Нацюрморт “на міру”

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

20 красавіка ў сталічным Палацы мастацтва адбылося адкрыццё рэспубліканскай выстаўкі “Беларускі нацюрморт (1960 — 2011, агляд за паўстагоддзе)”.

/i/content/pi/cult/319/5656/7-1.jpg

Гэты жанр быў адным з найпрывабных і ў эпоху Адраджэння, і ў больш познія часы. Аднак свету нацюрморт паказаў свае новыя бліскучыя грані на пачатку ХХ ст., а ў Беларусі - у другой яго палове, пра што яскрава расказвае сённяшняя экспазіцыя нацюрморта ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Цяпер жа, у Палацы мастацтва, прадстаўлены нацюрморты, аўтарамі якіх з'яўляюцца нашы таленавітыя творцы: ад В.Цвіркі, А.Малішэўскага, Г.Вашчанкі, В.Жоўтак, Я.Радзялоўскай да М.Селешчука, Г.Скрыпнічэнкі, С.Катковай; ад А.Паслядовіч, Р.Кудрэвіч, Б.Аракчэева да У.Савіча, В.Клімушкі, Ю.Якавенкі, Э.Рымаровіча...

Словам, наведвальніку ёсць што паглядзець і атрымаць вялікую асалоду ад хараства гэтага жанру, бо ў ім, у нацюрморце, ёсць жывая, трапяткая душа яго стваральнікаў, не абмежаваная ніякімі акадэмічнымі схемамі і тэматычнымі шчамлёткамі. Сёння беларускі нацюрморт - не "мёртвая натура", не "ціхае жыццё", а ў поўным сэнсе - карціна пра нашу рэчаіснасць, пра тое, як і чым мы жывём на гэтым белым свеце, што нас радуе, хвалюе, прыцягвае ў прыродзе, дома, "на міру"...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"