Рытмічна, але джазава

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Адзін за адным прайшлі тры эстрадныя конкурсы, якія ахапілі дзятву і моладзь: “Халі-хало” ў Наваполацку, “Маладзічок” у Маладзечне і, нарэшце, “Вясеннія рытмы” ў Дзяржынску. Гэткі марафон стаўся добрай падрыхтоўкай да Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне.

/i/content/pi/cult/319/5663/pic_8.jpgПра адметнасці "Вясенніх рытмаў" распавёў старшыня журы - народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі:

- Конкурс прайшоў другі раз і значна адрозніваўся ад першага - у лепшы бок, зразумела. Надзвычай разнастайным стаў рэпертуар, гучала шмат беларускамоўных песень. Калі раней, здаралася, удзельнікі літаральна "здымалі" манеру спеваў Ірыны Дарафеевай, дык цяпер намагаюцца знайсці нешта сваё. Стала менш папсы, затое паболела джазу. А гэта ўжо зусім іншы ўзровень, які сведчыць аб тым, наколькі плённа педагогі працуюць з дзецьмі. Абласны маштаб дазволіў вывесці на сцэну хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі з вядомых эстрадных студый, але і з вёсак. І тое, што яны параўналі сябе са сваімі аднагодкамі, "патусаваліся" разам, паслухалі парады спецыялістаў і сваіх куміраў, сярод якіх быў, дарэчы, Пётр Ялфімаў, можа даць ім добры творчы штуршок.

У 4-х узроставых катэгорыях журы адзначыла 18 удзельнікаў. Дыпломы вышэйшай пробы атрымалі Віка Місюль з Вілейшчыны, Галя Рамашка з Клецкага раёна, Наталля Ламака з Маладзечаншчыны і, у старэйшай групе, навучэнка Мінскага каледжа мастацтваў Кацярына Худзінец.

Ды ўсё ж, ці не замнога конкурсаў запар? На гэтае пытанне мы папрасілі адказаць кампазітара Алега Елісеенкава, які працаваў у журы ўсіх трох спаборніцтваў:

- Вы лічыце, зашмат? Ні ў якім разе! /i/content/pi/cult/319/5663/pic_7.jpgПа-першае, вясна. А гэта значыць, што сам графік навучальнага года схіляе да падвядзення вынікаў. Па-другое, кожны конкурс мае сваю адметнасць. Па-трэцяе, конкурсаў не бывае зашмат! Як у спартсменаў - шэраг спаборніцтваў розных рангаў, а не адны-адзіныя Алімпійскія гульні. Бо іначай - дзе ж ім вопыт назапашваць? Карысна гэта і для мясцовых улад. Вельмі ўзрадавала, дарэчы, што на ўсіх конкурсах прысутнічала гарадское кіраўніцтва, і гэта была не "дзяжурная ўвага", а сапраўдная зацікаўленасць. Еўропа даўно ўжо прыйшла да таго, што кожны горад мае свой фестываль ці конкурс - гэта брэнд! І- норма жыцця. Так што мы рухаемся ў правільным напрамку. Узгадаю ў гэтай сувязі і тэлепраект "Я пяю!", які даказаў, што дзіцячыя конкурсы могуць прывабліваць самае шырокае кола гледачоў. Цудоўнае афармленне сцэны, добрая гукавая апаратура, сцэнічныя строі - усё гэта выклікае жаданне займацца і ў іншых дзяцей. Дзеці вырастуць - і хтосьці з іх стане гонарам нашай "дарослай" эстрады, хтосьці - выхаваным, дасведчаным слухачом. А гэта не менш важна, бо высокі густ і культура ўсяго грамадства не прапусцяць на эстраду танную падробку.

На здымках: Галіна Рамашка; Вікторыя Місюль.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"