Калі “скарбоначка замыкаецца”...

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Алена Спірыдовіч: “лавіць хвалю” і ствараць мазаіку ціхага шчасця

/i/content/pi/cult/320/5697/pic_17.jpgПраз некалькі дзён заслужаная артыстка Беларусі Алена СПІРЫДОВІЧ, якая стала для многіх своеасаблівым талісманам "Славянскага базару ў Віцебску", разам са сваімі калегамі будзе святкаваць Дзень работнікаў радыё і тэлебачання. Напярэдадні ж яна адзначыла два асабістыя святы: свой юбілей, віншаванні з нагоды чаго працягвае прымаць і па сёння, і, акурат на наступны дзень, 24 гады сямейнага жыцця. Мы сядзім ва ўтульнай вулічнай кавярні ў цэнтры Мінска. Вячэрняя гадзіна пік, навокал віруе жыццё, спяшаюцца аўто і мінакі, а тут - гэткі аазіс сонечнага спакою, бо ад усмешкі маёй суразмоўцы пачынаюць расцвітаць нават штучныя кветкі ў інтэр'еры. Пакуль дастаю дыктафон і блакнот, замест падрыхтаваных "глабальных" пытанняў пра культуру і свет мастацтва з вуснаў зрываецца штосьці зусім іншае... 

- Гэта ваша любімае месца?

- Зусім не, але вельмі зручна: можна пасядзець, адпачыць пасля напружанага працоўнага дня і пры гэтым не адрывацца ад жыцця.

- Быць у цэнтры падзей і ўвагі - ваша крэда?

- Ні ў якім разе! Я навучылася спыняцца, нават рабіць крок назад, каб апынуцца ў ценю і асэнсаваць усё, што адбылося. Мы заўсёды кудысьці спяшаемся, бяжым, не паспяваем, ад гэтага пакутуем, спяшаемся яшчэ больш. А з цягам часу становіцца зразумела, што жыццё - гэта тое, што ты ў ім запомніў. Таму ніколі не трэба шкадаваць час, каб спыніцца і запомніць. Мы яго шмат на што марнуем - вось там можна і эканоміць, каб на ўсё хапіла. А запамінаць трэба, найперш, уласныя адчуванні радасці і шчасця. Хай яно будзе маленькім, "лакальным", з-за нейкай дробязі, але з такіх яркіх, каляровых аскепкаў можна будзе складаць цэлую мазаіку. Што ж да "цэнтра ўвагі", дык я ўмею ставіць у яго сваіх блізкіх і сяброў.

- А на сцэне? Дарэчы, наколькі вам дапамагае ў гэтай прафесіі журналісцкая адукацыя? Ніколі не шкадавалі, што не пайшлі ў тэатральны?

- У тэатральны не паступала, бо артыстам быў бацька. Але, пэўна, каб рыхтаваць вядучых, патрэбна іншая адукацыя, не тэатральная. Бо ў артыстаў і ў вядучага - зусім розныя мэты выхаду на сцэну. Артыст павінен з першых імгненняў прыцягнуць увагу гледача да сябе і не адпускаць яе да канца спектакля. Іначай ён - дрэнны артыст! Вядучы таксама павінен зрабіць усё, каб прыцягнуць максімум увагі, але не да сябе - да таго артыста, які выйдзе пасля яго. І гэта прынцыповая розніца! На жаль, яе не ўсе разумеюць. А для вядучага галоўнае - не толькі стварыць добразычлівую атмасферу ў зале, але і зрабіць усё, каб артыстам было камфортна выходзіць на сцэну.

- Дзе ж тады мяжа паміж тэкстам, напісаным для вядучага, і ўласнымі імправізацыямі?

