Энцыклапедыя колеру

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Шэдэўры, якімі можна захапляцца

/i/content/pi/cult/320/5698/pic_18.jpgУ Палацы мастацтва працуе Рэспубліканская выстаўка "Беларускі нацюрморт 1960-х - 2000х". Яна дае магчымасць вызначыць тыя тэндэнцыі, якія мелі ў айчынным нацюрморце за апошнія 50 гадоў, падвесці пэўныя вынікі і абмеркаваць перспектывы развіцця гэтага жанру ў сучаснай творчасці. 

Жанр нацюрморта ў савецкім мастацтве займаў, так бы мовіць, ніжнюю прыступку ў ранжыры сацыяльнай значнасці, але пры гэтым быў вельмі ўлюбёны гледачом. Падобныя парадоксы ўзнікалі ў мастацтве нярэдка, але менавіта абыякавы погляд колішняй цэнзуры дазволіў цэлым пакаленням выдатных беларускіх жывапісцаў і графікаў свабодна эксперыментаваць у галіне кампазіцыі і колеру, а таксама надаваць значную ўвагу нацыянальнай культуры праз той прадметны свет, якім яны напаўнялі свае творы.

Экспазіцыя ўнікальная не толькі тым, што ўпершыню збірае ў рамках адной прасторы больш за сто аўтараў, фарміруючы паўвекавую рэтраспекцыю, але і тым, што ў арганізацыі гэтай выстаўкі задзейнічаны Беларускі саюз мастакоў, Нацыянальны мастацкі музей краіны, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва і Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

/i/content/pi/cult/320/5698/pic_20.jpgДадзеная экспазіцыя, на мой погляд,- сапраўдны падарунак для аматараў беларускага мастацтва, бо вельмі важна мець магчымасць не толькі зірнуць аб'ёмна на пяцьдзясят гадоў развіцця жанру, але і паспрабаваць даць адказы на пытанні: ці здольныя сучасныя аўтары выбудоўваць такія ж цікавыя і смелыя фармальныя кампазіцыі, як рабілі іх папярэднікі? Ці здольныя яны гэтаксама свабодна і вынаходліва мысліць катэгорыямі колеру і падтрымліваць высокую планку па-сапраўднаму рэалістычнага мастацтва? Гэтыя пытанні- прадмет сур'ёзнага і шырокага абмеркавання, але нават беглы погляд паказвае, што "старыя" работы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, глядзяцца вельмі сучасна. А залог іх сучаснасці ў тым, што творы іхніх аўтараў не губляюць актуальнасці і ніколі не страцяць сваёй індывідуальнасці і сілы. Ды і што можа быць больш сучасным, чым, напрыклад, работы Віталя Цвіркі? Дзіўная свабода самавыяўлення, абумоўленая як прыродным талентам разумення колеру, так і моцнай школай, дазваляе ствараць яму такія шэдэўры, як "Нацюрморт з айвой" або "Нацюрморт з партрэтам". Вынаходлівасць, пастаянны творчы эксперымент, адсутнасць страху перад існуючымі стэрэатыпамі і бязмежная любоў да мастацтва - усё гэта дазволіла майстру стварыць цэлы пласт у нацыянальным мастацтве.

Асаблівасцю жанру нацюрморта ў Беларусі з'яўляецца той уклад, які ў яго развіццё ўнеслі і жанчыны: Валяр'яна Жолтак, Ядвіга Раздзялоўская, Соф'я Лі, Святлана Каткова, Раіса Кудрэвіч, Аляксандра Паслядовіч. Для іх гэта была прастора абсалютнай творчай свабоды, той свет, дзе яны сталі самі сабой і адкрылі гледачу самыя яркія грані ўласнага таленту.

Імя Валяр'яны Жолтак - сінонім жанру нацюрморта. У многім менавіта з ёй сам жанр у нашай выяўленчай прасторы і асацыіруецца. Яе "Званочкі лясныя", "Нацюрморт у майстэрні" - шэдэўры, і гэтым усё сказана. У значнай ступені тое тычыцца і Святланы Катковай. Нацюрморты мастачкі - сапраўдная энцыклапедыя колеру, а яе смелыя пошукі ў галіне фармальнай кампазіцыі - прыклад для маладых творцаў. Гледзячы на яе работы, хочацца сказаць: "Вось ён, вобраз сапраўднай Беларусі!" Не менш значны ўклад у станаўленне нацыянальнай культуры з дапамогай сваёй творчасці ўнесла Аляксандра Паслядовіч: ейныя афорты і майстэрскае валоданне "сухой іголкай" здабылі ёй славу выдатнага графіка.

