Дубляж ці субцітры?, або На мове (у) кіно

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Менавіта на мову мастацкага кіно, лексічны запас яго персанажаў арыентуецца не толькі моладзь, але і астатнія катэгорыі гледачоў. У якасці невялічкага прыкладу дастаткова згадаць мексіканскія і бразільскія “мыльныя оперы”, пасля прагляду якіх жыхары буйных гарадоў пачалі выпраўляцца на “фазэнды” — іншаземны экзатызм азначэння лецішча амаль імгненна стаў нормай. Публіка заўсёды, няхай падсвядома, пераймае рысы герояў стужак, і мову — у першую чаргу. Дарма казаць, што канкурыраваць на экране з рускай мовай беларускай вельмі складана: у параўнанні з моцнай моўнай плыняй на постсавецкай прасторы беларускі “струменьчык” пакуль выглядае досыць сціпла. Што замінае зрабіць наш экран больш беларускім, вырашыў даведацца карэспандэнт “К”.

/i/content/pi/cult/319/5653/5-1.jpg

 30 гадзін на месяц

За апошнія дзесяцігоддзі ў нашай дзяржаве шмат зроблена для папулярызацыі і пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы.

Большасць стужак мы глядзім з дапамогай тэлебачання, таму моўная сітуацыя на тэлеканалах патрабуе больш пільнай увагі. Пакуль беларуская мова прысутнічае толькі ў стужках, якія дэманструюць каналы Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі краіны. Збольшага гэта - дакументалістыка, у тым ліку замежная. Што да ігравога кіно, у тым ліку серыялаў, то ў іх беларускі дубляж з'яўляецца бадай выключэннем.

- Айчыннае тэлебачанне толькі вітае стужкі на беларускай мове і па магчымасці робіць усё, каб іх з'яўлялася больш, - кажа Ларыса Малахава, дырэктар Дырэкцыі ліцэнзійных праграм і кінапаказу НДТРК. - Іншая справа, што існуе шэраг акалічнасцей, якія не дазваляюць нам адразу павялічыць колькасць беларускамоўнага прадукту. Прычыны найперш - эканамічныя. Права на паказ само па сабе каштуе значных грошай, а дадатковыя выдаткі на пераклад і дубляж, зразумела, не самыя танныя...

Частка замежных стужак і перадач, якія купляюцца нашым тэлебачаннем у Расіі, ужо агучана на рускай мове. Тыя, што трапляюць з іншых замежных рынкаў кінаі тэлевізійнай прадукцыі, агучваюцца самастойна, але тут існуе адзін юрыдычны нюанс. Пэўная частка з іх прадаецца з абавязковай умовай перакладу адно на рускую мову. Таму, пры ўсім жаданні, іх нельга агучыць на беларускай. Тым не менш, кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі ў асобных выпадках спрабуе выправіць становішча. Так, для краязнаўчай перадачы "Атлас "Дыскаверы". Японія" замежныя праваўладальнікі зрабілі беларусам выключэнне.

Да таго ж, падрыхтаваць фільм або праграму да эфіру не так проста: гэта патрабуе не толькі сродкаў, але таксама і часу на якасны пераклад, адаптацыю, падбор акцёраў. Для таго, каб акцёрам "патрапіць" у артыкуляцыю сваіх персанажаў, таксама патрэбен пэўны час. Усё гэта робіць дубляж мастацкай стужкі куды больш складаным працэсам, чым дакументальнай карціны. У апошнім выпадку, часцей за ўсё, выкарыстоўваецца дыктарскі закадравы тэкст, што робіць задачу значна прасцейшай.

Замежныя праваўладальнікі наогул вельмі ўважліва адсочваюць "іншамоўны" лёс сваіх твораў. Так, буйныя галівудскія кампаніі-"мэйджары" непасрэдна ўплываюць на працэс адаптацыі ўласных стужак, у тым ліку пільна сочаць за тым, каб галасы тых, хто агучвае персанажаў, пасавалі вобразам акцёраў. У Белтэлерадыёкампаніі ганарацца тым, як працуюць з замежнымі карцінамі. Адным з апошніх станоўчых прыкладаў Ларыса Малахава лічыць агучванне на рускай мове шостага сезона знакамітага серыяла "Доктар Хаус". Што да беларускай, то тут трэба згадаць вельмі ўдалую адаптацыю стужкі "Катынь" польскага класіка Анджэя Вайды. Карціну рыхтавалі загадзя, але так атрымалася, што яе паказалі крыху раней у сувязі з трагічнымі падзеямі катастрофы пад Смаленскам у красавіку 2010-га.