- Найперш, у этычнай сферы. Добры вядучы заўсёды з павагай ставіцца да аўтарскага тэксту - так сама, як гэта робяць музыканты-выканаўцы, акцёры, якія іграюць у спектаклі. Калі ты адчуваеш, што тэкст напісаны не проста так, працуючы над ім, аўтары разважалі не толькі над кожным словам - над кожным знакам прыпынку, дык імкнешся данесці ўсё гэта да слухача як мага больш беражліва. Да таго ж, асабіста мне часта выпадае весці такія канцэрты, у якіх уся праграма пралічана да хвіліны і нават секунды. Бо гэта звязана і з удзелам высокіх дзяржаўных асоб, і са шчыльным графікам саміх артыстаў: здараецца, усё зроблена так, каб ён літаральна з цягніка трапіў на сцэну, выступіў - і праз колькі хвілін зноў на вакзал ці ў аэрапорт. Ці можна тут дазваляць сабе "лірычныя адступленні", жарты, анекдоты? Іншая справа, калі здараюцца непрадбачаныя сітуацыі і цябе просяць "пацягнуць час", або крыху "паскорыць" канцэрт. Але і ў такіх выпадках у вядучага павінны быць не толькі "хатнія нарыхтоўкі", агульны культурны кругагляд, але і выхаваны мастацкі густ, каб вызначыць, што і ў якім канцэрце дазволена, каб вынік атрымаўся эстэтычным. Што ні кажыце, а з канцэрта, як і зза стала, чалавек павінен сыходзіць з лёгкім адчуваннем голаду: маўляў, яшчэ б крыху! Гэта куды лепш, чым наадварот. Асабіста мне перад самым выхадам на сцэну трэба быццам акінуць поглядам канцэрт, з першага да апошняга нумара, сабраць яго "разам" - і ўсё, "скарбоначка замкнулася". На рэпетыцыях гэта адчуць немагчыма, а літаральна за хвіліну да пачатку ты бачыш, нарэшце, усю карціну цалкам - і сябе ў ёй. Тады і прыходзіць канчатковае разуменне, што і як трэба рабіць, каб не парушыць гармонію.

- А знешні выгляд? Як вы шукаеце вобраз, які трэба стварыць?

- Давяраю гэта свайму дызайнеру - Эльвіры Жвікавай, мастацкаму кіраўніку Беларускага цэнтра моды. Вядома, яна раіцца са мной, калі штосьці нафантазіруе. А я, у сваю чаргу, заўсёды кажу ёй, куды еду і дзе буду выступаць. Бо для сцэнічнага строя значэнне мае ўсё: ад назвы фестывалю да надвор'я, памераў сцэны, наяўнасці ці адсутнасці тэлеэфіру і яшчэ многіх і многіх рэчаў. Адзін са сцэнічных строяў стварыла для мяне Ірына Панароўская. Усе ведаюць яе як цудоўную спявачку, а яна, між іншым, займаецца яшчэ дызайнам, нават адкрыла салон "Іра" - з націскам на апошнім складзе. Яна сама выявіла жаданне зрабіць для мяне сукенку - і я ўпершыню ў жыцці апранула ярка-ружовае, прычым у спалучэнні з зялёным. Здавалася б, жудасная сумесь! Ажно не: атрымалася надзвычай свежа, арыгінальна і з густам. Ёсць у мяне і адзенне, створанае Таццянай Сычовай з Віцебска. Заўсёды з асаблівымі пачуццямі еду ў гэты горад...

 - Бо, пэўна, з яго, другога па ліку "Славянскага базару ў Віцебску" пачалася ваша кар'ера вядучай: дагэтуль вы былі размеркаваны на тэлебачанне рэдактарам...

- "Славянскі базар..." для мяне - гэта, найперш, людзі. І тыя, хто прыязджае выступаць, і тыя, хто на ім працуе, і тыя, хто прыходзяць на само свята. Ды ўсё ж форум - гэта, у першую чаргу, віцябчане: дзякуючы ім ён працуе, бы вялізны адладжаны механізм. І я магу толькі ганарыцца, што ад такой "гаечкі", як я, таксама можа штосьці залежаць. Гэты фестываль, безумоўна, павінен і будзе шукаць сабе новых вядучых, адкрываць імёны. Але ўпэўнена: ніхто з іх ніколі не будзе любіць яго так, як я, - бескарысліва, не толькі за маю на ім працу, але і "проста так".

- Як вядучая вы даўно ўжо VIP-персона на любым фестывалі, а яшчэ і тэлебачанне! Як усё паспяваеце?

- Я заваявала сабе права выбіраць: не заўсёды пагаджаюся, калі клічуць, бо спачатку цікаўлюся мерапрыемствам. І калі, здараецца, перашкаджае не толькі недахоп часу, але і нейкія сумневы, унутраныя ваганні, - адмаўляюся.

 - Ваш удзел у тым або іншым мерапрыемстве даўно ўжо ўспрымаецца гэткім "знакам якасці" самога канцэрта ці фестывалю. Аказваецца, вы ведзяце "пачатковы адсеў"!

- Усіх грошай не заробіш, а дадатковы вольны вечар з любімым чалавекам куды даражэйшы...

