Музычны серыял і “парны канцэрт”

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам рэпеціруе чарговыя выпускі адразу трох музычных “серыялаў”, прысвечаных беларускай культуры мінуўшчыны і сучаснасці. 14 мая — Чачэрск, 20 — 21-га — Нясвіж, 28-га — Мір. А пасля “Славянскага базару ў Віцебску” — Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, які сёлета пройдзе не ў чэрвені, як звычайна, а ў жніўні, стаўшы “кантрольным тэстам” да восеньскіх “Дажынак”.

/i/content/pi/cult/320/5702/pic_30.jpgДадамо, што колькасць такіх фестываляў, зладжаных фінбергаўцамі ў малых гарадах Беларусі ў розныя поры года, даўно пераваліла за сотню. Але кожны мае сваю адметнасць.

- Пятае свята ў Чачэрску,- распавядае Міхаіл Якаўлевіч, - мы прысвячаем тым людзям, што жывуць на гэтай зямлі, пацярпелай ад чарнобыльскай бяды, і сваёй зладжанай працай, сваім моцным духам адраджаюць рэгіён. Духоўная сіла нацыі адыгрывае ў гэтым не менш важную ролю, чым уласна дабрабыт. І мы сваімі фестывалямі таксама гэтаму спрыяем...

Кожны з нашых канцэртаў мае глыбокую навуковую аснову. Бо адраджаецца старадаўняя музыка, робяцца яе пералажэнні для розных выканальніцкіх складаў, што надае ёй яшчэ больш разнастайнасці, прывабнасці для слухачоў. Таму з вялікай удзячнасцю заўсёды згадваю доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгу Дадзіёмаву, якая не толькі адшуквае для нас у архівах усё новыя рарытэты, але і непасрэдна вядзе ўсе канцэрты, выступаючы на іх з расповедамі пра эпоху і яе асоб, а таксама з навуковымі каментарыямі да абранай музыкі. Да таго ж, на кожным з фестываляў знаходзіцца месца для асобных навуковых разважанняў, чытанняў, канферэнцыі з прыездам вядучых спецыялістаў і адпаведным выданнем зборніка з усімі матэрыяламі. Навуковая канферэнцыя ў Нясвіжы- 20 мая, а зборнік ужо даўно падрыхтаваны і выйшаў з друку. Гэтак жа назапашваем музычны матэрыял, каб яго можна было выдаць на дысках. Бо кожная праграма- унікальная. У Нясвіжскай ратушы ўпершыню пройдзе сольны канцэрт нашага найвіртуознага кларнетыста Уладзіміра Солтана, там жа выступіць Ансамбль салістаў на чале з дацэнтам Іванам Брычыкавым. Незвычайная праграма чакае і ўвечары. Спачатку - "Дзень народзін", дзе мы адзначым многія юбілейныя і памятныя даты творцаў ХVIII- ХIХ стагоддзяў, а потым - тэматычны канцэрт "Поры года", у якім прагучаць аднайменныя творы Чайкоўскага, П'яцолы, Вівальдзі. Наступны фестывальны дзень будзе адданы Асамблеі па класе камернага ансамбля і майстар-класу прафесара Уладзіміра Скараходава. Вячэрні ж канцэрт з'яднае джаз і песні.

Фестываль у Міры ўпершыню пройдзе ў адноўленым замку. Ва ўнутраным дворыку выступяць ансамбль трубачоў "Інтрада" і спеўны калектыў на чале з Наталляй Міхайлавай. Але ўсё гэта - толькі пралог да асноўнага свята, якое ўключае ажно тры канцэрты. Прагучаць творы бацькі і сына Карловічаў, у касцёле пройдзе "парны канцэрт" двух нашых калектываў - струннага аркестра і камернага хору. Закрыецца ж свята ў Карэлічах.

Вядома, такі разгорт быў бы немагчымы без падтрымкі Міністэрства культуры нашай краіны, аблвыканкамаў, райвыканкамаў, іншых мясцовых улад. Але, як спяваецца ў песні Ігара Паліводы, што сталася адным з сімвалаў Нацыянальнага фестывалю ў Маладзечне, дапаможа талака. У шырокім сэнсе - усё грамадства, бо справа адраджэння спадчыны - дзяржаўная.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"