Форты і Фолюш

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

… У мяне ёсць больш чым сто геаграфічных карт, розныя даведнікі пра ўсе нашы абласныя гарады. Бяру турыстычную схему “Гродно” (1985), энцыклапедычны даведнік “Гродно” і параўнальна нядаўняе выданне “Республика Беларусь. Гродненская область. Общегеографический атлас”, і, канешне, звяртаю ўвагу на тое, што новага з’явілася пра тапаніміку Гродна.

Адзначу адразу ж, што ні ў даведніку пра горад на Нёмане, ні ў турсхеме адна з яго адметных частак — Фолюш — аніяк не названа. Хаця кожны гарадзенец ведае гэты раён, туды ходзіць грамадскі транспарт з адпаведнай пазнакай.
Мне цікава, пра што ж “гаворыць” гэтае відавочна небеларускае, але звыклае для гродзенцаў слова — “фолюш”? Скажу, што ў горадзе над Нёманам сустракаецца яшчэ не адна іншамоўная назва, напрыклад, Форты.
Бяру “Слоўнік іншамоўных слоў. Т. 2: М — Я” А.М. Булыкі (Мінск, 1999). “Фолюша” ў ім няма, а пра “форт” чытаю, што гэтае слова мае лацінскае паходжанне: так называлі частку крэпасці альбо самастойны апорны пункт, прызначаны для абароны. Мабыць, будаваліся форты ў Гродне, і ад іх умацаваная мясцовасць неўзабаве атрымала назву.
Наконт Фолюша ў мяне былі доўгія пошукі, але і яму знайшоў тлумачэнне, калі прагледзеў шмат якія выданні, сярод іх — “Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией”, т. XIV, стар.104, працу І.Я. Яшкіна “Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія” (Мінск, 1971, стар. 198). Даведаўся і пра тое, што выдатны даследчык нашых моўных крыніц, лаўрэат Увараўскай, Дзямідаўскай прэмій Іван Насовіч яшчэ ў пазамінулым стагоддзі пакінуў у сваім рукапісе азначэнне слова “фолюш”.
Назва “Фолюш” упершыню згадвалася ў Берасцейскім ваяводстве ў 1579 годзе і абазначала сукнавальню. Сукнавальня дзейнічала і да пабудовы ваеннага паселішча ў занёманскай частцы Гродна, вось каларытная назва “Фолюш” і замацавалася з той пары.
Мне Фолюш быў знаёмы з першага года майго дзетдомаўскага жыцця ў Парэччы (ля Гродна). Над нашым дзіцячым домам № 2 шэфствавалі Гродзенская тытунёвая фабрыка і вайсковая частка з Фолюша. Канцэрты мастацкай самадзейнасці, асабліва аркестра, пакінулі ўва мне незабыўную радасць і добрыя ўспаміны. Ваенныя вельмі любілі і шкадавалі нас — былых беспрытульнікаў. Калі-нікалі запрашалі нас і ў вайсковую частку, праўда, толькі хлопчыкаў. Малым мне пашанцавала некалькі разоў пабываць сярод ваенных; і дасюль не магу забыць ранак у казарме, калі соладка спіцца, а тут раптам горн трубіць пабудку! А на Новы год кожнаму дзетдомаўцу ад партыйнага камітэта, камітэта камсамола ды жансавета вайсковай часткі прывозілі падарункі, нам асабліва дарагія.
Праз усю сваю дзетдомаўшчыну, два гады вучобы ў Ашмянскай школе-інтэрнаце і 27 гадоў службы ў розных гарнізонах захаваў я адзін з тых падарункаў: зорачку ды кнігу з пячаткай пра легендарнага разведчыка Старчака, з якім я асабіста сустрэўся ў Забайкаллі (а жыў ён у Падмаскоўі) і які ў той кнізе пакінуў мне на памяць некалькі сваіх палымяных радкоў. А быў ён тады — слаўны і мужны франтавік — без абедзвюх ног.
Сучасны Фолюш гарадзенцы ўспрымаюць найперш як мясціну, звязаную з вайсковымі справамі, забыўшыся на колішнюю сукнавальню.

Міхась МАЛІНОЎСКІ
Баранавічы