Дыскатэкі – ад суму лекі ?..

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

“Дыскатэка — форма арганізацыі вольнага часу грамадзян, якая ўключае танцавальныя вечары, вечары адпачынку і іншыя забаўляльныя мерапрыемствы, што суправаджаюцца публічным выкананнем музычных твораў артыстамі, выканаўцамі і (ці) з дапамогай тэхнічных сродкаў з магчымым выкарыстаннем кіна- і відэаматэрыялаў, правядзеннем канцэртных, гульнёвых і іншых праграм”. (Пункт 2 Палажэння аб арганізацыі правядзення дыскатэк і работы культурна-забаўляльных (начных) клубаў у Рэспубліцы Беларусь, якое зацверджана ў адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14 мая 2007 г. №582)

Дыскатэка ля возера

… Узгадваю адпачынак ля возера гадоў пяць таму. Цішыню наваколля парушала занадта гучная музыка, што грымела ўвесь час у пансіянаце “Свіцязь”. Мы проста шалелі ад аднатыпных мелодый тупых рускамоўных шлягераў кшталту “Ты целуй меня везде, я ведь взрослая уже”. Мелодыі паўтараліся па некалькі разоў за вечар. Пайшлі дазнацца, ці надоўга гэтыя пакуты, мо варта сысці куды далей? Аказалася, што мо і назаўсёды, бо музычны гвалт зыходзіў з дыскатэкі.
На ёй жа самой голасу вядучага не было чутно, толькі раўла папса. На танцпляцоўцы пансіяната ў паўзмроку таўкліся маладыя і сталага веку адпачыванцы, бацькі з дзецьмі, а таксама кавалеры нападпітку з прылеглых вёсак, ад якіх матулі аберагалі сваіх малалетак. Музыка была тая ж самая — здавалася, што ў культарганізатара ці дыск-жакея ў наяўнасці адзінадзіны кампакт-дыск.
Але, па-праўдзе, я ў нечым і пазайздросціла дзі-джэю: гэта ж трэба — усё лета жыць у такім райскім куточку, ля самага чысцюткага і прыгожага возера! Праца ж дзі-джэя, мяркуючы па тым, што можна было пачуць, зусім гультайская: мяняй час ад часу дыскі — і ўсяго клопату. А за гэта яшчэ і грошы плацяць!..
Я, між тым, дакладна ведаю, што работа дзі-джэя зусім не лёгкая, калі толькі быць прафесіяналам, калі працаваць сумленна. Вядомы ў гэтым накірунку спецыяліст і культарганізатар Клаўдзія Лабчэўская, якая здольная ўвесь вечар утрымліваць ля сябе натоўп дзяцей і дарослых падчас мерапрыемстваў, расказвала, што яна можа, да прыкладу, з адным звычайным чайнікам ці мячыкамі-кеглямі арганізаваць добры дзесятак гульняў. А колькі ў яе “запасніку” традыцыйных беларускіх забаў, розных конкурсаў, жартоўных спаборніцтваў!..
Але што мы маем у цэлым? Пытанне паляпшэння работы дыскатэк, як кажуць, наспела і накіпела, таму і вырашаецца яно на дзяржаўным узроўні.

Пра дыскатэкі афіцыйна

Вельмі своечасова прынята Саветам Міністраў РБ Палажэнне аб арганізацыі правядзення дыскатэк і работы культурна-забаўляльных (начных) клубаў у Рэспубліцы Беларусь. Яму папярэднічаў гарадскі агляд-конкурс праграм сталічных дыскатэк і клубаў “Моладзь — за здаровае жыццё”, які доўжыўся два месяцы.
Для абмеркавання згаданага вышэй Палажэння, абмену вопытам работы вядучых дыскатэк, дзі-джэяў Міністэрствам культуры РБ, БДУ культуры і мастацтваў і Упраўленнем культуры Мінгарвыканкама быў арганізаваны Рэспубліканскі семінар “Тэматычныя дыскатэчныя мерапрыемствы і іх роля ў фарміраванні маральнага светапогляду моладзі”.
З усіх абласцей прыехалі ў начны сталічны клуб “Макс-шоу” удзельнікі семінара — навукоўцы, выкладчыкі, спецыялісты і практыкі дыскатэчнай справы, кіраўнікі клубаў і вядучыя дыскапраграм.
Начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Васіль Чэрнік на гэтым мерапрыемстве паведаміў, што праект названага Палажэння па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Савета Міністраў распрацаваны Мінкультам сумесна з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі. Мэта прыняцця гэтага дакумента — адрэгуляваць адносіны, звязаныя з дзейнасцю і арганізацыяй дыскатэк і культурна-забаўляльных начных клубаў на тэрыторыі краіны.
— Хачу падкрэсліць, — казаў Васіль Мечыслававіч, — актуальнасць і сацыяльную значнасць гэтага пытання. Неабходна пашыраць кола паслуг інфармацыйна-пазнавальнага і забаўляльнага характару, запатрабаваных моладдзю. Таму сёння значна павышаюцца патрабаванні да якасці такіх мерапрыемстваў. Што, у сваю чаргу, вымагае пераасэнсавання той сацыяльнай ролі, якую зараз адыгрываюць дыскатэкі як самая масавая і папулярная форма арганізацыі вольнага часу сярод моладзі. Таму неабходна было выпрацаваць новыя падыходы да рэгулявання гэтага віду дзейнасці. Прыняцце на такім высокім узроўні адпаведнага нарматыўна-прававога дакумента дазволіць весці сістэматычны і дзейсны кантроль за месцамі адпачынку моладзі як у вячэрні, так і ў начны час, а таксама больш эфектыўна кантраляваць дзейнасць юрыдычных асоб незалежна ад формы іх уласнасці і падпарадкавання і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца арганізацыяй правядзення дыскатэк, а таксама работы культурна-забаўляльных начных клубаў.

