Напамін на вернісажы

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

Выстаўка работ студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прысвечаная 25-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адкрылася днямі ў галерэі “Акадэмія”. Яе складаюць лепшыя творы, адабраныя ў выніку конкурсу “Незагойная рана”, што праводзіла ўстанова.

/i/content/pi/cult/320/5685/pic_8.jpgЗ пільнай увагай да гэтай экспазіцыі паставілася Прадстаўніцтва Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Беларусі. 25-я гадавіна аварыі на ЧАЭС актывізавала супрацоўніцтва Прадстаўніцтва з паслом добрай волі Праграмы развіцця ААН Марыяй Шарапавай. Яна мае ўласны фонд для дапамогі беларускім студэнтам творчых спецыяльнасцей з рэгіёнаў, пацярпелых ад трагедыі. І ў наступным годзе стыпендыятамі гэтага фонду стануць новыя навучэнцы.

Кіраўнік Прадстаўніцтва ААН у нашай краіне Антоніус Брук адзначыў на вернісажы: "Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў упэўненасць, што студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў атрымалі новыя магчымасці дзякуючы намаганням Марыі Шарапавай. Яе фонд выдаткаваў стыпендыі ўжо чатыром студэнтам Акадэміі мастацтваў. Пад час наведання выстаўкі я быў уражаны работамі многіх маладых аўтараў і з задавальненнем адзначыў, што сярод іх ёсць творы стыпендыятаў".

У экспазіцыі прадстаўлены плакаты і жывапісныя работы навучэнцаў першага - другога курсаў БДАМ. Гэта сучасны погляд моладзі на трагедыю, а таксама яе рэакцыя на падзеі, што адбываюцца сёння ў Японіі. На многіх плакатах можна бачыць суперажыванне японскаму народу. Студэнты абралі нечаканыя творчыя параўнанні, якія ўздзейнічаюць на эмоцыі гледачоў. А апошніх пад час вернісажу было надзвычай шмат.

- Я вельмі рады, што наша мастацтва сарыентавана не толькі на багемны лад жыцця, але і на сацыяльныя праблемы грамадства, - ацаніў выстаўку рэктар БДАМ Міхаіл Баразна. - Бачныя традыцыі мастацкай школы Акадэміі, і высокія якасці гэтай школы былі пацверджаны маладымі людзьмі, што адгукнуліся на акцыю. Наша навучальная ўстанова ўвесь час прымае на вучобу студэнтаў з пацярпелых рэгіёнаў, і ў іх ёсць шанц атрымаць статус стыпендыятаў фонду Марыі Шарапавай у наступным годзе.

Фота Юрыя ІВАНОВА