На выстаўцы мяне вельмі ўразілі дзве работы Соф'і Лі, чыё імя, на вялікі жаль, цяпер не так вядома шырокай публіцы, але творы яе, безумоўна, уваходзяць у "залаты фонд" беларускага мастацтва. У карцінах "Чэрвень" і "Ураджай" злучыліся дзіўная выканаўчая ўпэўненасць і тонкая ўнутраная пачуццёвасць. Гэта тыя работы, пасля прагляду якіх хочацца жыць, таму што яны напаўняюць прастору нерукачыннай цеплынёй.

/i/content/pi/cult/320/5698/pic_21.jpgЦэнтральнае месца ў экспазіцыі займае хрэстаматыйны нацюрморт Мая Данцыга "Палітра новабудоўлі". Гэтая карціна надае сапраўдны імпульс усёй выстаўцы. І ў гледача ёсць магчымасць "ужывую" паглядзець на адну з самых вядомых карцін у гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі.

Важнае месца займаюць работы Гаўрылы Вашчанкі. Шмат у чым менавіта дзякуючы Гаўрылу Харытонавічу нацюрморт ажыццявіў прарыў, паступова вырастаючы ў самастойны жанр. На выстаўцы прадстаўлена міні-рэтраспектыва творчасці майстра. Яго работы напаўняюцца ўсё большай філасафічнасцю, а колеравая палітра выбудавана на тонкіх вохрыстых градацыях, якія надаюць карцінам незвычайную цеплыню. У процівагу тонкай палітры Вашчанкі, вылучаюцца актыўныя, літаральна на грані фолу, палотны Мікалая Залознага. Карціны Мікалая Рыгоравіча здзіўляюць тым, як дакладна ён выкарыстоўвае "чыстыя" колеры. Рэдка хто мог дазволіць сабе так упэўнена звяртацца да чырвонага. Ягоныя работы адметныя ўражальным магнетызмам, і гледачу вельмі складана адарваць ад іх погляд, але нават пасля таго, як ён гэта зрабіў, яны назаўсёды застаюцца ў памяці. Як застануцца ў сэрцы дзіўна тонкія і ажурныя карціны Леаніда Шчамялёва ды Барыса Казакова і магутныя, суровыя, "канструктыўныя" палотны Аляксандра Кішчанкі і Альгерда Малішэўскага.

Уладзімір Зінкевіч прадставіў серыю работ "Рэчы старога дома". Праз яе можна зразумець, чаму нацюрморт- гэта "правадыр" гледача ў святло нацыянальнай культуры. Менавіта таму, што нацюрморт лепш за іншыя жанры выяўленчага мастацтва здольны перадаць нацыянальныя асаблівасці прадметнага свету. Рэчы даюць даволі яскравае ўяўленне аб характары і ладзе жыцця людзей, а ў работах Уладзіміра Леанідавіча кожная рэч мае сваю гісторыю, сваё доўгае жыццё, сваю легенду.

Асабліва хацелася б адзначыць творы Міхаіла Баразны, Уладзіміра Клімушкі, Марыі Ісаёнак, Віталя Герасімава, Андрэя Савіча, Анатоля Кузняцова, Аляксандра Некрашэвіча, Сяргея Цімохава, Аляксандра Барташэвіча, Генадзя Шутава, Любові Абрамавай, Рыгора Сітніцы, Васіля Пешкуна.

Пакуль можна падводзіць толькі прамежкавыя вынікі, паколькі жанр працягвае паспяхова развівацца, але ўжо цяпер можна канстатаваць, што за пяцьдзясят гадоў створана галерэя шэдэўраў, якімі можна толькі захапляцца.

Аляксандр ЗІНКЕВІЧ, дырэктар Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў ("Палац мастацтва"), мастацтвазнаўца