Абмен на пленэры

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Сёння ў карціннай галерэі імя Г.Вашчанкі, што ў Гомелі, адкрыецца выстаўка твораў па выніках міжнароднага пленэру “Зямля Беларуская”.

Галоўны захавальнік фондаў галерэі Алег Курашоў паведаміў "К", што амаль усе творцы, якія ўдзельнічалі ў пленэры, падораць установе сваю работу.

Цягам дзесяці дзён мастакі з Мінска, Гомеля, Магілёва, Санкт-Пецярбурга і Чарнігава актыўна працавалі на беразе Сожа непадалёк ад санаторыя "Чонкі". Па словах Алега Курашова, усе яны прадуктыўна, цікава правялі час, да таго ж, з надвор'ем вельмі пашанцавала, і творцы прадставяць цудоўныя пейзажы. "Але галоўная мэта пленэру- міжкультурны абмен прадстаўнікоў розных мастацкіх школ, - дадае ён.- Госці з-за мяжы маглі бачыць, як эфектыўна развіваецца культура і наогул інфраструктура ў рэгіёне, што больш за ўсё пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС".

Пленэр меў добры плён: у карціннай галерэі хутка адбудуцца персанальныя выстаўкі расійскіх і ўкраінскіх мастакоў, што ўдзельнічалі ў ім. Ужо існуе дагавор пра шэраг экспазіцый. А сярод аўтараў сённяшняй калектыўнай выстаўкі - Ігар Бархаткоў, Аляксандр Лубнеўскі і Аляксандр Грышкевіч з Мінска, магіляўчанка Галіна Конанава і гомельскія жывапісцы Юрый Платонаў і Сяргей Ігнаценка, маладыя мастачкі з Пецярбурга Анастасія Духаніна і Наталля Рамашына, мастакі з Чарнігава Алена Сачанка і Васіль Юдзін.

На здымку: "Чонкі" натхнілі мастакоў.