Правядзенне XV Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі" 4 - 7 мая стала тэмай брыфінгу першага намесніка міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч.
Яна адзначыла, што ў нас існуе ўнікальнае інфармацыйнае поле, у якім не знікла традыцыя праводзіць выстаўку СМІ, як гэта адбылося ў некаторых суседніх краінах. Па яе словах, сэнс экспазіцыі ў тым, што ёсць вялікае жаданне прафесіяналаў кантактаваць між сабой у час такіх святаў, як 5 мая - Дзень работнікаў друку - і 7 мая - Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.
- Дэвіз нашай выстаўкі - "Ствараем разам!", - дадае першы намеснік міністра, - і ён акцэнтуе ўвагу на неабходнасці ў якаснай, высокапрафесійнай, творчай рабоце кожнага гульца медыйнага поля. Па традыцыі, мы падвядзём вынікі Рэспубліканскага конкурсу сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Ліцера", які сёлета праходзіць сёмы раз. Адзначу, што на 25 існуючых у яго рамках намінацый было даслана 300 заявак ад прадстаўнікоў прэсы краіны. Як і ў мінулыя гады, колькасць удзельнікаў узрасла...
За апошнюю пяцігодку, вынікі якой мы падводзім сёння, інфармацыйная прастора Беларусі кардынальна змянілася. Наша прэса дэманструе вельмі добрую эканоміку: павышаюцца ўласныя даходы рэдакцый, многія газеты і часопісы паспяхова працуюць на рынку. Па словах Ліліі Ананіч, некаторыя выданні (сярод іх - і газета "Культура") паспяхова выйшлі на самаакупнасць за апошнія гады.
Лілія Ананіч адзначыла важнасць таго, што ў нашай краіне ёсць пляцоўка, дзе прэса сустракаецца са сваімі гледачамі, слухачамі і чытачамі, дзе можна зрабіць выснову, хто са СМІ сёння прапаноўвае новыя тэхналогіі, новыя падыходы ў працы. У айчыннай аўдыторыі - багаты выбар: паводле звестак на 1 красавіка, у нашай краіне працуюць 1362 перыядычныя выданні, з іх 666 - газеты.
Акрамя беларускіх выданняў, рэкламных агенцтваў і паліграфічных прадпрыемстваў, удзельнікамі выстаўкі стануць СМІ Расіі, Украіны, Азербайджана, Кітая, Індыі, Кубы, Венесуэлы, выданні беларускай дыяспары за мяжой. Ганаровы госць сёлета- прэса Масквы. Плошча гэтага стэнда - каля 50 квадратных метраў.