- Праект па агучванні вайдаўскай "Катыні" на беларускую мову - хутчэй, выключэнне, бо не меў на мэце атрымання нейкага прыбытку, - кажа Ларыса Малахава. - Такія праекты звычайна з'яўляюцца іміджавымі, фактычна, яны - разавыя. Іх робяць для таго, каб прыц я г нуць увагу аўдыторыі да тэлеканала. Але эканамічна яны, на жаль, немэтазгодныя. Да таго ж, колькасць акцёрскіх "галасоў", якія працуюць над агучваннем у Беларусі, вельмі абмежаваная. Нікому не хочацца, каб са стужкі ў стужку "вандравалі" адны і тыя ж галасы. Наогул, вопытныя спецыялісты ў гэтай справе - на вагу золата. Згадайма тых жа гукарэжысёраў: у кожнага з іх - свая манера працы, таму для лепшага выніку ўсю работу з пэўным фільмам павінен выконваць адзін і той жа спецыяліст. Праз адсутнасць вялікай колькасці прафесіяналаў магчымасці Белтэлерадыёкампаніі ў гэтым кірунку - абмежаваныя. Калі карыстацца статыстыкай, дык атрымаеш наступнае: на дадзены момант у Беларусі можна якасна агучваць каля 30 гадзін мастацкага кіно на замежнай мове ў месяц.

Праблемай з'яўляецца і тое, што ў краіне практычна не здымаюць мастацкае кіно на беларускай мове. Сапраўды, калі сама Нацыянальная кінастудыя рэдка карыстаецца роднай мовай нашых продкаў, якія прэтэнзіі могуць быць да кінапаказу на тэлебачанні?..

 

Мову выбірае сцэнарыст

Дзякаваць богу, "Беларусьфільм" цягам ужо некалькіх гадоў функцыянуе ў някепскім працоўным рэжыме: выпускае мінімум дзесяць адзінак мастацкага ігравога кіно ў сезон. Аднак на беларускай мове за апошні час было знята толькі некалькі стужак: " Н я б а ч а н ы край" Віктара Аслюка па апавяданн і Мі х а с я З а рэцкага і "Масакра" Андрэя Кудзіненкі. Прынамсі, у апошняй па-беларуску размаўляе толькі частка персанажаў, як і ў чатырохсерыйнай карціне "Талаш" рэжысёра Сяргея Шульгі, якая ў дадзены момант дапрацоўваецца. Але ці можна лічыць шматмоўны варыянт удалым з пункта гледжання пашырэння прасторы выкарыстання роднай мовы?

- "Беларусьфільм" здымае карціны на той мове, на якой напісаны сцэнарый, - расказала карэспандэнту "К" выконваючая абавязкі галоўнага рэдактара кінастудыі Кацярына Панамарова. - А сцэнарыі, якія да нас дасылаюць, амаль выключна на рускай мове. Зразумела, іх аўтары разлічваюць, у тым ліку, на тое, што рускамоўныя стужкі будуць лягчэй прадавацца на велізарным постсавецкім рынку...

 Пагадзімся, мова, на якой знятая карціна, - важны момант. Але ў такім выпадку для дасягнення лепшага эканамічнага выніку "Беларусьфільму" трэба рыхтавацца да здымак на англійскай, нямецкай, французскай, ды іншых замежных мовах. Да таго ж, улічваючы і тое, што нацыянальная адметнасць мастацкага кінатвора складаецца не толькі з мовы, але і з шэрагу іншых, не менш важных, складнікаў: стылістыкі, манеры акцёрскай ігры і г.д.

Аднак Кацярына Панамарова ўпэўнена ў тым, што беларуская мова можа быць мовай нацыянальнага кіно:

- Беларуская мова мусіць быць запатрабавана пры здымках стужак аб падзеях гісторыі, нацыянальных героях нашага народа. Пакуль дакладна не вядома, ці будзе прадугледжваць статус нацыянальнага фільма абавязковае выкарыстанне беларускай мовы, але можна меркаваць, што ў дадзеным выпадку гэта будзе натуральна.

- Без беларускай мовы стужкі на нацыянальна-гістарычную тэматыку абысціся не могуць, - упэўнены і вядучы рэдактар дакументальнага кіно Нацыянальнай студыі Уладзімір Мароз. - Ну, на якой мове, апрача беларускай, можна здымаць карціны пра пісьменнікаў, акцёраў тэатра, мастакоў? Аднак сцэнарыі мы на студыі "Летапіс" таксама не перакладаем, - яны ідуць у справу на мове арыгінала. У мінулым годзе з 19 выпушчаных намі фільмаў 10 - гэта значыць, больш за 50% - былі беларускамоўныя, што лічу вельмі добрым паказчыкам.

