Праграма-максімум з “палявым” вопытам

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Агратурызм ёсць там, дзе яго ствараюць

У сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на развіццё аграэкатурызму - пераканаўчага прыкладу творчай ініцыятывы "знізу", якая прыносіць прапарцыйны ўкладанням плён для ўсёй краіны. Прычым гэты плён вымяраецца не толькі эканамічнымі паказчыкамі. Па вялікім рахунку, агратурызм на Беларусі пачаўся з Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 372 ад 2 чэрвеня 2006 года. Адпаведна, сёлета выпадае святкаваць першы юбілей гэтай з'явы. І, без сумневу, - падводзіць першыя вынікі.

 

Розніца паміж лецішчам і сядзібай

Пачыналася ўсё зусім нядаўна, і таму яшчэ добра памятны той скепсіс, якім некаторыя сустракалі заклікі "адпачыць у вёсцы" літаральна некалькі гадоў таму. Але пакуль адны сумняваліся, іншыя - працавалі.

Спецыяліст па турызме грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" Марыя Барынава прыводзіць актуальныя статыстычныя звесткі. Сёння можна з упэўненасцю казаць пра існаванне на Беларусі прынамсі 1247 аграсядзіб (у дужках варта пазначыць, што гэта менавіта тыя сядзібы, якія адпрацавалі хаця б адзін сезон- ды, адпаведна, існуюць рэальна, а не ў фармаце добрых намераў). Параўнальна з 2006 годам, гэты лік павялічыўся ў 37 разоў. Па выніках мінулага года, колькасць карыстальнікаў іх паслуг стала большай у 132 разы, даход - у 210! Такія лічбы нават не патрабуюць каментарыяў.

Што да адваротных працэсаў... Як адзначыла Марыя Барынава, выпадкі, калі аграсядзіба згортвае сваю дзейнасць з прычыны незапатрабаванасці, можна пералічыць па пальцах.

- Прычым "згортваліся" акурат такія людзі, якія ад пачатку не былі ўпэўнены, ці трэба ім гэтым займацца, - дадае яна. - А тыя, для каго агратурызм стаў сапраўднай справай жыцця, на вынікі не скардзяцца. І такіх за апошнія гады з'явілася вельмі шмат...

Нягледзячы на тое, што нават думка пра ўніфікацыю аграэкатурызму выглядае абсурднай (бо кожная хата - па-свойму ўнікальная), за мінулыя пяць гадоў ужо збольшага сфарміраваўся і яго своеасаблівы "фармат". Слова "традыцыі" можна сустрэць у рэкламнай анатацыі ці не кожнай сядзібы. Ды, як зазначыла Марыя Барынава, некаторыя ўсё ж блытаюць агратурызм з банальнай здачай лецішчаў унаймы. У чым жа розніца?

- На жаль, на юрыдычным узроўні адрозненні пакуль не замацаваны, і гэта вялікая праблема, - лічыць спецыяліст. - А розніца ў тым, што гаспадар аграсядзібы павінен забяспечваць турыста не толькі базавым наборам паслуг - размяшчэнне і харчаванне, - але і арыгінальнай праграмай, здатнай раскрыць для гасцей гісторыка-культурную спадчыну свайго краю. Менавіта таму і вядзецца гутарка пра супрацоўніцтва суб'ектаў агратурызму з мясцовымі фальклорнымі калектывамі і рамеснікамі.

На думку Марыі Барынавай, артыкуляваць гэтую розніцу неабходна, перш за ўсё, у інтарэсах самога турыста: ён павінен разумець, куды едзе.

 

Кадравы рэзерв для "атлантаў"

У сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Кіраўнік дзяржавы закрануў і яшчэ адну стратэгічна важную тэму: захаванне дэмаграфічнага балансу паміж гарадскім насельніцтвам і вясковым. Няма суменеваў у тым, што да агратурызму яна мае самае непасрэднае дачыненне.

