Думаецца, ключавое слова сёлетняга форуму - "Падзея!". Якраз такі настрой і панаваў у НВЦ "БелЭКСПА".
"Прэсу нездарма называюць чацвёртай уладай, якая адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні грамадскай думкі. Таму сумленнасць і аб'ектыўнасць кожнага журналіста - важны фактар сацыяльнапалітычнай стабільнасці ў дзяржаве. Ваш абавязак - несці людзям узважаную і дакладную інфармацыю, усведамляючы ўсю меру адказнасці за любое слова, кадр і сюжэт", - гаворыцца, у прыватнасці, у Прывітанні Прэзідэнта, якое зачытаў са сцэны форуму першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў.
На думку Прэзідэнта, выстаўка - дзейсны сродак кансалідацыі прафесійнай супольнасці, абуджэння духу творчасці і спаборніцтва. Яна садзейнічае абмену цікавым вопытам і арыгінальнымі ідэямі. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што цяперашняя выстаўка будзе садзейнічаць вырашэнню актуальных задач, якія стаяць перад айчыннымі сродкамі масавай інфармацыі, а таксама далейшаму пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы друку, радыё і тэлебачання.
Пра перспектывы айчынных СМІ распавёў журналістам пад час знаёмства з экспазіцыяй выстаўкі міністр інфармацыі краіны Алег Праляскоўскі. Найперш кіраўнік Міністэрства закцэнтаваў увагу на лічбавых тэхналогіях у кантэксце распрацаванай у нашай рэспубліцы Дзяржпраграмы развіцця СМІ да 2015 года і адказнасці журналістаў: "Мы жывём у час інфармацыйнай рэвалюцыі, так бы мовіць, пераходнага перыяду: поруч з друкаванымі СМІ, радыё і тэлебачаннем узнікаюць новыя формы - планшэты, гнуткія газеты, якія ствараюць новыя магчымасці і пры гэтым - новую адказнасць перад глядацкай і чытацкай аўдыторыяй". "Мы рады ўсім, хто сумленна і аб'ектыўна піша пра падзеі ў нашай краіне", - дадаў Алег Праляскоўскі.
Ганаровым госцем выстаўкі сёлета стала прэса Масквы. Расіяне не толькі прэзентавалі ў Мінску свае значныя праекты, але і выйшлі на новы ўзровень супрацоўніцтва з беларускімі калегамі. Адразу пасля таго, як была перарэзана чырвоная стужка, адбылося падпісанне Плана мерапрыемстваў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Дэпартамента сродкаў масавай інфармацыі і рэкламы Масквы (дэлегацыю гэтага горада на форуме ўзначаліла намеснік кіраўніка Дэпартамента Юлія Казакова) па рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы інфармацыі і друку на 2011 - 2012 гады.
Адзін толькі пералік мерапрыемстваў у рамках выстаўкі - некалькі соцень назваў "круглых сталоў", прэс-дыскусій, брыфінгаў і, вядома ж, прэзентацый айчынных і замежных СМІ. Сярод падзей форуму вылучаюцца семінар "Прасоўванне кантэнту сродкаў масавай інфармацыі ў сетцы Інтэрнэт", "круглыя сталы" "Подзвіг брацкіх народаў у Вялікай Айчыннай вайне: захаванне памяці для будучых пакаленняў", "Дыялог дыяспар: шляхі партнёрства", "Кіраванне эфектыўнасцю друкаваных СМІ", а таксама спецыялізаваны салон "Кантэнт і тэлекамунікацыі".
Калі працягваць падлікі, дык заўважым: колькасць фотаўспышак ля нашага стэнда расла ў геаметрычнай прагрэсіі, паколькі прэзентаваліся не толькі газета "Культура" і часопіс "Мастацтва" Рэдакцыйнавыдавецкай установы "Культура і мастацтва", але і буйная рэспубліканская акцыя "Захаваем Навагрудскі замак разам!", ініцыяваная Міністэрствам культуры краіны. Нагадаем, менавіта Прэс-суботнік "К" ля сівых муроў старадаўняга горада і распачаў гэтае грамадскае пачынанне ў красавіку. Гасцей стэнда з заклікам далучыцца да аднаўлення помніка спадчыны запрашалі "сапраўдны" рыцар у сярэднявечных латах (Валерый Якубовіч з творчага калектыву "Майстэрня ўражанняў") і... ягоны "калега" з Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек - персанаж спектакля "Балада пра белую вішню". А яшчэ наведвальнікі прэзентацыі нашага медыяхолдынгу выстраіліся ў чаргу, каб атрымаць "мабільны партрэт" ад мастака і выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўгена Шунейкі.
"Культура" двойчы стала лаўрэатам!
Яшчэ адной падзеяй у рамках форуму стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў шостага па ліку Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая Ліцера" ў Малой зале Палаца Рэспублікі, дзе "Культура" двойчы заняла ганаровыя месцы на п'едэстале гонару сярод калег. Дыплом лаўрэата за матэрыялы рубрыкі "Вяртанне імёнаў" у галоўнай намінацыі, якая ўганароўваецца на конкурсе Гранпры, - "Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў", мы атрымалі з рук старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, а дыплом лаўрэата за лепшыя матэрыялы сацыяльнай тэматыкі (артыкулы рубрыкі "Закон крэатыву: фармат якасці") уручыў народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка.
Фота Пятра ОВАДА, Андрэя СПРЫНЧАНА і Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА