Дом для творцаў, або “Бонус” да вясны

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Кватэры ў новым доме ў сталічным мікрараёне “Сокал” атрымалі члены Беларускага саюза музыкальных дзеячаў. Днямі шчаслівым навасёлам уручылі ключы.

/i/content/pi/cult/320/5690/pic_11.jpgЖыхарамі гэтага дома ў прэстыжным новым раёне сталі дваццаць педагогаў музычных школ, двое ўдзельнікаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, педагогі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, маладыя кампазітары...

- Бывае, няпроста для грамадскай арганізацыі дабіцца магчымасці атрымаць дом, - адзначае старшыня Праўлення Саюза музыкальных дзеячаў, народны артыст Беларусі Міхаіл Дрынеўскі. - Але нам пайшлі насустрач: было бачна жаданне дапамагчы творчым людзям займець новыя кватэры. Дадам, што праз некаторы час распачнецца будаўніцтва яшчэ аднаго дома для членаў Саюза - у Прылуках, што ў Мінскім раёне.

Гэта прыемная навіна для тых творцаў, якія яшчэ не маюць уласнага жылля ў сталічным рэгіёне. Тыя ж, хто яго цяпер займеў, не хаваюць шчырых слоў радасці.

 - Гэта проста шчасце! - натхнёна кажа загадчык кафедры духавой музыкі БДУКіМ Віктар Валатковіч. - Побач - вадаём, лес, ёсць дзе адпачыць душой і нават парыбачыць. Хтосьці перажываў, што да цэнтра далёка. Па цяперашніх мерках - ідэальна: колькі хвілін да метро, а там - у любую кропку можна трапіць. Хваляваліся, што вакол можа быць пустэча, - ажно не: гандлёвы цэнтр, дзіцячыя садкі, школы... Сапраўдны правобраз маленькага гарадка, не сапсаванага жалезнымі рытмамі мегаполіса. Немагчыма апісаць словамі ўсе адчуванні! Можа, хіба музыкай перадаць эйфарыю? Вясна, 20годдзе нашай кафедры, якое мы днямі адзначылі, - і такі падарунак, бы нейкі "бонус" да гэтага вялікага творчага свята!..

- Дзіва, - не хавае радасці намеснік дырэктара /i/content/pi/cult/320/5690/pic_12.jpgдзіцячай музычнай школы № 19 г. Мінска Галіна Сцяпанава, - што ў наш час здараюцца такія цуды. Можна ганарыцца: у нас ёсць людзі, неабыякавыя да творчага лёсу іншых. Я вельмі ўдзячная кіраўніцтву Саюза музычных дзеячаў і ўсім яго супрацоўнікам, бо мне і з афармленнем дакументаў дапамаглі, і ўвогуле падтрымалі. Цяпер засталіся толькі прыемныя спадзяванні, у тым ліку- на сустрэчы з калегамі. Дом жа - творчы!..

- На чамаданах! - усмешліва адгукнулася на віншаванні "з новай хатай" малады кампазітар, удзельніца многіх міжнародных і сумесных праектаў Вольга Падгайская.- Цяпер жа - усе ўмовы для творчасці! Уяўляеце? З Асацыяцыі маладых беларускіх кампазітараў пры Саюзе музычных дзеячаў нас будзе ў гэтым доме ажно трое: старшыня Канстанцін Яськоў, Яўген Ларыёнаў і я. Гэта ж колькі яшчэ цікавых праектаў можна зладзіць! Думкі так і лётаюць, гудуць, спяваюць, ідэй - процьма! Вось толькі пераедзем (Косця, дарэчы, ужо засяліўся) - і пачнём...

На здымках: "музычны дом" месціцца акурат насупраць царквы Мікалая Цудатворца і зусім побач з ракой Волмай.

Фота Аляксея СКРЫПНІКА