Навуковы погляд

Ірына Шумская, кандыдат культуралогіі, старшы выкладчык кафедры культуралогіі БДУ культуры і мастацтваў, якая вывучае праблемы дыскатэк на навуковым, тэарэтычным узроўні пры дапамозе “Піраміды патрэбнасцей” амерыканскага псіхолага Абрахама Маслоу, выказалася так:
— Сучасная сацыякультурная сітуацыя ў рэспубліцы адначасова са станоўчымі працэсамі характарызуецца пэўнымі негатыўнымі тэндэнцыямі. У прыватнасці, абмасаўленнем культуры і ўкараненнем кітча, часам і празмернай ідэалагізацыяй мерапрыемстваў. З аднаго боку, сёння клубны час усё больш шырока выкарыстоўваецца для рэалізацыі творчага і духоўнага патэнцыялу моладзі. З другога боку, узровень культурна-масавых мерапрыемстваў не заўсёды адпавядае як актуальным патрэбам гэтай катэгорыі насельніцтва, так і пэўным эстэтычным і этычным запатрабаванням грамадства. У той жа час менавіта дыскатэка задавальняе мноства важнейшых патрэб сучаснага маладога чалавека. Можна нават гаварыць пра homo discotheques — пэўны соцыум людзей, якія знаходзяцца на пэўным этапе пераходнага ўзросту.
І.Шумская прывяла даныя апытання сярод наведвальнікаў рускамоўнага Інтэрнета, у якім бралі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Вынікі сведчаць, што 40% апытаных увогуле не наведваюць начныя дыскатэкі і клубы, а тыя, хто іх наведвае, у якасці асноўных прычын, што прыводзяць іх на дыскатэку, назвалі наступныя: кантакты з сябрамі— 31,4%; жаданне патанцаваць — 28% ; піва папіць— 27%; паслухаць музыку — 17,6%; на людзей паглядзець і сябе паказаць— 12,2%; ад няма чаго рабіць — 6,3% .
Сярод важнейшых фактараў, што вызначаюць выбар той ці іншай дыскатэкі, клуба, былі: кантынгент наведвальнікаў — 41,4%; падбор музыкі — 39%; узровень абслугоўвання — 28,9%; бяспека — 27,3%; цэны ў бары — 24,3%; месцазнаходжанне — 23 %; цэны за ўваход — 21,7%; дызайн інтэр’ера— 21,2%; добры танцпол — 13,4%; меркаванне сяброў — 15%; наяўнасць шоу-праграмы — 11,2%; рэжым работы — 10%; прэстыж— 6,5%; рэклама — 1,1%.
Цікавыя статыстычныя даныя, атрыманыя па выніках анкетавання дзі-джэяў клубных устаноў Гомельшчыны, прывяла метадыст па рабоце з дзецьмі і моладдзю Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Марыя Астапава.
Асноўны ўзрост апытаных у гэтым рэгіёне дзі-джэяў — прыкладна 20 — 30 гадоў. Вышэйшую адукацыю тут маюць толькі 7 дзі-джэяў, 33 апытаныя (70% рэспандэнтаў) маюць сярэднюю і сярэднюю спецыяльную адукацыю, з іх 15 чалавек маюць прафесіі повара, заатэхніка, майстра сельгасвытворчасці, 11 вядучых дыскатэчных праграм атрымалі прафтэхадукацыю (радыёмеханікі, механікі, электрыкі, вадзіцелі). Зразумела, што такія арганізатары вольнага часу могуць проста “круціць” дыскатэку, але правесці сапраўднае шоу, напоўніць яго адмысловымі конкурсамі, гульнямі, выступленнямі, стварыць атмасферу яны наўрад ці здольныя. Таму дзейснае навучанне культарганізатараў, дзі-джэяў, дыск-жакеяў, вядучых дыскатэчных праграм, іх перападрыхтоўка больш чым актуальныя.