Ёсць агульнавядомая аксіёма: вёска трымаецца перадусім на моцным гаспадары - фізічна і духоўна здаровым, ініцыятыўным і не пазбаўленым добрых амбіцый. Але дзе знайсці кадравы рэзерв для такіх "атлантаў"? Прычына масавага сыходу працаздольнага насельніцтва ў гарады палягала ў тым, што магчымасцей рэалізаваць сябе ў вёсцы было зусім вобмаль. Вакансій з добрым акладам на ўсіх не хапае, бізнес-перспектывы - надта абмежаваныя, а мазольная праца на ніве сельскай гаспадаркі ў наш век прываблівае не кожнага.

Агратурызм дае рупліваму чалавеку безліч магчымасцей праявіць сябе. Ён здатны не толькі "затрымаць" гаспадара ў вёсцы, але нават ператварыць гарадскога жыхара ў сельскага. Сёння ў гэта верыцца цяжка, але ёсць ужо і канкрэтныя прыклады.

У свой час Міхаіл Дудзікаў мог лічыць сябе адным з герояў песні "Наш адрес - не дом и не улица...": адрасы савецкіх афіцэраў рэгулярна змяняліся з "разбежкай" у тысячы кіламетраў. Але па дэмабілізацыі ён прамяняў гарадское жыццё на аграсядзібу ў вёсцы Залахвенне, што на Быхаўшчыне - на радзіме дзеда. Рупнасцю гаспадара ды дзякуючы льготным крэдытам на беразе Дняпра паўстаў ладны турыстычны комплекс - плён не аднаго года працы. І ў бліжэйшы час яго магчымасці плануецца толькі павялічваць.

 Гэтай красавіцкай парой у сядзібе ідуць апошнія рыхтаванні да новага актыўнага сезона. Інавацый чакаецца дзве: па-першае, конны маршрут з Магілёва, а па-другое - сплаў на лодках па Дняпры да знакамітага Баркалабаўскага манастыра, які сёння адраджаецца з поўнага нябыту.

- Плануем таксама наладзіць шчыльнае супрацоўніцтва з Быхаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем, - дадаў Міхаіл Дудзікаў.

Адпачываць у сядзібу прыязджаюць не толькі з Беларусі, але і з многіх іншых краін. Іх "прынаджваюць" галоўныя козыры агратурызму: цішыня, прырода, рыбалка, паляванне... "А што да замка, сядзібы Талстых у Грудзінаўцы ды іншых гісторыка-культурных адметнасцей Быхаўскай зямлі?" - запытаў я ў гаспадара, спаслаўшыся і на каляндар "К", дзе мы іх змясцілі на пачэсным месцы.

- Паверце, цікавасць да іх у нашых гасцей не абы-якая! - адказаў ён. - Як, між іншым, і да беларускіх традыцый. Таму вельмі хацелася б наладзіць шчыльнае супрацоўніцтва з тым жа Раённым домам культуры. Вось, на Масленку ў нас быў карпаратыў аднаго буйнога банка, разлічаны ажно на 150 чалавек. Чым не пляцоўка для канцэрта народных калектываў?..

Зрэшты, як адзначыў Міхаіл Дудзікаў, ніякіх перашкод для такога супрацоўніцтва не існуе, і пра непаразуменні з раённым аддзелам культуры казаць ні ў якім разе не выпадае.

- Упэўнены, што нам трэба працаваць поруч, - дадаў ён. - Думаю, неўзабаве так яно і будзе. Мы ж толькі пачынаем свой шлях, і перспектывы ўдасканалення - вялікія.

 

На выспе сярод балот

Наведваючы тыя куткі Беларусі, турыстычная перспектыўнасць якіх нават не выклікае сумневаў, вельмі часта бачыш, як людзі "на месцах" бездапаможна разводзяць рукамі: маўляў, ну вы ж самі разумееце, які на Беларусі можа быць турызм...

Такі песімізм - накшталт алібі. Бо з яго дапамогай вельмі лёгка патлумачыць, чаму дзесяцігоддзямі не вырашаюцца нават самыя элементарныя пытанні, датычныя таго ж сэрвісу.

У гэтым кантэксце, вельмі здзіўляюць агучаныя не так даўно вынікі конкурсу "Лепшая аграсядзіба года". Большасць аб'ектаў, што трапілі ў спіс пераможцаў, знаходзяцца ў тых мясцінах, якія на турыстычных картах наогул не значацца. І нават не толькі на турыстычных...

