Трактат, альбом і перапіска

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Праз некалькі гадоў у сталіцы мае паўстаць Музейны квартал на базе Нацыянальнага мастацкага музея.

 

 Як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры краіны, стварэнне Музейнага квартала, канцэпцыя ўзвядзення якога адобрана кіраўніцтвам краіны, будзе рэалізавана ў два этапы. На першым з іх адбудзецца праектаванне, а на другім- будаўніцтва, рэстаўрацыя і прыстасаванне існуючых будынкаў пад музейныя памяшканні. У прыватнасці, на першым этапе цягам 2011- 2015 гг. прадугледжана праектаванне дэпазітарыя і рэстаўрацыйнага цэнтра па вуліцы Кірава, 25, злучаных з будынкамі па вуліцах Кірава, 25 і Леніна, 20, Леніна, 22 з прыбудовай да галоўнага корпуса з комплексам дапаможных памяшканняў.

 Новыя праекты чакаюцца ў Мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць - герой". З нагоды чарговай гадавіны ўвядзення Цытадэлі ў лік дзеючых крэпасцей I класа Расійскай імперыі адбудзецца адкрыццё выстаўкі "Брэст-Літоўская крэпасць. Фотаздымкі 1905 - 1918 гг.". Як адзначыў загадчык філіяла "Музей "Пяты форт" Аляксандр Карататзэ, у межах праекта прадэманструюць каля 40 малавядомых чарцяжоў, здымкаў крэпасці пачатку ХХ ст. - з фондаў комплексу, а таксама прадстаўленыя калекцыянерамі.

 Не менш значнай сёлетняй культурнай падзеяй стане і экспанаванне ў межах традыцыйнай выстаўкі "Экспануецца ўпершыню. З паступленняў 2010 года ў збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь", якая адкрыецца напярэдадні Сусветнага дня музеяў, выдання 1730 г. трактата "Вялікае мастацтва артылерыі" беларускага вучонага Казіміра Семяновіча. Унікальнае выданне, па якім у свой час вучыліся Ньютан, Пётр I і нават Напалеон, у нашай краіне дагэтуль не было прадстаўлена.

 Цікавы праект чакаецца і ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. У рамках праекта "Наш музей - Максімаў дом" плануецца прадставіць сем тэматычных выставак, якія будуць экспанавацца цягам аднаго тыдня кожная. Гасцям пакажуць самыя цікавыя з неапублікаваных і раней неэкспанаваных матэрыялаў з фондаў, сабраных супрацоўнікамі музея. У гэтым месяцы кожны зможа пазнаёміцца з альбомам сям'і Багдановічаў, а таксама перапіскай бацькоў паэта.