З 25 па 30 красавіка Мазыры прымае VII Міжнародны фестываль юных талентаў "Зямля пад белымі крыламі".
Начальнік аддзела культуры Мазырскага райвыканкама Ірына Мірончыкава нагадвае, што фестываль нарадзіўся ўвесну 1998 года, у Дзень памяці аб чарнобыльскай бядзе. Кожны з фестываляў, па традыцыі, ладзіцца напрыканцы красавіка.
Сёлетнюю "Зямлю пад белымі крыламі" наведаюць творчыя дэлегацыі з 12 краін. Такое прадстаўніцтва - пераканаўчы доказ, што Беларусь у яе постчарнобыльскім адраджэнні і стваральным руху наперад падтрымлівае ўвесь свет. Юныя таленты, у тым ліку і з пацярпелых раёнаў Беларусі, прадэманструюць, як і заўжды, сваё майстэрства ў народных спевах, эстрадным вакале, харэаграфіі.
Афіцыйнае адкрыццё міжнароднага свята прымеркавана да 26 красавіка. Распачнецца яно мітынгам-рэквіемам у мазырскім скверы Памяці.