Шпацыр па гарызонце

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Юбілейная выстаўка ў Палацы мастацтва Міхаіла Сенькіна — гэта запрашэнне да вандроўкі ў мінулае і ў сучаснасць, да новых гарызонтаў, да дзеяння, якое абнаўляе свядомасць і задае новыя жыццёвыя рытмы.

/i/content/pi/cult/319/5657/7-5.jpg

Цяжка вылучыць з прадстаўленага шэрагу работ ключавы твор, нельга сказаць, які з іх настойліва вядзе за сабой, бо ў кантэксце экспазіцыі дамінуе авангард. Лёгка заўважыць, што ўся творчасць мастака падзяляецца на два ярка вызначаныя этапы не толькі паводле тэматыкі, але і паводле стылістыкі.

 Работы Міхаіла Сенькіна 1980-х- 1990-х вылучае кідкасць колеру, экспрэсія і дынамізм. Створаныя на аснове жывых уражанняў, гэтыя карціны складаюць своеасаблівы цыкл, аб'яднаны агульным эмацыйным і духоўным зместам. Непасрэдныя і натхнёныя, яны нагадваюць імправізацыю ў мажоры. Уяўная дысгармонія - усяго толькі нявольны ўспамін пра тое, як вясёлыя і шумныя "Камедыянты" дэманструюць сваю "Буфанаду". Вось штукарская, гарэзная кавалькада ў вычварных масках выкочваецца ў прастору гарадской плошчы і- прадстаўленне пачынаецца! Граюць музыкі, і дзяўчынка-цыркачка танчыць пад гукі старадаўняй музыкі... Свята прысутнічае ва ўсім: развяваюцца стужкі, круцяцца папяровыя ліхтарыкі, звіняць бразготкі, і ў хаосе гарэзнага балагана міф і рэальнасць існуюць непадзельна. Вычварнасць выдумкі, іронія і прастадушная хітрасць у творах мастака выклікаюць у нас шэраг асацыяцый культурна-гістарычнага парадку./i/content/pi/cult/319/5657/7-2.jpg

Лёгка заўважыць, што 2000-ы адкрывае новую старонку ў творчасці М.Сенькіна. Творы апошніх гадоў сабраны пад агульнай назвай "Шпацыр па гарызонце". Гэта досыць смелая творчая канцэпцыя мастака, у аснове якой - імкненне даць уяўленне аб прыродзе рэчаў і вобразаў, якія раскрываюць змест "ікс"-рэальнасці. Ёсць нешта ў тым, як творца ажыўляе невядомае нам асяроддзе, як расстаўляе акцэнты святла і колеру і прымушае праяўляць і форму, і прастору, дзякуючы чаму іхні дыялог трансфармуецца ў выразную рэальнасць. Разам з мастаком мы раптам адкрываем для сябе жаданае "цудоўнае далёка". Нібы рукою дзяцінства, памяць малюе "Сінія цені" і стварае для нас "Парад планет". У сузіранні гэтага свята ахопліваюць даўно знаёмыя адчуванні, калі вечна жывая, пругкая сіла неба ўносіць нашае ўсведамленне ўслед за мірыядамі зорак. Гарыць над галавою "Паўднёвы крыж", і такі блізкі "Адваротны бок гарызонту". Паступова праходзіць "Зацьменне сонца", і "Ра" асвятляе "След слімака". Чуйны пульс гарызонту вабіць нас, і мы смела рушым услед за мастаком, каб паглядзець, што ж там, за гэтай далёкай рысай.

Гэты дзіўны сплаў работ апошніх гадоў з асаблівай яркасцю прадстаўляе нам усё экзатычнае дрэва мастацтва Міхаіла Сенькіна, кардынальна адрознае ад яго больш ранніх твораў. Ён прымушае задумацца аб свеце, які не заўсёды паддаецца тлумачэнню.

Людміла ЛАДЗЯНАЯ