14 красавіка па рашэнні Дзяржаўнай тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь спіс айчынных населеных пунктаў быў папоўнены на адну адзінку - Міколаў хутар. І гэта не новая назва, а вяртанне з нябыту забытай усімі старой.

- У мяне ёсць карта 1866 года, і там сапраўды пазначаны хутар з такой назвай, - распавядае дырэктар фермерскай гаспадаркі Уладзімір Быхаўцаў. - Але, як нам удалося высветліць, у 1930-я гады яго гаспадары былі "раскулачаны" - з усімі зразумелымі вынікамі...

Гадоў пяць таму на месцы хутара была толькі сама выспа, шчыльна аточаная балотамі, у якіх захрасалі нават мажныя "Уралы". Усе выгоды цывілізацыі заканчваліся ў бліжэйшай вёсцы, на адлегласці ў тры кіламетры. Але Уладзімір Быхаўцаў не збаяўся ўзяцца за непад'ёмны, здавалася б, праект: адраджэнне сцёртага з твару зямлі паселішча ў якасці турыстычнага аб'екта.

- Спярша на мяне ўсе як на вар'ята глядзелі, - згадвае гаспадар. - Дый не дзіва: будаўнічыя матэрыялы даводзілася ўзімку завозіць, калі балоты замярзалі...

Намаганнямі Светлагорскага райвыканкама праз некалькі гадоў пытанне з дарогай было вырашана: сёння да аграсядзібы можна без праблем дабрацца ў любую пару. Неўзабаве плануецца і электрыфікацыя хутара: пакуль што ў дадатак да энергіі ад уласнага генератара там карыстаюцца газавымі лямпамі, якія асабліва падабаюцца турыстам. Але і ад гэтай экзотыкі, зразумела, адмаўляцца не будуць і ў далейшым.

- Калі да нас прыязджаюць замежнікі, яны не могуць схаваць здзіўлення: няўжо ў Еўропе яшчэ захаваліся такія некранутыя цывілізацыяй куточкі? - распавядае Уладзімір Быхаўцаў.

Але тураб'ект на выспе сярод балот, дзе можна пазбіраць журавіны або ўбачыць бабровыя хаткі, усё адно меў прыкметную нястачу: у ягоных ваколіцах не было ніякіх гісторыка-культурных адметнасцей.

Гаспадар хутара вырашыў пытанне досыць аргыгінальным чынам. Яго намаганнямі сціплы спіс раённых адметнасцей быў папоўнены яшчэ на адну. Прычым яна можа заняць пачэснае месца і ў іншым спісе - тых помнікаў спадчыны, якія былі выратаваны ад дакладнага знікнення.

- Яшчэ гадоў восем таму я заблукаў на машыне і выпадкова натрапіў на стары занядбаны вятрак у вёсцы Ляды, што ў Жлобінскім раёне, - распавядае Уладзімір Быхаўцаў. - Адразу з'явілася думка: вось бы яго ўратаваць!

А тут і добрая нагода надарылася! Млын ХІХ стагоддзя быў выкуплены, перавезены ў Міколаў хутар і адрэстаўраваны. Яго вышыня разам з крыламі дасягае ажно 27 метраў!

Так аграсядзіба займела свой непаўторны сімвал. Яе гаспадар ганарыцца тым, што вятрак быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і не мае прамых аналагаў на Беларусі. Зразумела, гэтыя факты актыўна выкарыстоўваюцца і ў рэкламных мэтах. Хаця вятрак і сам па сабе здатны рэкламаваць сядзібу значна лепш за любыя слоганы.

- Адзін расіянін, які адпачываў у блізкім ад нас прафілакторыі, як пабачыў гэты млын, дык адразу ўсклікнуў: хачу тут жыць! - распавядае Уладзімір Іванавіч. - І хаця пуцёўка ў яго ўжо была аплачана, ён сапраўды перасяліўся на хутар, а ў прафілакторый толькі на працэдуры ездзіў...

На згаданым вышэй конкурсе аграсядзіба ў Міколавым хутары атрымала прыз у намінацыі "Захаванне беларускіх традыцый". Прычым вынікі працы яе гаспадара ацанілі не толькі прафесіяналы з журы, але і простыя турысты - на брак кліентаў ён зусім не скардзіцца.

