Нацыянальная тэатральная прэмія: вынікі “першага сіта”

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

На мінулым тыдні сталі вядомыя тыя тэатры-“фіналісты”, якія прайшлі на апошні этап Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Адборачная камісія з прадстаўнікоў Міністэрства культуры ў асобах першага намесніка міністра Уладзіміра Карачэўскага і галоўнага спецыяліста ўпраўлення мастацтваў Вікторыі Куксянковай, а таксама дзеячаў тэатральнага мастацтва ў складзе Валерыя Анісенкі, Тамары Гаробчанка, Аляксея Дударава, Сяргея Кавальчыка, Вячаслава Кузняцова, Аляксандра Марчанкі, Алы Палухінай, Мікалая Пінігіна, Валерыя Рачкоўскага, Рычарда Смольскага і Уладзіміра Ушакова вылучыла наступныя спектаклі:

 

 "Набука" Дж.Вердзі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь; "Не мой" паводле А.Адамовіча Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы; "Квартэт" Р.Харвуда Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа; "Сонечка" паводле Ф.Дастаеўскага Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі; "Эсфір" Л.Уліцкай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага; "Аршын мал алан" У.Гаджыбекава Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра; "Драй швестэрн" паводле А.Чэхава Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек; "Сабака на сене" Л.Дэ Вега Драматычнага тэатра Беларускай Арміі; "Магічнае люстра пана Твардоўскага" С.Кавалёва Гродзенскага абласнога тэатра лялек; "Хросная маці" М.Горкага Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.

 Менавіта яны выйдуць на фінішную прамую ўжо праз месяц. З 30 мая па 4 чэрвеня на сцэнах сталічных тэатраў пройдзе своеасаблівы тэатральны тыдзень, пад час якога ацаніць названыя спектаклі і выставіць ім свае прафесійныя адзнакі будуць закліканы тэатралы ўсёй краіны. Беручы на ўзбраенне амерыканскую мадэль правядзення цырымоніі "Оскар", без малога дзве сотні айчынных тэатральных "акадэмікаў" атрымаюць персанальныя бюлетэні, якія запоўняць па выніках конкурснага прагляду і такім чынам вырашаць лёс Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Па каментарыі вынікаў работы адборачнай камісіі мы звярнуліся да яе старшыні, першага намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра КАРАЧЭЎСКАГА.

- У час працы адборачнай камісіі ў нас не было вялікіх рознагалоссяў. Кожны з членаў закрытым чынам галасаваў за спектаклі, якія, на яго думку, вартыя ўдзелу ў спаборніцтве за Нацыянальную тэатральную прэмію. І названыя дзесяць пастановак - гэта тыя, што ў выніку атрымалі большасць галасоў. Наступны этап- работа журы, арганізаванага ў нас, як вы ведаеце, па прынцыпе акадэміі. Яно, складзенае з прадстаўнікоў усіх беларускіх тэатраў, будзе праглядаць спектаклі, а па выніках тыдня вынесе сваё меркаванне і- таксама закрытым чынам - вырашыць лёс Нацыянальных тэатральных прэмій. Цяпер мы распрацоўваем форму дакумента-бюлетэня, які будзе раздадзены для галасавання кожнаму з членаў журы. Ну, а падліковая камісія прааналізуе іх і агучыць у фінале тэатральнага тыдня яго вынікі. Думаецца, што гэта будзе аб'ектыўнае галасаванне.

- Уладзімір Міхайлавіч, вы праглядалі спектаклі на DVD-дысках. Наколькі такая форма работы дазваляла скласці паўнавартаснае ўражанне пра тую або іншую пастаноўку? Ці задавальняла якасць відэа?

- Не, не задавальняла. І мушу сказаць, што на сённяшні дзень у нас гэтая сістэма яшчэ не працуе належным чынам. Пэўна, тэатры былі не гатовы да таго, што для ўдзелу ў Нацыянальнай тэатральнай прэміі неабходна прадстаўляць матэрыялы належнай якасці. Хаця, думаю, дырэктарам труп сёння проста неабходна ствараць архіў запісаў сваіх спектакляў, фіксаваць усе прэм'ерныя паказы: не толькі для ўдзелу ў прэміі, але і для таго, каб зробленае - заставалася.

І яшчэ. Як выявілася, далёка не ўсе калектывы аказаліся гатовымі да ўдзелу ў конкурсе за Нацыянальную тэатральную прэмію. Пададзена было ўсяго толькі 27 заявак, з якіх адна не адпавядала ўмовам, бо вылучала спектакль 2008 года, хаця Палажэннем дакладна абазначаны тэрміны прэм'еры: 2009-ты - 2010-ты. Безумоўна, у некаторых тэатраў былі аб'ектыўныя прычыны, такія, як рэканструкцыя, змена мастацкага кіраўніцтва. Але ёсць і тыя, хто проста... не выказаў вялікага энтузіязму.

