Адраснасць са стымулам: з пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Дзе “шукаць” п’есы, рэжысёраў і спектаклі?

Адным з пытанняў, разгледжаных на калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якая адбылася 27 красавіка ў памяшканні Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, стала праца Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры. Аднак прысутнасць у зале начальнікаў упраўленняў культуры аблвыканкамаў і дырэктараў беларускіх тэатраў прывяла да таго, што тэма гаворкі разгарнулася значна шырэй, выйшаўшы ў рэчышча абмеркавання стану айчыннай драматургіі і рэжысуры.

У сваім дакладзе начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Міхаіл Казловіч закрануў адно з актуальных пытанняў работы Цэнтра: наколькі шчыльна ён на сённяшні дзень працуе ў кантакце з дзяржаўнымі тэатрамі краіны? Ці выходзяць вынікі тых мерапрыемстваў, што адбываюцца ў сценах РТБД, за межы тэатра і горада Мінска? І тут, безумоўна, бачыцца шырокае поле дзейнасці для папулярызацыі айчыннай драматургіі. Так, напрыканцы года, паведаміў прысутным кіраўнік Цэнтра Аляксандр Марчанка, была арганізавана рассылка новых п'ес па літчастках беларускіх тэатраў. Аднак гэтага, натуральна, замала. Падобныя рассылкі павінны мець рэгулярны характар. Ды і спіс тых, хто рэгулярна зможа знаёміцца з навінкамі ў беларускай драматургіі праз анатацыі, рэцэнзіі, уласна тэксты, мусіць быць больш адрасным і не абмяжоўвацца адно толькі літаратурнымі часткамі тэатраў. Як і - межамі нашай краіны. Калі мы імкнёмся папулярызаваць айчынную драматургію і выводзіць яе на еўрапейскі ўзровень, то варта падумаць пра тое, каб ажыццявіць пераклады самых яркіх работ на замежныя мовы. Бо толькі такім чынам можна адкрыць замежным тэатрам і рэжысёрам "дарожку" для знаёмства з тым, што робяць нашы беларускія аўтары.

Прапаганда і папулярызацыя на сцэнах айчынных тэатраў беларускай драматургіі, не толькі класічнай, але і, у большай ступені, сучаснай - яшчэ адно пытанне, якое не абмінулі сваёй увагай удзельнікі калегіі. Чаму далёка не ва ўсіх тэатрах краіны п'есы беларускіх аўтараў займаюць пачэснае месца ў рэпертуарнай афішы? І што неабходна зрабіць, каб Рэй Куні з Рональдам Харвудам не выглядалі для беларускіх рэжысёраў больш прывабна, чым творы айчынных драматургаў? Дырэктары і галоўныя рэжысёры тэатраў ці не ў адзін голас зазначалі, што галоўным "стымулюючым" сродкам у дадзеным выпадку могуць стаць механізмы дзяржаўнага фінансавання. Калі Міністэрства культуры зойме жорсткую пазіцыю ў адносінах таго, што пастановачныя сродкі будуць выдаткоўвацца толькі і выключна пад беларускія п'есы, тэатры з большай ахвотай пачнуць звяртацца да айчыннай драматургіі. Бо, прызнаюць самі практыкі тэатра, грошы для пастаноўкі камерцыйна выгаднай "касавай" п'есы тэатр можа знайсці і самастойна, а вось на творчыя эксперыменты, якія паспрыяюць развіццю нацыянальнай драматургіі, тэатры наважацца з большай актыўнасцю, адчуваючы дзяржаўную "падмогу".

Тэму драматургічных "заробкаў" узняў і драматург Мікалай Рудкоўскі, які распавёў, што на сённяшні дзень у нас існуе практыка, згодна з якой аплата за п'есы, што ідуць у тэатрах, ажыццяўляецца "незалежна" ад выхаду пастаноўкі ў свет. З-за таго, што Савет па драматургіі збіраецца ўсяго толькі два разы на год, складваецца сітуацыя, пры якой спектакль па п'есе аўтара можа ісці ў тэатры па некалькі месяцаў, збіраць залы і рабіць касу, але рашэнне аб аплаце драматургу прымаецца нават праз паўгода з часу прэм'еры. Апошняе, канешне ж, у значнай ступені зніжае стымулы таго, каб драматургі займаліся стварэннем новых п'ес больш актыўна. Натуральна, члены калегіі звярнулі ўвагу на недапушчальнасць падобнага падыходу да аплаты і прапанавалі ўдасканаліць яе механізм.

Паралельна з драматургічнай, узнялася і тэма маладых рэжысёраў, якіх сёння катастрафічна не хапае, нават на ўзроўні таго, каб "запоўніць" штатныя расклады абласных тэатраў. "Куды дзяюцца тыя рэжысёры, якія ладзяць свае творчыя эксперыменты на пляцоўцы Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры? Ці прыходзяць яны потым у іншыя тэатры?" - гэтае пытанне з боку першага намесніка міністра культуры Уладзіміра Карачэўскага, якое прагучала рытарычна і так не змагло знайсці канкрэтнага адказу, вызначыла яшчэ адзін вектар для далейшай працы Цэнтра. А менавіта - работу па арганізацыі праектаў сумесна з іншымі тэатральнымі калектывамі краіны, а не толькі з акцёрамі РТБД. І хаця ў часе размовы гучалі думкі аб тым, што Цэнтр не павінен хадзіць і прапаноўваць сябе направа і налева, а мусіць быць своеасаблівым эпіцэнтрам, куды зацікаўленыя дырэктары тэатраў стануць самі прыходзіць па навінкі, цікавыя праекты і маладых перспектыўных рэжысёраў, думаецца, падобны падыход наўрад ці прынясе належны плён. Бо чакаючы, калі тваю адметнасць заўважаць і ацэняць, можна страціць шмат часу. Таго, які мог бы прыспешыць рэальны, дзейсны кантакт маладых рэжысёраў і драматургаў з тэатральнымі калектывамі краіны.