананне песні "Спадчына" (на верш Янкі Купалы) на Міжнародным фестывалі ў Японіі (1973 г.). Пажадана выкарыстанне аўдыясістэм для індывідуальнага праслухоўвання музычных твораў на словы народнага паэта, а таксама мультымедыйных сродкаў.

Канцэптуальныя аспекты экспазіцыйнай мадэлі ва ўсёй сваёй глыбіні раскрыюцца толькі пры адпаведным архітэктурна-мастацкім увасабленні, пад якім маецца на ўвазе ўвесь комплекс дызайнерскіх і архітэктурных сродкаў і прыёмаў, што дапамогуць стварыць своеасаблівае мастацка-вобразнае і эмацыянальнае асяроддзе будучай экспазіцыі.

Дадзеная канцэпцыя ўяўляе з сябе вынік першага этапа тэматычнага праектавання новай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Яе задача - прааналізаваць сітуацыю, паставіць асноўныя зместавыя пытанні і акрэсліць у першым набліжэнні контуры будучай экспазіцыі. У адпаведнасці з гэтай канцэпцыяй будзе распрацавана архітэктурна-мастацкая канцэпцыя, дзе будуць абазначаны пэўныя праблемы і вызначаны падыходы да іх вырашэння. Такі рух у дзвюх плоскасцях - у змястоўнай і архітэктурна-мастацкай - з'яўляецца нормай сучаснай тэхналогіі музейнага праектавання. За гэтым павінны ісці больш канкрэтныя прапрацоўкі, а за імі - стварэнне экспазіцыі.

 У завяршэнне канцэпцыі прыводзіцца бібліяграфія з 19 назваў.