“Атамная электрычная станцыя нам жыццёва неабходная! І яна будзе ў Беларусі пабудавана!”

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

З Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Беларуская АЭС, як вядома, будзе ўзведзена на тэрыторыі Астравеччыны. Адносна нядаўна "К" пабывала там. Старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Кавалька сказаў нашаму карэспандэнту, што раён знаходзіцца на парозе лёсавызначальных змен. Астравеччына на сёння - сельскагаспадарчая па вытворчай структуры. Але ўжо цяпер у гарпасёлку з'явілася сучаснае жыллё для будаўнікоў АЭС, вядзецца пашырэнне пад'язных шляхоў. Узнікне станцыя - на парадкі павялічыцца насельніцтва раёна, пашырыцца і сацыякультурная структура.

 "Рэгуляваць працэсамі ўнікальнага пераўтварэння, - кажа Адам Кавалька,- гонар для любога кіраўніка. Нам неабходна вельмі сур'ёзна заняцца ў раёне маладзёжнай палітыкай, фарміраваннем кадравага складу ўстаноў культуры, якія хутка будуць працаваць у якасна новых умовах. Трэба зрабіць так, каб у культуры, у тым ліку сельскай, працаваць было выгадна. Каб мы конкурс вакансій на пасаду кіраўніка СДК абвяшчалі. Тады кожная ўстанова неўзабаве стане брэндавай".

Напрыканцы кіраўнік Астравеччыны дадаў, што не ў кожнай дзяржаве, не кожны год прымаюцца лёсавызначальныя рашэнні аб будаўніцтве атамнай станцыі, аб змяненні статуса райцэнтра, аб пашырэнні магчымасцей і раёна, і ўсёй краіны. "Гэта сапраўды цікава, - падкрэсліў Адам Кавалька, - быць у цэнтры падзей, што наўпрост паўплываюць на дабрабыт усёй Беларусі".