 

Выратавальныя субцітры?

Як паведаміла "К" кіраўніцтва адной з буйных сетак крам з відэа-, аўдыядыскамі, запыты пакупнікоў на беларускамоўны тавар існуюць. Але калі гандляваць беларускамоўнай музыкай становіцца справай прыбытковай, то малая колькасць назваў беларускамоўных DVD і невялікія тыражы практычна не даюць магчымасці для рэнтабельнай працы. Прадукцыя "Беларусьфільма" апошнім часам актыўна тыражуецца на дысках, але гэта рускамоўныя стужкі. Апошні раз, калі Нацыянальная студыя выпускала ў рознічны гандаль дубліраваную беларускую версію карціны, адбыўся амаль восем гадоў таму: тады яшчэ відэакасеты з "Анастасіяй Слуцкай" выйшлі абмежаваным тыражом і з'яўляюцца сёння сапраўдным рарытэтам.

Яшчэ з ленінградскіх часоў існавання "Белдзяржкіно" нашы стужкі, па традыцыі, здымаліся на рускай. Між тым, да пачатку 90-х гадоў была шырока распаўсюджана практыка стварэння беларускамоўных варыянтаў твораў "Беларусьфільма. У пэўным сэнсе, гэтыя версіі былі сапраўднымі шэдэўрамі рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства. Дастаткова ўзгадаць, з якім імпэтам працавалі над агучваннем нашы купалаўцы, прамаўляючы тэкст за вядомых маскоўскіх і ленінградскіх акцёраў. Але на сённяшні дзень кінапракат краіны не ставіць перад "Беларусьфільмам" задачу стварэння беларускамоўных версій: колькасць кінакопій айчынных стужак - зусім невялікая, і выпускаць два варыянты будзе, зноў-такі, эканамічна немэтазгодна. З апошняй прычыны таксама няма сэнсу ў самастойным друку кінакопій. Хоць гэта і можа даць пэўны заробак адпаведным спецыялістам, але на даходах пракатчыкаў і дыстрыб'ютараў, а таксама коштах на білеты адаб'ецца не лепшым чынам.

Пэўным выйсцем для тых, хто хоча глядзець апошнія сусветныя прэм'еры на беларускай мове, можа стаць стварэнне адпаведных субцітраў. Такі спосаб перакладу шырока ўжываецца ў еўрапейскіх краінах, найперш - на тэлебачанні, што таксама садзейнічае больш простаму засваенню замежных моў. Ліцэнзійныя DVD прадастаўляюць магчымасць выбару субцітраў больш чым на дзясятку еўрапейскіх моў, у тым ліку ўкраінскай. Але для Беларусі такі шлях пакуль - экзотыка.

- Айчынны глядач не прывык да карцін з субцітрамі, - кажа Ларыса Малахава. - Хоць для тэлеканалаў падобны спосаб адаптацыі будзе больш зручным і не запатрабуе шмат выдаткаў. Але цяпер у глядацкім успрыманні існуе пэўная інерцыя: усе прызвычаіліся да агучвання іншаземных стужак. Аб фільмах з субцітрамі нас пакуль просяць толькі прадстаўнікі Таварыства інвалідаў па слыху, але тут справа, зразумела, не ў канкрэтнай мове...

Справу з паказамі карцін, субцітраваных на беларускую, можа зрушыць з мёртвай кропкі асобная рубрыка на адным з тэлеканалаў, якая будзе паступова "прывучваць" айчыннага гледача да такой формы адаптацыі. Прынамсі, сапраўдныя кінаманы стараюцца глядзець замежныя стужкі менавіта з субцітрамі. Добра, паўтаруся, калі апошнія будуць на беларускай мове. А яшчэ лепш, калі родным словам будуць пісацца годныя сцэнарыі. Заўважым: калі творцам ёсць што сказаць, беларуская мова становіцца запатрабаванай і вельмі добра ўспрымаецца гледачом у самых розных краінах. Яскравым сведчаннем гэтага служаць два выпадкі. Спецыяльна для здымак у "Масакры" расійская "зорка" Дзмітрый Мілер вывучыў сваю ролю на беларускай, а расіянка Святлана Іванова пры працы над вобразам сваёй гераіні ў стужцы "Франц + Паліна" па сцэнарыі Алеся Адамовіча за два тыдні авалодала ці не "купалаўскім" вымаўленнем. Спадзяёмся, беларускія кінематаграфісты будуць натхняцца менавіта такімі прыкладамі.

Антон СІДАРЭНКА