Амерыка Дыяс Нуньес прадставіў сваю карціну, прысвечаную нацыянальнаму лацінаамерыканскаму герою Сімону Балівару, у зале для культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў фірменнай крамы "PRэзентацыя" выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" імя П.Броўкі.
На мерапрыемстве Пасол, у прыватнасці, паведаміў аб развіцці супрацоўніцтва Венесуэлы з Беларуссю ў сферы культуры. У 2010 годзе Пасольства і Лацінаамерыканскі культурны цэнтр імя Сімона Балівара правялі мноства імпрэз у гонар абвяшчэння незалежнасці Венесуэлы. Святкаванні ж завершацца 5 ліпеня асаблівай праграмай.
Па словах вядучага навуковага рэдактара рэдакцыі перспектыўных праектаў "Беларускай энцыклапедыі" Кацярыны Чарапок, гэтая выстаўка адной карціны ў новай краме стала значнай падзеяй у шэрагу тых, што ўжо адбыліся і запланаваны ў "PRэзентацыі". Тут размесціцца культурны і навукова-метадычны цэнтр, дзе будуць ладзіцца экспазіцыі, сустрэчы аўтараў кніг с чытачамі, прэзентацыі новых выданняў, пасяджэнні рэдакцыйных калегій.
Ужо цягам красавіка ў краме наведвальнікі маглі стаць удзельнікамі дзвюх падзей: пабачыць карціну Віктара Каралёва і пабываць на прэзентацыі шматтомнай энцыклапедыі "Гарады і вёскі Беларусі". У мінулым месяцы аўтары энцыклапедыі "Максім Багдановіч" збіраліся ў "PRэзентацыі", каб абмеркаваць працэс стварэння выдання. Акрамя гэтага, госці магазіна ў любы час могуць выбраць і пагартаць кнігу ва ўтульнай зале, што нагадвае арыстакратычную бібліятэку, выйсці ў Сеціва і выпіць кавы.
На здымку: Амерыка Дыяс Нуньес ля стэндf венесуэльскіх СМІ.