Адсюль і рэзюмэ: турызм ёсць там, дзе яго ствараюць. Прааналізаваўшы "палявы" вопыт, можна лёгка прыйсці да высновы, што ўдалыя паводле задумы і дбайныя паводле рэалізацыі праекты прыносяць свой плён нават у балоце - насуперак усім песімістычным прагнозам. А бясконца разводзіць рукамі можна і ля руін сапраўднай перліны дойлідства еўрапейскай велічыні.

Намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга неаднойчы падкрэсліваў яшчэ адну заслугу аграэкатурызму: дзякуючы вясковым сядзібам значна пашырылася геаграфія падарожжаў па Беларусі. І сапраўды: маршруты, якія раней можна было назваць ледзь не экстрэмальнымі (праз паўсюдныя праблемы з турінфраструктурай), становяцца даступнымі нават для прыдзірлівых аматараў камфорту.

 Адчуў гэта, што называецца, на сваёй скуры ў знакамітым мястэчку Моталь, якое таксама не абмінула хваля агратурызму. Унутры будынка - усе здабыткі цывілізацыі, а знадворку - цішыня па-над блізкай адтуль Ясельдай, якую парушае толькі клёкат шматлікіх буслоў. Адным словам - мара гарадскога чалавека.

Толькі вось... Гаспадара аграсядзібы попыт на ягоныя паслугі не радаваў. І прычына тут - зразумелая: ад буйных гарадоў, дзе жывуць асноўныя "спажыўцы" аграэкатурызму, Моталь аддзяляюць сотні кіламетраў. І няшмат знаходзіцца ахвотнікаў ехаць так далёка, каб пачуць цішыню.

Іншая рэч- калі дапасаваць да хараства прыроды ўнікальныя народныя традыцыі тых мясцін, надзвычай удала рэпрэзентаваныя ў знакамітым музеі. А потым згадаць і пра тое, што непадалёк ад Моталя нямала іншых адметнасцей. Атрымаецца праграма мінімум на ўік-энд. І калі такі маршрут, нарэшце, пачне спраўна працаваць, гаспадар сядзібы на Ясельдзе, напэўна, гэта адчуе. Ён ужо і сам пераканаўся, наколькі залежыць ягоная невялікая гаспадарка ад вялікага турбізнесу: пад час штогадовага фэсту "Мотальскія прысмакі" сядзіба бітком набітая ласымі да экзотыкі замежнікамі.

 

■ ■ ■

Усе гаспадары аграсядзіб, з якімі даводзілася гутарыць, амаль аднагалосна адзначылі, што без згаданага вышэй Указа Прэзідэнта яны ніколі не адужалі б сваю справу, хутка заблукаўшы ў юрыдычных і бюракратычных лабірынтах. Рашэнне, прынятае на самым высокім узроўні, праклала для сельскага турызму шырокую вуліцу.

Напрыканцы мінулага года быў падпісаны новы Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, згодна з якім ільготы для суб'ектаў аграэкатурызму прадоўжаны на дзесяць гадоў, а таксама істотна ўзраслі іх магчымасці: прыкладам, адгэтуль у аграсядзібе можа быць не пяць пакояў, а дзесяць.

Зважаючы на тое, з якім імпэтам гаспадары сядзіб распавядаюць пра планы развіцця, не выпадае сумнявацца ў тым, што гэтыя магчымасці будуць выкарыстаны. Ды і новыя "койкамесцы", хутчэй за ўсё, не застануцца вакантнымі: попыт на адпачынак у вёсцы з года ў год павялічваецца. Агратурызм сёння развіваецца ў розных цанавых сегментах - ад сучасных катэджаў, якія "пацягнуць" на "пяць зорак", і да традыцыйных вясковых хат. Але, як адзначыла Марыя Барынава, на кожную з такіх прапаноў знаходзіцца свой турыст.

 

Тэма агратурызму была ўзнята і пад час райвыканкамаўскай лятучкі "К" у Іўеўскім раёне. Чым здзівіць турыстаў гэты рэгіён Беларусі? Чытайце на стар. 10 - 11.