Прынцып каманды

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Рэспубліканскі семінар: кадравы патэнцыял

Iнстытут культуры Беларусi правёў рэспублiканскi семiнар "Кiраванне персаналам: фармiраванне каманды" для рэзерву кіруючых кадраў цэнтральнага апарата Міністэрства культуры і арганізацый рэспубліканскага падпарадкавання.

У выступленні міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі акцэнтавалася ўвага на больш эфектыўным выкарыстанні дзяржаўных сродкаў.

"Бюджэтная палітыка мае быць пераарыентавана ад кіравання выдаткамі да кіравання вынікамі,- асабліва адзначыў міністр. - Павінен быць уведзены праграмна-мэтавы метад бюджэтнага фінансавання культуры". Назваўшы апошнія з прынятых на дзяржаўным узроўні дакументы, скіраваныя на рэгуляванне дзяржаўна-прыватных адносін у сферы культуры, Павел Латушка зазначыў: "Наспела неабходнасць прыняцця Закону аб мецэнацтве, які стварыў бы падставы для развіцця мецэнацтва ў краіне. Значным здабыткам уяўляецца ўнясенне ў Закон аб дзяржаўных закупках заўвагі, што кошт праекта з'яўляецца толькі адной з яго ўмоў, але не заўсёды вырашальнай. Ужо цяпер Мiнiстэрства выступiла з iнiцыятывай стварэння Кодэкса аб культуры".

Прамоўцы выводзілі розныя аспекты мадэлявання праектнай дзейнасці. Да прыкладу, дырэктар цэнтра бізнес-тэхналогій, член Грамадскакансультатыўнага Савета пры кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Жанна Грынюк спынілася на фарміраванні іміджа ўстановы культуры і прыцягнення ў штат прафесійных маркетолагаў. На думку ж дэкана факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ, кандыдата педагагічных навук Мікалая Каралёва, для развіцця праекта неабходна мець шэраг мэт, а для дасягнення асноўнай - патрэбна дасягненне прамежкавых мэт. На гэта ён параіў звяртаць увагу пры фарміраванні пазіцый бізнес-планаў.

Прыклад рэалізацыі каманднага прынцыпу для рэалізацыі культурнага праекта прывяла загадчык аддзела навуковаасветніцкай працы Нацыянальнага мастацкага музея, кандыдат мастацтвазнаўства Iрына Скварцова. Яна падзялілася вопытам фарміравання каманды аднадумцаў, дзякуючы ўдалым дзеянням якой паспяхова рэалізуецца міжнародная акцыя "Ноч музеяў". Адным жа з галоўных вынікаў удала праведзенага культурнага праекта з'яўляецца той факт, што асобныя члены каманды з часам становяцца штатнымі супрацоўнікамі музея.