Арыгіналы ў Багдановічавым

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча працуе дакументальная выстаўка “Чалавек — крыніца сілы”, падрыхтаваная сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Аркадзя Смоліча.

/i/content/pi/cult/320/5706/pic_38.jpgІніцыятыўны і няўрымслівы грамадскі дзеяч і педагог, вучоны і публіцыст, народны сакратар асветы, старшыня Цэнтральнага бюро краязнаўства Беларусі і рэдактар газеты "Грамада", прафесар БДУ, аўтар першай "Геаграфіі Беларусі"... Гэта ўсё ён - Аркадзь Антонавіч Смоліч.

У красавіку з Украіны ў Мінск прыехаў унук Аркадзя Смоліча - Віталь Моос. Завітаў толькі на адзін дзень: для таго, каб пазнаёміцца з выстаўкай і перадаць на пастаяннае захоўванне шматлікія матэрыялы, звязаныя з жыццём, дзейнасцю і творчасцю яго славутага дзеда. Такім чынам, сёння ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча трапілі арыгінальныя фотаздымкі, рукапісы, дакументы, лісты ды іншыя каштоўнасці, якія распавядаюць пра навуковую дзейнасць і асабістае жыццё Аркадзя Смоліча. Для даследчыкаў і выкладчыкаў гісторыі і геаграфіі Беларусі з'явіліся новыя каштоўныя матэрыялы для вывучэння. Літаратуразнаўцаў і пісьменнікаў чакаюць новыя факты з гісторыі мінскага перыяду жыцця Максіма Багдановіча.

Віталь Моос распавёў супрацоўнікам музея сумную гісторыю сваіх дзядулі і бабулі. Алеся Смоліч, жонка Аркадзя, пасля арышту мужа доўгі час яго шукала, пісала лісты ў шматлікія ўстановы, каб даведацца пра лёс каханага. Яна памерла ў 1974 годзе, так і не даведаўшыся пра тое, што Аркадзя Смоліча расстралялі яшчэ ў чэрвені 1938-га... Алеся Смоліч усё жыццё берагла надзею і веру на сустрэчу з мужам. На сёння магілы Аркадзя Смоліча не існуе, а на месцы расстрэлу ў Омску быў пабудаваны завод, які ўжо не дзейнічае. Галоўнае ж - памяць пра Аркадзя Смоліча жыве, а яго навуковую справу працягваюць паслядоўнікі.

Дарэчы будзе згадаць і словы самога Аркадзя Смоліча: "Добрыя і шчырыя беларусы павінны быць звязаны між сабой не толькі ідэяй, якая з'яўляецца перад вачыма нашымі ва ўсёй пекнаце тады, калі мы ў поўні сілаў на вышыні шчасця; а павінны яны быць злучаны між сабою і як людзі, цеснымі асабістымі звязкамі..."

Ірына ШОРАЦ, вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча