“Ад шчырага…” да шчодрага

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Харавыя тэндэнцыі ў рэчышчы энергіі

/i/content/pi/cult/319/5661/pic_5.jpg Каго здзівіш аматарскімі харавымі спевамі? А калі калектывы спяваюць творы аднаго аўтара? Дакладней, двух: Эдуарда Шчырага на словы Анатоля Казюкі... Але два дні запар, пакуль у Жодзіне праходзіў VІ Міжрэгіянальны фестываль харавога мастацтва "Ад шчырага сэрца!", душа спявала!

Свята ладзіцца БелАЗам раз на два гады. І вымушаны перапынак (пяты па ліку фестываль адбыўся ў 2007-м) толькі падкрэсліў, як згаладаліся спеўныя калектывы па такім спаборніцтве. З дваццаці дзвюх заявак арганізатары пакінулі сем хароў і столькі ж ансамбляў. Агульны ўзровень аказаўся настолькі высокім, што журы на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхасём Дрынеўскім сталася шчодрым як ніколі, адзначыўшы ўзнагародамі ажно дзесяць калектываў з чатырнаццаці. І было за што!

Калі чатыры гады таму пераважалі ансамблі, складзеныя з выкладчыкаў дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, дык цяпер вялізны крок наперад зрабілі хары, найперш - маладзёжныя. Вельмі ўразіла народная харавая капэла БНТУ (ІІ прэмія), Маладзёжны камерны хор "Giocoso" Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (ІІІ прэмія). А як пашырыўся рэпертуар! Некаторыя калектывы звярталіся выключна да беларускай музыкі- ад старадаўняй да найноўшай: Войцэха Длугарая, Уладзіміра Дамарацкага, Леаніда Захлеўнага, Мікалая Літвіна, Сяргея Бугасава, Аляксандра Літвіноўскага, Вольгі Вараб'ёвай. Гучалі духоўныя творы, класіка, уключаючы К.-В. Глюка, сучасныя амерыканскія, еўрапейскія кампазіцыі. І ўсё гэта - у дадатак да народных апрацовак, песень ды абавязковых на гэтым фестывалі твораў Э.Шчырага. Апошнія выконваліся не толькі ў арыгінале, але і ў самых розных апрацоўках (прыз за лепшую з іх атрымаў уладальнік І прэміі - хор "Мазаіка" з Магілёва пад кіраўніцтвам Жанеты Ялфімавай). Ды і само стаўленне да творчасці Э.Шчырага выйшла на новы этап: калі раней, здаралася, калектывы абмяжоўваліся літаральна дзвюма яго самымі папулярнымі песнямі, дык цяпер імкнуліся адшукаць актуальнасць і ў іншых кампазіцыях, узвысіўшы іх выканальніцкай неабыякавасцю.

 На агульным фоне сягнуць вышэй за іншых, пераадолеўшы межы "добрага" і "вельмі добрага" выканання, надзвычай цяжка. Жаночы камерны хор Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Ларысы Іконнікавай здолеў гэта зрабіць. Набраўшы 66,5 бала з 70-ці магчымых, ён абсалютна справядліва заваяваў Гран-пры. І атрымаў самыя гарачыя апладысменты за... найсучасную музыку, поўную санорных эфектаў. Дарэчы, гэта "Чараўніцтва" швецкага кампазітара А.Мэлнаса тры гады таму было рэкамендавана Міністэрствам адукацыі Беларусі для развучвання ў 8-х - 9-х класах. Але раптоўна школьная праграма змянілася: харавыя заняткі ў старэйшых класах былі скасаваны. Затое твор сталі выконваць найбольш прасунутыя аматарскія маладзёжныя калектывы, пачынаючы з хору "Брэвіс" Мінскага каледжа мастацтваў.

Ды і сам фестываль даў багата падстаў для аналізу цяперашняга стану аматарскіх харавых спеваў. І для радасці, што гэтае мастацтва пачынае адраджацца, дзякуючы апантанасці маладых хормайстраў - выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, шырокай асветніцкай дзейнасці дадзеных навучальных устаноў, арганізацыйнай энергіі іх выкладчыкаў, накіраванай на правядзенне харавых святаў, майстар-класаў, форумаў, семінараў. А таксама, як паказвае прыклад Палаца культуры БелАЗа, - зацікаўленасці і падтрымкі з боку буйных прадпрыемстваў- у ролі сапраўдных мецэнатаў, дасведчаных і шчодрых.

На здымку: жаночы камерны хор Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"