Гавораць практыкі

Як адзначалі ўдзельнікі семінара, дыскатэкі сёння — адна з самых прыбытковых галін культурнага абслугоўвання. Напрыклад, у Мінскай вобласці на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дыскатэк аддзелы культуры рай— і гарвыканкамаў у 2006 г. накіравалі 725,5 мільёна рублёў, а платныя паслугі ад дыскатэк за той жа перыяд склалі 2,5 мільярда рублёў — 40% ад агульнага плана выканання платных паслуг устаноў культуры Міншчыны. Як бачым, кожны рубель, затрачаны на паляпшэнне дыскатэчнага абслугоўвання, акупляецца шматкроць.
Тамара Яскевіч, начальнік культурнаадпачынкавага аддзела Мінскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, таксама закранула на семінары пытанні павышэння кваліфікацыі вядучых дыскатэк і расказала пра абласную праграму “Дыскатэка”, у адпаведнасці з якой на Міншчыне створана абласная школа дзі-джэяў.
Яшчэ адным стымулам для дзі-джэяў тут стаў абласны конкурс “Дыскатэчны рух”. Вельмі добры вопыт арганізацыі дыскатэк і работы з моладдзю напрацаваны ў Палацы культуры Барысава. Некалькі гадоў тут праводзіцца дзі-джэйскі фестываль “Горад, які танчыць”. Летась у жніўні прайшоў абласны конкурс дзі-джэяў, у якім прынялі ўдзел 11 каманд з розных дыскатэчных клубаў, а ўсяго такіх клубаў у Мінскай вобласці — 48.
Для Алеся Радзівілава, арт-дырэктара начнога клуба “Макс-шоу”, які лічыцца адным з лепшых ў Мінску, праграмы пра здаровы лад жыцця — не навіна. Для сваіх праграм ён запрасіў з парку імя М.Горкага аматараў веласпорту. Потым запрасіў з Палаца культуры МАЗа калектыў хіп-хопа, а з трэнажорных залаў— тых, хто займаецца бодзібілдынгам.
Для Людмілы Карніловіч з Глыбокага Віцебскай вобласці семінар стаў першай сустрэчай гэтай катэгорыі культработнікаў. На думку Л.Карніловіч, моладзь стамілася ад казённых “лекцый на тэму...”. Таму ў гэтым горадзе пачалі працу з брэйкерамі, а любімая мясцовая група брэйк-данса — “Дзіг-сіці”, што азначае ў перакладзе — “Глыбокае”. Частымі гасцямі ў іх клубе бывае папулярная ў горадзе рок-група з лацінскай назвай, якая перакладаецца як “Бяссонніца”. Любімы конкурс глыбоцкіх старшакласніц — выкананне танца жывата.
Вось такі досвед практыкаў з некаторых рэгіёнаў. Дарэчы, на танцпляцоўках бывае ад 500 да 800 чалавек, як паведаміў Алег Стрыжанок з Культурна-дзелавога цэнтра “Віцебск”.
Як бачым, пераважная большасць сучасных дыскатэк і начных клубаў не нясуць ні выхаваўчай, ні якой-небудзь адукацыйнай функцыі, а з’яўляюцца выключна забаўляльнай з’явай, якая дае магчымасць магчымасць адключыцца ад паўсядзённых праблем і клопатаў. Мой сумны роздум падтрымала, нібыта прачытаўшы думкі, Л.Казлоўская: яна расказала, што пры правядзенні аналагічных забаўляльных праграм у краінах Еўропы імкнуцца прапагандаваць нацыянальнае. Да прыкладу, тактоўна-ненавязліва прапануюць выканаць нацыянальны танец, падтрымаць хаця б просценькі прыпеў народнай песенькі.
Як узгадала І.Шумская, у канцы 90-х у сталічным клубе “Рэзервацыя” вялікую папулярнасць у моладзі мелі танцавальныя вечары пад назвай “Спортлато”, дзе выкарыстоўваліся падборкі музыкі з савецкіх кінафільмаў і мультфільмаў.
Атрымалі прызнанне публікі мерапрыемствы, якія адносіліся да катэгорыі “Дыскатэка 80-х”. Своеасаблівы досвед прадстаўлення культуралагічнага складніка ў клубных дыскатэчных мерапрыемствах быў ажыццёўлены, у прыватнасці, пры правядзенні такіх мерапрыемстваў, як “сярэдневяковыя дыскатэкі”, фольк-дыскатэка, падчас якой моладзь развучвала старадаўнія і народныя танцы. Сучасная ж дыскатэка ператварылася ў своеасаблівы замяняльнік старажытнага рытуалу, субстытут карнавальнай містэрыі, дзе кожны імкнецца вызваліцца ад умоўнасцей паўсядзённагажыцця.

Куды ісці далей?

Па выніках праведзенага Рэспубліканскага семінара “Тэматычныя дыскатэчныя мерапрыемствы і іх роля ў фарміраванні маральнага светапогляду моладзі” навукоўцамі Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры падрыхтаваны прапановы па ўдасканаленні правядзення дыскатэк і танцавальных вечароў. Галоўныя з іх дзве: мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы клубных устаноў, якія праводзяць дыскатэкі, і пашырэнне вучобы і перападрыхтоўкі арганізатараў дыскатэк. Вартая ўвагі і прапанова аб’яднаць намаганні ў вырашэнні згаданых праблем такіх грамадскіх інстытутаў, як БРСМ, прафсаюзныя і іншыя арганізацыі. Адказную і складаную працу ў нас здаўна рабілі талакой.

Галіна СУША,
старшы навуковы супрацоўнік
аддзела народнай творчасці БДІПК