“Падстрыгчы” оперу па-італьянску

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Італьянцы ў Беларусі: без прыгод, але з найлепшымі ўражаннямі. Прыблізна так можна падвесці вынікі амаль двухтыднёвай працы ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі знаных спецыялістаў з Італіі — Паўла Дэнапалі і Алясандра Бініні.

/i/content/pi/cult/319/5662/pic_6.jpgЯны працавалі з нашымі салістамі над італьянскім вымаўленнем, музычнай фразіроўкай, вакалам і іншымі сакрэтамі выканання "Аіды" Дж.Вердзі і "Севільскага цырульніка" Дж.Расіні, прэм'еры якіх запланаваны, адпаведна, на канец мая і пачатак новага сезона.

Перадгісторыя падзеі вядзе адлік, можна сказаць, здавён: італьянскія спецыялісты плённа перадавалі свой вопыт нашым музыкантам цягам стагоддзяў. У ХVII-м, дарэчы, у аднаго з Радзівілаў Рэчы Паспалітай, як сведчаць апошнія даследаванні навукоўцаў, працаваў лютністам родны брат Галілеа Галілея. Так што песня дуэта "Аляксандра & Канстанцін", прэзентаваная калісьці на "Еўрабачанні", мела, як аказалася, схаваны падтэкст, пра які ў той час ніхто не здагадваўся. Цяперашні ж прыезд італьянцаў тычыўся "Травіяты" Дж.Вердзі, якой 10 красавіка дырыжыраваў Джанлука Марчыяна (ён жа ставіць і "...Цырульніка"), і рэпетыцый над партыямі будучых прэм'ер. Супрацоўніцтва прынесла задавальненне абодвум бакам.

 - У вас цудоўны тэатр, - сказаў Алясандра Бініні, які спецыялізуецца ў галіне расініеўскай стылістыкі. - Спевакі вельмі добра падрыхтаваны, з радасцю адгукаюцца на прапановы яшчэ больш удасканаліць сваё майстэрства. Найбольшай карэктуры патрабуе, вядома, італьянскае маўленне, бо нішто не заменіць размоўнай практыкі з носьбітамі той або іншай мовы. Мне часта даводзіцца гэтак жа працаваць у іншых краінах - найперш, у Іспаніі, Японіі. Акрамя вакалістаў, працую таксама з дырыжорамі- цалкам над операй, каб дасягнуць яе папраўдзе расініеўскага выканання.

- Пэўна, у вас склаўся нейкі ідэал пастаноўкі "Севільскага цырульніка"?

 - Усе спектаклі, што я бачыў у розных краінах, мяне ўражвалі, паўсюль былі свае знаходкі. Увогуле, у гэтай оперы такая музыка, што сапсаваць яе ўжо нічым немагчыма. Але, на маю думку, Разіну павінна спяваць не каларатура, а мецца-сапрана: нізкі тэмбр лепей перадае зусім не легкадумны, моцны характар гераіні. Яна добра ведае, чаго хоча, і дасягае гэтага.

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА На здымку: А.Бініні з салісткай Марынай Аксёнцавай.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"