 - Дарэчы, як вы пазнаёміліся з Юрыем Брэусам? Зразумела, што на тэлебачанні...

- Я была ў разводзе, ды нікому пра тое не казала. А тут адразу зразумела: гэта мой чалавек. Але Юра быў жанаты... Потым ён даведаўся пра мяне праўду, пачаў з большай настойлівасцю пра мяне клапаціцца, развёўся... Але шлюб мы ўзялі не адразу. Я не настойвала, а ён, пэўна, быў напалоханы ранейшым вопытам. І ў нейкі момант я не вытрымала - сышла. Адно без аднаго мы працягнулі нядоўга - крыху менш за тры дні. Але я за гэты час паспела атрымаць іншую прапанову. І адмовіць. Юра сказаў мне потым, што ён так да мяне бег - з усіх ног, бо баяўся спазніцца. Пэўна, адчуў. І з таго часу мы разам. Нам добра, нават калі мы проста маўчым. З кожным годам, з кожным днём мы становімся яшчэ больш закаханымі - і ўсё больш клапоцімся адно аб адным. Гэткае ціхае шчасце... Бо жыццё, пэўна, складзена так, што, не зведаўшы гора, нельга спазнаць і вялікага шчасця: ты яго можаш папросту не заўважыць, не ацаніць. Бяда - гэта тое, што ўжо нельга выправіць. А ўсё астатняе, што, бывае, напачатку здаецца невычэрпнай трагедыяй, - усяго толькі дробныя непрыемнасці. Таму ўсё, што яшчэ можна выправіць, трэба ісці і выпраўляць! І не задумвацца: а чаму менавіта я? Выпраўляць - і ўсё. Гэта тычыцца і асабістых стасункаў, і працоўных. А яшчэ лепш - не даводзіць сітуацыю да таго, каб патрабавалася ўмяшальніцтва. Словам, дарэчы, можна параніць яшчэ больш, чым нейкім учынкам. Але і вылечыць - таксама.

- Вы аптымістка?

- Так. Нягледзячы ні на што. Я заўсёды гэта дадаю. Калі мне было 20, казала проста: "Аптымістка". А калі стала больш - дадаю: "Нягледзячы ні на што".

 - Няўжо ў 21 жыццё здавалася скончаным?

- Не, я мела на ўвазе тыя "розныя рознасці", што з намі ў жыцці адбываюцца. Дык вось, нягледзячы на іх, нягледзячы ні на што, я - аптымістка. А ўзросту свайго не саромеюся. У мяне не тая прафесія, каб ён мог перашкодзіць. Я ж не топ-мадэль, да прыкладу! І быць ёй не збіраюся. Ну, можа, не завуць мяне ўжо весці дыскатэкі, але гэта мне становіцца нецікава. Затое цікава штосьці іншае!

- І ў гэтым цікавым таксама ёсць штосьці не толькі адухоўленае, ўзнёслае, але і жартоўна-побытавае...

- Жыццё падкідвае ўсё, што заўгодна. Літаральна сёння заходжу на тэлебачанне, а там усе рагочуць: маўляў, як наш гурт "Вялікабрытанія" сябе пачувае? Я не ўцяміла, бо і не ведаю такога. А мне кажуць, як толькі што здымалі праграму, размова зайшла пра замежную эстраду, і запрошаныя ў студыю салісты аднаго гурта раптам выдалі, што сталіца Амерыкі...

- Няўжо Галівуд?

 - Калі б так! Яны сказалі: Вялікабрытанія!.. Ці яшчэ: заходжу неяк у кнігарню, стаіць жанчына ля паліц з класікай, гартае кнігу і кажа: "Гэта ж трэба! Не паспеў фільм выйсці, а ўжо і кніжку склалі!"

- А ў кніжцы вашага жыцця, якая старонка самая загадкавая, патаемная сёння?

- Індыя. Сонца, што павольна "сядае" ў мора, і ты, маўкліва назіраючы за гэтым, думаеш пра ўсё самае добрае, бо ледзь толькі сядзе - быццам выключаць святло, і запаляцца свечы... А яшчэ жоўты пясок, спрасаваны хвалямі настолькі, што ідзеш, не пакідаючы слядоў... Хваля, якая можа ўзняць цябе, калі ты адчуеш яе накат і сам падскочыш, а можа і адкінуць на бераг, калі ты яе прамаргаеш. Што гэта - адпачынак ці суцэльная філасофія?..

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"