- А можа, з іх боку якраз больш разумна і шчыра было прызнаць, што ў іх няма спектакляў, вартых ацэнкі на нацыянальным узроўні, чым вылучаць пастаноўкі, заведама слабыя па сваіх мастацкіх якасцях, як тое зрабілі іншыя калектывы?

- Нацыянальная тэатральная прэмія- гэта ж не толькі ўласна спаборніцтва, але яшчэ і магчымасць убачыць, што сёння адбываецца ў нашым тэатры, задумацца над тым, зразумець, дзе і якія намаганні неабходна прыкласці. І пра гэта таксама казалі члены нашай адборачнай камісіі, адзначаючы вельмі няпростую сітуацыю ў тэатральным мастацтве краіны.

 - Ці значыць гэта, што можа скласціся сітуацыя, пры якой не знойдзецца кандыдата для намінацыі "Лепшы спектакль"?

- Не, такога не будзе. У нас ёсць пастаноўкі, вартыя дадзенай намінацыі.

- Тады іншае пытанне: як параўноўваць оперны спектакль, лялечны і драматычны?

 - Мы пастараемся знайсці рашэнне для гэтай няпростай сітуацыі. Але, з іншага боку, трэба ўлічваць і такія абставіны, як, прыкладам, наяўнасць у нашай краіне толькі аднаго тэатра оперы і балета, і г. д. У нас ужо ёсць пэўныя думкі, як гэтую акалічнасць улічыць, але я пакуль што не гатовы агучыць канкрэтныя рашэнні.

- Згодна з Палажэннем аб правядзенні конкурсу, адборачная камісія мусіла вызначыць не толькі спектаклілідары, як тое было зроблена, але і тыя канкрэтныя намінацыі, у якіх кожная з пастановак будзе спаборнічаць...

- Хачу сказаць адкрыта, што шэраг спектакляў, пададзеных на атрыманне прэміі, не ўтрымліваў у суправаджальных дакументах канкрэтных намінацый, у якіх тэатр вылучае свой твор, хаця тое і патрабавалася. Таму мы вырашылі даць магчымасць нашаму журы вызначыць тыя пазіцыі, дзе гэтыя спектаклі маглі б выстаўляцца. І чым больш будзе думак, спрэчак, меркаванняў, тым, на маю думку, лепш. Хочацца, каб інтрыга адносна таго, хто ж атрымае галоўныя прэміі, засталася да самага фіналу.

- Наконт інтрыг. На вашу думку, ці не ўзнікне пасля абвяшчэння спісу спектакляў-фіналістаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі сітуацыя, пры якой калектывы, што не трапілі ў гэты шорт-ліст, страцяць цікавасць да конкурсу і папросту праігнаруюць фінальныя мерапрыемствы: маўляў, навошта дзяліць тое, што заведама атрымаюць іншыя?..

- Я перакананы: такога не будзе. Больш за тое, мне падаецца, што, наадварот, гэта стане нагодай задумацца: чаму ж цябе так "недаацанілі"? Мяркую, спрацуе пэўная прафесійная гордасць і жаданне паглядзець, што ж адбываецца ў іншых тэатрах. Гэта - конкурс, у якім заўсёды бываюць пераможцы, а бываюць і тыя, каму нічога з узнагарод не дасталося. Але ж застаюцца ўражанні і досвед таго, чым займаюцца твае калегі побач.

- Ці будзеце запрашаць на фінальныя мерапрыемствы замежных тэатральных экспертаў з мэтай дэманстрацыі ім сучасных здабыткаў беларускага тэатра?

 - Пакуль не плануем. Хочам паглядзець, што ў нас атрымаецца, прааналізаваць зробленае, выправіць памылкі. А ўжо на наступны фестываль можна запрасіць і гасцей.

- І апошняе пытанне: што ўсё ж, акрамя ўзнагароды і матэрыяльнага дадатку да яе, дасць перамога ў Нацыянальнай тэатральнай прэміі тэатрам і асобным творцам?

 - У першую чаргу - статус. Думаю, кожнаму прыемна, калі на яго адрас гучыць: "Уладальнік Нацыянальнай тэатральнай прэміі". Таксама - магчымасць, калі будуць падавацца дакументы на наданне тых або іншых званняў, яшчэ раз падкрэсліваць, што людзі, якія працуюць у тэатры, вартыя гэтых званняў і дзяржаўных узнагарод. І, канешне ж, - Нацыянальная тэатральная прэмія дае магчымасць падняць уласную самаацэнку. А ўпэўнены ў сваіх сілах творца, адпаведна, упэўнена крочыць і ў мастацтве.