Вузел, завязаны акурат пасярэдзіне

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Па галоўнай восі жывапіснай канструкцыі

/i/content/pi/cult/319/5658/7-4.jpg

 Апошнія тры дзесяцігоддзі паняцце "віцебская школа акварэлі" асацыіруецца перш за ўсё з акварэльным жывапісам Фелікса Гумена, дакладна арыентаванага на арыгінальную пластычную сістэму, якая з часам знайшла ў творах яго шматлікіх вучняў ды паслядоўнікаў моц і аўтарытэт сучаснага класічнага канону.

Фелікс Гумен, які днямі адзначыў сваё 70-годдзе выстаўкай у Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна, - з'ява ўнікальная. Ён выклікае да сябе інтарэс і ў асяроддзі ўласна акварэлістаў краіны, і між графікаў, жывапісцаў, і ў маладога пакалення мастакоў, якія рашуча адмаўляюцца ад стандартна-традыцыйнага шляху. Такая адзінадушнасць тлумачыцца выключным талентам Гумена, своеасаблівасцю спасціжэння законаў пластыкі і патрэбай гаварыць мовай мастацтва нашага часу.

Не адчуваючы асаблівага піетэту перад класікамі, Гумен смела і свабодна ішоў да выяўлення тых унутраных рытмаў жыцця, якія былі ўласцівыя яму ад прыроды. Менавіта патрэба выйсці яшчэ ў 60 - 70-я гады з кола звычнага жывапіснага мыслення, знайсці свой шлях да выяўлення сучаснай гармоніі свету штурхала яго на пошукі абвостранай формы, мовы, новай "карціннай" прасторавай кампазіцыі, у якой штодзённыя рэчы і пейзажныя матывы гарадоў і вёсак артыстычна пераўтвараліся ў сімвалы часу.

Кожны дзень, вось ужо шмат гадоў, Фелікс Фёдаравіч прысвячае свае творы цудоўнасці жыцця і побыту, каб паведаміць нам "норавы і характары" таго, што мы звычайна не заўважаем. І што цікава, прынцыпу "па частцы - цэлае" Гумен аддае перавагу іншаму, процілегламу,- цэламу як такому. Завершаны ў сабе свет акварэльных карцін мастака- апора надзейнасці, трываласці, дзе прывольна і дрэвам, і травам, і нябёсам, дзе ўтульна жывецца і кветкам, і садавінам, і прадметам хатняга побыту. Погляд наш не спатыкаецца тут на кожным кроку аб вострыя вуглы запазычаных ці спісаных з /i/content/pi/cult/319/5658/7-3.jpgрэпрадукцый форм, не блукае ў стракатасці і ў нагрувашчванні прадметаў і рэчаў. Які ні складаны, які ні адвольны часам лінейны і колеравы рытм, галоўныя восі жывапіснай канструкцыі твораў Гумена сцягнуты ў сэнсавы, кампазіцыйны вузел, завязаны акурат пасярэдзіне. Гэта мікрасвет мастака, дзе немагчыма "праверыць алгебрай гармонію". Увесь сакрэт гуменаўскіх "штудый" заключаецца ў тым, наколькі надзвычайна, часам да наіўнага элементарная схема канструкцыі, настолькі ж неэлементарны змест вобраза, настолькі і адчувальны багаты рытмічны і колеравы пачатак.

Нярэдка бывае адразу бачна, што ў карціне Гумена - ад "выдуманага", што - ад "падгледжанага". У яго сцертая мяжа паміж вымыслам і назіраннем. Застаецца толькі прыкладна меркаваць, ці прыдумляў ён канфігурацыі рытмаў, ці прыводзіў іх у адпаведнасць з абагульняльнай думкай, якая ўзнікла apriori - ад ідэалу, ад жаданага, альбо a posteriori - ад вопыту, назірання. Або адбылося неймавернае, немагчымае - і прырода за ўчэпістасць позірку паднесла Гумену падарунак - "арганізаваную" плоскасць і глыбіню, "гатовыя" згоды рытмаў, плям і колеравыя тэмы з варыяцыямі? Ці адбіліся, выявіліся інтуітыўная кампазіцыйнасць, здольнасць бачыць гармонію ў пабудове прыроды і рэчаў?

Гэта - таямніца аўтара. Урэшце, усё сапраўднае мастацтва - таямніца. Тут для нас важны вынік - арганічнасць твора, дзе прыём не аголены, "зробленасць" адыходзіць углыб, і захоплівае толькі адкрытая эмацыянальнасць, пачуцці мастака і жыццё, што цячэ ў гэтых, на першы погляд, маленькіх, але такіх значных сусветах, дзе мы жывём...  

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"