Сёлета спаўняецца 20 гадоў з дня адкрыцця ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў спецыяльнасці "Дызайн".
З гэтай нагоды ў абласным цэнтры адкрыліся дзве мастацкія выстаўкі: выкладчыкаў навучальнай установы і яе студэнтаў. У Гарадской выставачнай зале прадэманстравалі свае работы мастакі-мэтры.
Тут можна ўбачыць пейзажы, партрэты, нацюрморты, выкананыя ў розных стылях: ад акадэмічнага жывапісу да авангарда. Кожная карціна здзіўляе асаблівасцю светапогляду аўтара і прываблівае непаўторным настроем. Карціна Уладзіміра Казакова "Памяці Хірасімы" ў сувязі з падзеямі ў Японіі ўспрымаецца асабліва трагічна. Назва карціны "Радасць" Ніны Чураба кажа сама за сябе: апельсін нагадвае сонца, якое нібыта агортвае сваім цяплом, а амаль вангогаўскія мазкі адсылаюць глядача да постімпрэсіянізму.
Навучэнцы каледжа мелі магчымасць выставіць свае творы ў Сенатарскай зале Новага замка. У экспазіцыі- праграмныя заданні, выкананыя студэнтамі, а таксама дыпломныя працы, большасць з якіх - тэатральныя афішы.
Застаецца дадаць, што многія навучэнцы каледжа з'яўляюцца лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, а 27 студэнтаў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Дар'я ЧАРКЕС
Гродна